Хто выйграе ад супрацьстаяння прадпрымальнікаў і ўлады
У першых днях ліпеня нас чакае не толькі пачатак дэнамінацыі. 1 ліпеня
заканчваецца ўмоўны тэрмін «мараторыя на праверкі», якія здолелі
выгандлеваць прадпрымальнікі падчас зімніх пратэстаў.
Зараз абодва бакі рыхтуюцца да актыўных дзеянняў.
Яшчэ ў лютым Аляксандр Лукашэнка наконт праверак прадпрымальнікаў сказаў: «Правяраем і будзем правяраць!» Канешне, пры гэтым ён адзначыў: «Мы ўжо прынялі ўсе захады для таго, каб інспектар, ідучы па вуліцы, не меў права зайсці ў кіёск і па сваёй волі там пачаць яго правяраць і вытрасаць усё навыварат. Гэта недапушчальна, немагчыма, пакуль начальнік не дасць прадпісання. Няма прадпісання — не пушчай яго наогул на парог».
Спецыялісты Дзяржстандарту склалі спіс тавараў, якія прадаюцца з парушэннямі. Самыя частыя «грахі» прадпрымальнікаў — няправільная маркіроўка, сумнеўная якасць і недастатковая бяспека прадукцыі. У лідарах антырэйтынгу апынуліся дзіцячыя рэчы, цацкі і адзенне. У ведамстве таксама высветлілі, што кожны другі тавар, які правяраўся, прадавалі з парушэннямі. ІП мяркуюць, што прадаўцы менавіта гэтых тавараў — першыя ў спісе на праверкі.
Дробныя бізнесоўцы таксама не спяць у шапку. У Мінску прайшоў чарговы форум прадпрымальнікаў, які арганізавала аб’яднанне «Перспектыва». На ім Анатоль Шумчанка канстатаваў, што працоўная група па праблемах ІП пры Мінэканомікі не вырашыла праблемы. Хаця і разумее, што яна не для гэтага стваралася. «Яна мела адну задачу — выйграць час, каб збіць запал і прымусіць ІП выйсці на працу. Гэта павінна паслужыць усім нам урокам, у далейшым мы гэтага больш не дапусцім. (…) Нашы праблемы не вырашаныя, а закансерваваныя», — казаў Шумчанка на форуме.
Карыстаючыся тым, што на форуме прысутнічалі прадстаўнікі Мінэканомікі, Шумчанка папярэдзіў уладу: «Праверкі справакуюць новую хвалю пратэстаў прадпрымальнікаў. Тое, што цяпер людзі маўчаць па ўказе №222, гэта не значыць, што яны з ім змірыліся. Як толькі пачнуцца праверкі па гэтым указе, адразу ж загучаць масавыя заявы і патрабаванні аб яго адмене. Прычым, гэтыя заявы будуць падмацаваныя пэўнымі дзеяннямі саміх прадпрымальнікаў», — цытуе Шумчанку БелаПАН.
Аднак вось што дзіўна. У выніковай рэзалюцыі форума багата ініцыятыў і прапаноў: па ўключэнні прадстаўнікоў ІП у заканатворчую дзейнасць, якая тычыцца прадпрымальнікаў, па недатыкальнасці маёмасці, спыненні канфіскацыі тавараў, увядзенні патэнтнай сістэмы і гэтак далей. Аднак няма нічога пра гатоўнасць распачаць акцыі пратэсту ў выпадку хвалі праверак. І наступны прадпрымальніцкі форум запланаваны не на ліпень, а ажно на верасень.
Магчыма, гэта і непатрэбна, бо сітуацыя ў прадпрымальніцкім руху нагадвае барацьбу ў Паўночнай Ірландыі за аддзяленне гэтага краю ад Брытаніі і аб’яднанне Ірландыі. Там ёсць «палітычныя гульцы» ў выглядзе «Шын Фейн», а ёсць радыкалы з Ірландскай рэспубліканскай арміі. І брытанскім уладам лепш размаўляць з «памяркоўнымі».
Так і ў нас: ёсць памяркоўны Шумчанка, з якім можна дамаўляцца, а ёсць «радыкальны» Камітэт па выратаванні прадпрымальніцтва з Макаевым, Севярынцам і Аўтуховічам. Дарэчы, Макаева і Севярынца на форум «Перспектывы» не пусцілі, маўляў, каб «не блытаць эканоміку з палітыкай».
Апроч таго, вынікам зімовых акцый ІП стала ідэя па стварэнні прадпрымальніцкага прафсаюзу «Разам». Улетку плануецца ягоны ўстаноўчы з’езд. Як паведаміў Павел Севярынец, збор подпісаў за адмену ўказа №222 ідзе больш чым у 40 гарадах Беларусі. Такім чынам, пры актывізацыі праверак «радыкалы» могуць паставіць на вушы палову краіны.
У выпадку новай канфрантацыі ІП з уладай не будзе пераможцаў. Як ні дзіўна, гэта разумее і ўлада. На тым жа прадпрымальніцкім форуме дырэктар дэпартамента па прадпрымальніцтву Міністэрства эканомікі Беларусі Пётр Арушаньянц так і заявіў, што ад страйкаў ІП не выйграў ніхто. За студзень-люты доля ІП у рознічным таваразвароце скарацілася ўдвая. Гэта кепска і ўладзе, і спажыўцам, і самім прадпрымальнікам.
Зараз, як кажуць, «мяч на баку ўлады». Ці здолее яна, па словах Шумчанкі, «захаваць статус-кво», альбо нам рыхтавацца да акцый пратэсту?