У якой валюце цяпер лепш захоўваць грошы ў банку? Меркаванне эксперта

Наколькі ўклады ў беларускіх рублях больш выгадныя за валютныя? На гэтае пытанне Myfin.by адказаў фінансавы аналітык Вадзім Іосуб.

_hroszy___valjuta__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__3__logo.jpg_1_logo_1.webp

Вадзім Іосуб адзначыў, што сярэдняя стаўка па безадзыўных дэпазітах у беларускіх рублях у студзені складала 9,46 % гадавых: яна зніжалася да красавіка да 8,45 %, а потым зноў стала расці да 9,43 % у лістападзе.

Па доларах было дастаткова ўстойлівае зніжэнне: з 2,02 % у студзені да 0,49 % у лістападзе. Па еўра таксама назіралася зніжэнне: з 1,32 % у студзені да 0,93 % у лістападзе. Па расійскім рублі стаўкі выраслі з 7,51 % у пачатку года да 8,29 % у лістападзе.

Эксперт заўважае: дэпазіты ў валюце калянулявыя і здаваліся зусім не цікавымі, але ў мінулым годзе долар вырас да беларускага рубля больш чым на 16 %, еўра — больш чым на 21 % за год, расійскі рубель знізіўся на 7,5 %. Такім чынам, найменш выгаднымі былі дэпазіты ў расійскіх рублях. А калі грошы захоўваліся ў доларах ці еўра, то з улікам ваганняў курсаў нават наяўныя долары і еўра прынеслі большы даход, чым дэпазіты ў беларускіх рублях.

«Мы бачым, што стаўкі па дэпазітах у доларах і еўра нізкія і будуць мець тэндэнцыю да яшчэ большага зніжэння. Гэта ўсвядомленая палітыка Нацбанка праз рэзерваванне сродкаў па прыцягнутай валюце», — кажа эксперт.

Гэта значыць, дадаў Вадзім Іосуб, «не адміністрацыйна, а рынкавымі інструментамі Нацбанк дамагаецца таго, каб камерцыйным банкам было нявыгадна прыцягваць дэпазіты ў замежнай валюце — і камерцыйныя банкі зніжаюць стаўкі па такіх дэпазітах».


Глядзіце таксама

«Такім чынам, нізкія стаўкі па долары і еўра не робяць значны прырост дэпазіту, за выключэннем сум у сотні тысяч ці мільёнаў. З пункту гледжання працэнтаў, няма вялікай розніцы-захоўваць зберажэнні пад падушкай абоў банку. Але банк дае некаторы адчуванне бяспекі», — тлумачыць фінансавы аналітык.

Вадзім Іосуб адзначыў, што «з улікам змены курсаў захоўванне валюты ў ячэйцы было больш выгадна, чым на дэпазіце ў беларускіх рублях».

Ён дадаў, што ў сувязі з ростам інфляцыі, у 2024 годзе можна чакаць некаторага росту ставак па дэпазітах у беларускіх рублях, але ўсяго ў межах 1-2 працэнтных пунктаў. Калі чакаць, што долар і еўра сёлета вырастуць на 10 і больш працэнтаў, то замежная валюта для захоўвання больш прывабная за кошт магчымага росту курса, чым беларускі рубль.

«У сувязі з гэтым зберажэнні ў нейкай прапорцыі трэба падзяляць паміж замежнымі валютамі і беларускім рублём. Уклады ў беларускіх рублях будуць расці за кошт больш-менш адчувальнай працэнтнай стаўкі, а ўклады ў доларах і еўра адчувальнага росту за кошт ставак не прынясуць, але могуць аказацца выгаднымі за кошт росту курсу замежных валют», — патлумачыў аналітык.