Прадпрымальнікі праводзяць у Мінску чарговы форум
Прыблізна 100 прадстаўнікоў з Мінска і рэгіёнаў удзельнічаюць у чарговым форуме прадпрымальнікаў, які праходзіць 13 чэрвеня ў Мінску.
Форум традыцыйна арганізаваны рэспубліканскім грамадскім аб'яднаннем "Перспектыва". Месцам збору прадпрымальнікаў стаў Дом Масквы, бо адміністрацыя гасцініцы "Беларусь", дзе раней праводзіліся такія форумы, адмовілася выдзеліць арганізатарам сваю актавую залу.
Тэма форуму — "Прадпрымальнікі і ўлада: адкрыты дыялог па ўмацаванні і развіцці даверу". З мэтай пачуць індывідуальных прадпрымальнікаў (ІП) і выказаць сваю пазіцыю на сустрэчу прыйшлі дырэктар дэпартамента прадпрымальніцтва Міністэрства эканомікі Пётр Арушаньянц, кансультант дэпартамента па прадпрымальніцтве Мінэканомікі Валерый Хомчанка, намеснік начальніка ўпраўлення арганізацыі гандлю і паслуг Міністэрства гандлю Андрэй Мяшкоў, а таксама намеснік старшыні камітэта эканомікі, начальнік упраўлення прадпрымальніцтва Мінгарвыканкама Аляксандр Каліноўскі.
Як адзначыў, адкрываючы форум, старшыня "Перспектывы" Анатоль Шумчанка, "сітуацыя ў прадпрымальніцкім асяроддзі застаецца ранейшай", праблемы ІП "не вырашаныя, а закансерваваныя". "Недастаткова зроблена ў гэтым напрамку ў межах рабочых груп і іншых пляцовак, мала зроблена, каб зняць напружанасць у прадпрымальніцкім асяроддзі — яна застаецца і ў любы момант можа ўспыхнуць", — сказаў Шумчанка.
На яго думку, рабочая група па пытаннях прадпрымальніцтва, якая была створаная ў Мінэканомікі пасля аднаго з форумаў і працавала вясной гэтага года, "мела на мэце выйграць час, каб збіць пратэстны настрой у прадпрымальніцкім асяроддзі і вымусіць ІП выйсці на працу". "Больш прадпрымальнікі такога не дапусцяць", — заявіў Шумчанка.
"Сёння мы хочам пачуць ацэнку прадпрымальнікаў і ўладаў, умацаваць давер паміж імі, — сказаў старшыня прадпрымальніцкага аб'яднання. — Калі ў нас не будзе даверу, то будзе вуліца і Плошча. "Перспектыва" менш за ўсё гэтага хоча, таму што мы створаныя для бізнесу, узбагачэння сябе і краіны, а не для пратэсту. Паўмеры нас не задавальняюць, прадпрымальнікі хочуць працаваць у нармальным прававым полі, а не бегаць па судах".
Шумчанка паведаміў, што наступны форум прадпрымальнікаў пройдзе 28 жніўня або 5 верасня, незадоўга да парламенцкіх выбараў, прызначаных на 11 верасня.
Нагадаем, з пачатку 2016 года ў Беларусі дзейнічае ўказ прэзідэнта № 222 аб прадпрымальніцкай дзейнасці. Указ фактычна паралізаваў працу ІП, якія гандлююць прадукцыяй лёгкай прамысловасці, бо цяпер яны могуць гандляваць толькі тымі таварамі, увезенымі з краін Мытнага саюза, на якія ў іх ёсць суправаджальныя дакументы. Атрыманне такіх дакументаў вельмі складаны працэс з-за пазіцыі расійскіх партнёраў. Тым не менш да канца сакавіка большасць ІП вымушаныя былі аднавіць працу, нягледзячы на рызыку быць аштрафаванымі і пазбаўленымі тавару.
Захар Шчарбакоў, БелаПАН