У Беларусі выраслі кошты на зарадку электрамабіляў. А як жа БелАЭС?
З 1 красавіка ў Беларусі вырас кошт паслуг па зарадцы электрамабіляў. Падаражэнне адбылося праз агульны рост тарыфаў на электраэнергію. А танная электрычнасць была галоўным апраўданнем для будаўніцтва Беларускай атамнай станцыі. Але неяк вось пакуль не атрымліваецца.
Рост тарыфаў
Аб павышэнні тарыфаў паведаміла сетка зарадных станцый Malanka, падраздзяленне дзяржаўнай Беларуснафты. Тарыф на хуткую зарадку вырас на 14 адсоткаў, да 0,56 рублёў за 1 кілават-гадзіну. Кошт павольнай зарадкі павялічыўся на 7,5 адсотка, да 0,43 рублёў, піша Андрэй Бранішэўскі ў Plan.B.
Да гэтага кошт зарадкі электрамабіляў Malanka падвышаў у кастрычніку 2022 года. Бягучае павышэнне прадпрыемства апраўдала тым, што для яго самога за гэтыя паўтара года тарыфы выраслі на 16 адсоткаў.
Таму што кошт электраэнергіі ў Беларусі стабільна расце. З 2020 і да канца мінулага года тарыфы на электраэнергію выраслі больш чым на 20 адсоткаў. З пачатку гэтага іх зноў павысілі ў сярэднім на 3 адсоткі. Хоць кошты на расійскі газ увесь гэты час не мяняліся, а дабудаваная нарэшце атамная станцыя павінна была літаральна заліць краіну таннай электрычнасцю.
Дарагая цацка
Але ўсеагульны энергетычны вырай усё ніяк не надыходзіць. Замест таго, каб таннець, электраэнергія ў Беларусі стабільна даражэе. І насамрэч гэта нядзіўна. БелАЭС — вельмі дарагая цацка. Беларускім уладам спатрэбяцца дзесяцігоддзі, каб акупіць свае выдаткі.
Паводле афіцыйных звестак, будаўніцтва АЭС абышлося ў 5,36 мільярда долараў расійскага крэдыту. Яшчэ каля паўмільярда беларускія ўлады выдаткавалі на гэта будаўніцтва з бюджэту.
Але мала пабудаваць АЭС і вырабіць на ёй электрычнасць. Трэба яшчэ даставіць гэтую электрычнасць спажыўцам. А старыя беларускія электрасеткі не заўсёды падыходзяць для прагрэсіўнай атамнай электрычнасці.
Таму, як сказаў міністр энергетыкі Віктар Каранкевіч, за мінулы год у Беларусі мадэрнізавалі і пабудавалі 2,7 тысяч кіламетраў электрасетак. Сёлета ўлады плануюць мадэрнізаваць і пабудаваць тры тысячы кіламетраў.
«Паралельна праводзіцца работа па мадэрнізацыі і будаўніцтве новых падстанцый рознага класа напружання», — сказаў Каранкевіч.
Усяго на гэта выдаткавалі больш за 200 мільёнаў долараў. Яшчэ каля паўмільярда выдаткавалі на стварэнне дадатковай інфраструктуры. Так што агульныя выдаткі на Беларускую АЭС склалі каля 7 мільярдаў долараў.
Лішняя электрычнасць
Але мала пабудаваць атамную станцыю. Мала вырабіць на ёй электрычнасць. Мала даставіць гэтую электрычнасць спажыўцам. Трэба яшчэ прыдумаць, куды падзець лішнюю электрычнасць.
«Усяго з моманту ўключэння першага энергаблока ў сетку на беларускай атамнай станцыі выраблена 27 мільярдаў кілават-гадзін электраэнергіі, што дазволіла замясціць да 7 мільярдаў кубаметраў газу», — сказаў Каранкевіч.
Два блокі Беларускай атамнай станцыі могуць вырабляць 18 мільярдаў кілават-гадзін электраэнергіі. Пры агульным спажыванні электраэнергіі ў краіне ў 40 мільярдаў. Вытворчасць электраэнергіі ў Беларусі заўсёды была залішняй.
Першапачатковая ідэя складалася ў тым, каб прадаваць лішнюю электрычнасць суседзям. Але з суседзямі атрымалася няёмка. Якраз з-за будаўніцтва атамнай станцыі Беларусь з суседзямі і пасварылася. Каб было куды падзець лішнюю электрычнасць, беларускія ўлады заклапаціліся пераводам на электраэнергію камунальнага транспарту.
На электратранспарт перавялі Шклоў і Жодзіна. Праўда, паводле ацэнак экспертаў, нават калі перавесці ўвесь грамадскі транспарт Беларусі на электрычнасць, то дадатковае спажыванне вырасце ўсяго на 2,5 працэнта. Таму беларускі ўрад заклапаціўся новым праектам. Да канца гэтага года ўлады плануюць запусціць серыйную вытворчасць беларускага электрамабіля.
«Плануем да канца года падысці да серыйнай вытворчасці гэтых аўтамабіляў. На гэта ж этапе мы разглядаем вытворчасць усёй кампанентнай базы на прамысловых прадпрыемствах Рэспублікі Беларусь», — сказаў віцэ-прэм'ер Пётр Пархомчык.
А колькі мільярдаў можна асвоіць на праекце айчыннага легкавога электрамабіля, нават страшна сабе ўявіць. Марнаваць грошы на мегапраекты беларускія ўлады ўмеюць.
Па падліках экспертаў iSANS, тэрмін акупнасці БелАЭС можа скласці 60 гадоў. І гэта без уліку спадарожных мегапраектаў. Так што абяцанай таннай электрычнасці чакаць давядзецца яшчэ доўга.