«Ваенны камунізм з ручным кіраваннем». Яраслаў Раманчук пакінуў Беларусь
Беларускі эканаміст Яраслаў Раманчук пакінуў краіну. Тыдзень таму сілавікі прыйшлі да яго з ператрусам. Зараз Раманчук пражывае ў Кіеве.
— Перш за ўсё хачу распытаць Вас пра абставіны вашага
ад'езду. У вас быў ператрус, вас затрымлівалі. Як Вам удалося выехаць з
Беларусі?
— Не, мяне не затрымлівалі. Ператрус быў, таму, каб не патрапіць у непрыемную сітуацыю, я вымушаны быў пераехаць у свабодную краіну, — цытуе Яраслава Раманчука «Настоящее Время».
— У сувязі з чым быў ператрус?
— Ніхто не ведае. Вось гэта асаблівасць Беларусі, што
ператрус можа быць з любой пазіцыі, а ў кантэксце заканадаўства аб
нацыянальнай і інфармацыйнай бяспецы, якое прымаецца, я парушаю такога роду становішча практычна
дзесяць разоў у дзень.
— Гэта значыць, да вас прыходзяць сілавікі, нешта шукаюць,
але пры гэтым не паведамляюць, што ў вас шукаюць?
— Так, не паведамляюць. У Беларусі гэта ўжо, на жаль, норма
паводзінаў улад.
— Як вы пакідалі Беларусь? Ці было гэта бесперашкодна?
— Паколькі я пакідаў усё праз Расію, то гэта адносна
бесперашкодна, але дарога працягвалася 48 гадзін.
— Аляксандр Лукашэнка сцвярджае, што заходнія санкцыі не
нанеслі шкоды беларускай эканоміцы, што ВУП за першыя паўгода толькі вырас. Вы
ж месяц таму прадракалі абвал беларускай эканомікі і страту да 15% ВУП у
выпадку сектаральных санкцый. Хто мае рацыю ў гэтым выпадку?
— Калі мы гаворым пра сектаральныя санкцыі, мы гаворым вось
так: нафтапрадукты, калійныя ўгнаенні, металы — той спіс, які цыркуляваў. І
гэтыя тавары з 1 ліпеня не ў стане будуць прадавацца ніяк. Тое, што было
прынята, на самой справе з'яўляецца лёгкім папярэджаннем, сектаральнымі яны
з'яўляюцца ўмоўна, санкцыі-рэшата. А паказчыкі, на якія спасылаецца Аляксандр
Лукашэнка, — гэта паказчыкі за першае паўгоддзе. За першае паўгоддзе сапраўды
яшчэ ёсць эканамічны рост. Я не ўпэўнены, што ён 3,3%, таму што ў нас
адмысловая метадалогія разліку індыкатараў, ацэнкі інфляцыі, таму ў мяне ёсць
падставы не давяраць гэтым паказчыкам.
Але з пункту гледжання таго ж экспарту санкцыі як бы [датычацца экспарту ў] Еўрапейскі саюз, а за пяць месяцаў экспарт Беларусі ў
Еўрасаюз павялічыўся больш чым у два разы. Вось усё, што трэба ведаць з нагоды
эфектыўнасці папярэдніх пакетаў санкцый, таму што новы пакет пачне дзейнічаць
толькі ў другой палове 2021 года.
Прамысловая вытворчасць — плюс 10, зноў-ткі, праз тое, што човен глабальнай эканомікі падымае ў тым ліку і беларускіх экспарцёраў. І
асновы беларускага экспарту сёння, як і пяць-дзесяць гадоў таму, складаюць усё
тыя ж сыравінныя рэсурсы, нафтапрадукты, калійныя ўгнаенні, хімічныя тавары,
аўтамабілі.
Але тут гэта не прыводзіць ні да паляпшэння занятасці, ні да
паляпшэння фінансавага становішча прадпрыемстваў і становішча банкаў. Таму гэта
такі валавы анабалічны рост, наступствы якога будуць вельмі сумнымі для нашай
краіны.
— Наступствы сектаральных санкцый. Я правільна разумею, што
[яны ўдараць па] Беларусі ўжо ў пачатку наступнага года?
— Я думаю, што, можа быць, нават раней — у залежнасці ад
таго, як будуць паводзіць сябе ўлады ў плане макраэканамічнага рэгулявання. У
першым паўгоддзі Нацыянальны банк правёў вельмі дысцыплінаваную жорсткую
грашовую палітыку, прыйшло павелічэнне грашовай масы, Мінфін гаварыў пра тое,
што «так, нам патрэбныя будуць новыя запазычанні», але з-за таго, што такі
бурны рост экспарту — экспарт тавараў за першыя пяць месяцаў павялічыўся на
35%, гэта ўнікальны для беларускай эканомікі паказчык у апошнія 10-15 гадоў.
Але, зноў-ткі, гэта ўсё за кошт тых тавараў, якія я назваў.
І ўзнавіць такую ж кан'юнктуру і такія ж паказчыкі ў другой палове будзе
немагчыма, таму, безумоўна, будзе пагаршэнне, будзе халодны душ на эканоміку. І
ўсе тыя анабалічныя крыніцы росту, якія былі задзейнічаны ў першай палове 2021
года, натуральна, выпарацца.
— Адна з апошніх эканамічных навін: з Беларусі забаранілі
вываз грэчкі і пшанічнай мукі. Прычыну Савет Міністраў Беларусі не ўдакладніў.
Як гэта можна растлумачыць?
— Сістэма кіравання для беларускай эканомікі — гэта такі
ваенны камунізм з ручным кіраваннем. У нас амаль 60% цэн на спажывецкія
тавары рэгулююцца ўручную, хоць адна справа — гаварыць, а іншая справа — рабіць.
Гэта эканамічная непісьменнасць, гэта спроба не дапусціць росту цэн унутры
краіны, таму што, паводле адчуванняў людзей — гэта даныя Нацыянальнага банка, — інфляцыйныя чаканні складаюць 22%. Гэта рэкорд.
І калі ўлады кажуць, што інфляцыя «ўсяго-та не
дацягвае да 10%», а людзі бачаць у крамах на тыя тавары, якія яны
купляюць, рост цэн да 80%, вось і ствараецца дадатковая крыніца недаверу да
ўлады і недаверу да тых крыніц інфармацыі, якія самі ўлады падтрымліваюць.
Адсюль вось такое рашэнне.
Зразумела, што грэчка не знікне, яна будзе даражэйшая, яна будзе запакаваная па-іншаму, але беларусы ў гэтым плане даўным-даўно навучыліся адаптавацца да вар'яцтваў ручнога рэгулявання цэн.