Wall Street Journal: У АПЕК думаюць выключыць Расію з пагаднення па нафце
Некаторыя чальцы АПЕК вывучаюць ідэю прыпынення ўдзелу Расіі ў пагадненні па здабычы нафты.
Расія не з'яўляецца чальцом АПЕК (Арганізацыя краін-экспарцёраў нафты), але з 2016 года яна каардынуе здабычу нафты з групай, якая ўваходзіць у кааліцыю АПЕК і АПЕК+, што кантралюе больш за палову сусветнай здабычы нафты. Гэта дае Маскве ўплыў на нафтавы рынак. Гэты пакт сярод чальцоў называецца Дэкларацыяй аб супрацоўніцтве, або DoC.
Як піша WSJ, санкцыі пачынаюць падрываць здольнасць Масквы здабываць больш нафты. Дэлегат АПЕК сказаў WSJ: «Мы ўсе пагадзіліся з тым, што тэхнічна Расія цяпер не можа эфектыўна ўдзельнічаць у DoC».
Дэлегаты АПЕК заявілі, што пачалі казаць пра выключэнне Расіі перш, чым ЕС пагадзіўся забараніць закупку расійскай нафты.
Вызваленне Расіі ад удзелу ў DoC можа патэнцыйна адкрыць шлях для Саудаўскай Аравіі, ААЭ і іншых вытворцаў у АПЕК, каб здабываць значна больш нафты, паколькі ўварванне РФ ва Украіну падняло цэны на нафту вышэй 100 долараў за барэль.
Расія, адна з трох найбуйнейшых вытворцаў нафты ў свеце, летась дамовілася з АПЕК і дзевяццю краінамі, якія не ўваходзяць у АПЕК, пра штомесячнае павелічэнне аб'ёмаў здабычы нафты. Цяпер чакаецца, што здабыча ўпадзе прыкладна на 8% у гэтым годзе.
Некаторыя краіны пачалі планаваць павелічэнне здабычы ў бліжэйшыя некалькі месяцаў.