У рэгіёнах падаражэў праезд у грамадскім транспарце, Мінск на чарзе?
Ад сёння ў Віцебскай і Гродзенскай абласцях на 5 капеек падаражэў білет на адну паездку ў тралейбусе, аўтобусе і трамваі. Такія рашэнні ўхвалілі аблвыканкамы. Сталічныя ўлады пакуль думаюць, ці будуць падвышаць кошты на праезд бліжэйшым часам.
Раней кошт праезду ў гарадскім і прыгарадным транспарце павысілі ў Мінскай вобласці.
Кошт праезду на звычайных і хуткасных маршрутах вырасце да 55 капеек (цяпер — 50 капеек), а пры куплі ў вадзіцеля — да 65 капеек (цяпер — 60 капеек).
Акрамя таго, вырас і кошт праязных білетаў шматразовага карыстання. Да прыкладу, месячны праязны ў гарадах з насельніцтвам да 50 тысяч чалавек вырасце да 21,03 рубля (цяпер — 19,12 рубля), а дэкадны — да 7,37 рубля (цяпер — 6,7 рубля), паведамляе TUT.BY.
Як заявіў 27 лістапада на аператыўнай нарадзе ў Мінгарвыканкаме старшыня гарадскога выканаўчага камітэта Анатоль Сівак, перш чым прымаць адпаведнае рашэнне, трэба вывучыць сітуацыю, перадае агенцтва «Мінск-Навіны».
— Мы разгледзім гэтае пытанне на пасяджэнні Мінгарвыканкама, неабходна вывучыць абгрунтаванасць такога кроку, — удакладніў старшыня гарвыканкама.
Цяпер беларусы кампенсуюць 70,7% выдаткаў на праезд у гарадскім аўтамабільным транспарце. Плануецца, што да 2020 года гэтая лічба складзе не менш за 80%, у тым ліку ў абласцях — не менш за 90 і Мінску — не менш за 70%; прыгарадным аўтамабільным транспартам — не менш за 65%.