У Светлагорску замарожана стварэнне новай фабрыкі канцэрна VMG. Падобна, што з-за санкцый

Рэалізацыя праекта па ўзвядзенні ў Светлагорску новага — чацвёртага ў Беларусі — прадпрыемства літоўскага канцэрна VMG замарожана. У кампаніі пацвердзілі гэтую інфармацыю.

eurovesta_vmg.jpg


«Праект у цяперашні час прыпынены на нявызначаны тэрмін па прычыне знешніх фактараў», — так адказаў на пісьмовы запыт аб сітуацыі з фабрыкай дырэктар ТАА «ВМГ Індустры груп» Аляксей Якаўлеў.

Аб планах па будаўніцтве ў прамзоне Светлагорскага ЦКК новай фабрыкі па вытворчасці кардона тыпу «флютынг» (гафрыраванага пласта гафракардону) стала вядома ўвосень 2021 года — мясцовыя ўлады тады вынеслі праект на грамадскае абмеркаванне. На прадпрыемстве планавалі працаўладкаваць 751 чалавека і вырабляць 400 тысяч тон кардону ў год.

Ініцыятарам праекта стала міжнародная група VMG, заказчыкам выступала яе даччыная кампанія ў Беларусі — ТАА «ВМГ Індустры груп». Чакалася, што інвестыцыі ў будаўніцтва аб'екта складуць каля 600 млн еўра. Рашэнне аб старце рэалізацыі павінна было быць прынята ў студзені 2022 года, а запусціць фабрыку планавалася ў 2025-м.

Літоўскі канцэрн VMG — адзін з лідараў вытворчасці прадукцыі з драўніны ў краінах Балтыі і адзін з найбуйнейшых сусветных пастаўшчыкоў шведскай сеткі IKEA (у 2019 годзе быў самым буйным). Кампаніі VMG знаходзяцца ў асноўным у краінах ЕС, у першую чаргу ў Літве, штаб-кватэра — у Клайпедзе.

У Беларусі ў канцэрна маецца даччыная структура «ВМГ Індустры груп» і тры прадпрыемствы. ЗТАА «ВМГ Індустры» ў Магілёве, на тэрыторыі свабоднай эканамічнай зоны, з'яўляецца адной з найбуйнейшых дрэваапрацоўчых і мэблевых фабрык ва Усходняй Еўропе. У Барысаве знаходзіцца сучасны лесапільны завод SWOODS export, а ў Віцебску працуе «ВМГ ВудАрт», дзе вырабляюць дранку і драўняныя гранулы, піламатэрыял і мэблю з масіва.

Пасля ўварвання Расіі ва Украіну на Беларусь, як памагатую агрэсіі, былі накладзеныя санкцыі, якія забаранялі экспарт у краіны ЕС драўніны і прадукцыі дрэваапрацоўкі. Гатовая мэбля пад санкцыі не трапіла, аднак адным з ключавых яе пакупнікоў быў шведскі гігант IKEA, а ён яшчэ ў пачатку сакавіка па ўласнай ініцыятыве разарваў усё супрацоўніцтва з Расіяй і Беларуссю.

Пасля гэтага ў літоўскай VMG заявілі, што спыняюць вытворчасць на фабрыцы ў Магілёве. Аднак менш чым праз тыдзень у беларускай «ВМГ Індустры груп» паведамілі, што працягваюць працу і захоўваюць працоўныя месцы. Складанасці з лагістыкай і продажам прадукцыі з-за санкцый «не носяць крытычнага характару, група плануе дыверсіфікаваць пастаўкі», тады сказалі ў кампаніі. Пры гэтым работнікі фабрыкі ў Магілёве ў сакавіку паведамлялі, што вытворчасць практычна спыненая.