Улады Беларусі засакрэцілі звесткі аб ліміце эмісіі аблігацый Банка развіцця
Урад і Нацбанк Беларусі засакрэцілі ліміт эмісіі аблігацый, усталяваны для Банка развіцця, вынікае з сумеснай пастановы №447/9 ад 30 ліпеня 2021 года.
«Для службовага карыстання», — абвяшчае першы пункт пастановы з назвай «Аб аблігацыях адкрытага акцыянернага таварыства “Банк развіцця Рэспублікі Беларусь”», паведамляе АФН.
Літаральна напачатку чэрвеня ўлады павялічылі ліміт эмісіі аблігацый банка з 570 да 1665 млн. рублёў. Праз 2 месяцы ўлады, нескладана здагадацца, зноў павысілі ліміт, але на гэты раз засакрэцілі лічбу.
Схема з эмісіяй аблігацый Банка развіцця, піша АФН, па сваёй сутнасці з’яўляецца ўзаконенай дзяржавай фінансавай пірамідай, што ўласна і ёсць прычынай кантролю над аб’ёмам гэтых папер. За кошт прыцягнутых пад аблігацыі грашовых сродкаў Банк развіцця выдае не толькі дырэктыўныя крэдыты, але і фінансуе праекты ў рамках прынятых дзяржпраграм, даручэнняў і ўказаў Лукашэнкі, а таксама выдае экспартныя крэдыты.
Прычынай засакрэчвання згаданага пункта пастановы можа быць як рэзкае павышэнне ліміту, так і адмена максімальнага абмежавання як такога, што дазволіць фінансавай бурбалцы раздзьмуцца да неймаверных дагэтуль памераў, лічыць фінансавае агенцтва.