Што заахвоціць беларусаў весці бізнэс?
З аднаго боку, улады імкнуцца павысіць пазіцыі Беларусі ў рэйтынгу Doing Business, з другога — пужаюць вяртаннем залатой акцыі. Якія рашэнні маглі б даць бізнэсу гарантыі, што заўтра зноў не прыйдзе «камісар з наганам»?
У межах «Еўрапейскага дыялогу аб мадэрнізацыі з Беларуссю» прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці і апазіцыі Беларусі разам з экспертамі Еўразвязу шукаюць адказ у тым ліку і на пытанне: якія рэформы паспрыялі б развіццю прадпрымальніцтва ў Беларусі?
Бізнесмены ў Беларусі ўжо могуць дыхаць больш-менш вольна?
Паводле звестак Белстата, у малым бізнэсе сёння працуюць каля 800 тысяч жыхароў краіны. І гэта без уліку прадпрыемстваў сярэдняга і буйнога бізнэсу. Атрымліваецца, больш за мільён чалавек з 4,5 мільёнаў працаздольных.
У апошнія гады ў мовы для бізнэсу ў Беларусі, на думку Юрыя Зісера, палепшыліся. Згодна з дадзенымі Doing Business, краіна знаходзіцца на дзявятым месцы ў свеце па прастаце адкрыцця бізнэсу і на трэцім — па хуткасці рэгістрацыі маёмасці. Колькасць падаткаў штогод зніжаецца: было 124, засталося 10. Працаёмкасць бухгалтэрыі паменшылася за пяць год у тры разы.
Дзесяць адсоткаў росту прыватнага бізнэсу за некалькі год — гэта добра, лічыць Юры Зісер, стваральнік парталу TUT.BY.
Эксперт Ліберальнага клуба Антон Болтачка адзначае як пазітыўную змену ўвядзенне спрошчанай сістэмы падаткаабкладання са стаўкай 5%.
— Гэта вельмі мала, нават у параўнанні з еўрапейскімі краінамі. За апошнія гады бізнэсмэны ў Беларусі могуць дыхаць больш-менш вольна, — лічыць эксперт.
У той жа час прыватны бізнэс фактычна не мае магчымасці канкураваць з дзяржпрадпрыемствамі, бо рынак размеркаваны на карысць апошніх з дапамогай рэгулявання і рознага кшталту ліцэнзій. У якасці прыкладу Юры Зісер узгадвае манаполію «Белтэлекама», які прапаноўвае інтэрнэт оптам прыватным правайдарам у тры-чатыры разы даражэй, чым канчатковым спажыўцам, і з дапамогай гэтага за сем гадоў павялічыў сваю долю на рынку з нуля да васьмідзесяці адсоткаў.
Тое ж тычыцца і большасці іншых галінаў эканомікі. Вось чаму, па назіраннях дырэктара Даследчага цэнтра Інстытута прадпрымальніцтва і менеджменту Аляксандра Чубрыка, у прыватным сектары поспеху дасягаюць толькі тыя прадпрымальнікі, якія не канкурыруюць з дзяржаўнымі прадпрыемствамі на ўнутраным рынку.
Па рэйтынгу Doing Business Беларусь сапраўды даволі моцна прасунулася наперад і нават стала адным з лідараў у рэгіёне, пагаджаецца Аляксандр Чубрык. Аднак гэта было дасягнута выключна адміністрацыйнымі метадамі.
— І гэта сапраўды прыводзіць да паляпшэння ўмоў вядзення бізнэсу. Хаця калі паглядзець на долю прыватнага сектара ў эканоміцы краіны, бачна, што доля гэтая надта малая для настолькі высокага месца ў рэйтынгу. А значыць, існуюць і іншыя перашкоды для развіцця бізнэсу, — упэўнены эканаміст.
Многія бізнэсы бяднеюць
На думку старшыні прэзідыума Беларускай рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва, старшыні ГА «Мінскі саюз прадпрымальнікаў і працадаўцаў» Уладзіміра Карагіна, апошнім часам, наадварот, пераважаюць адмоўныя тэндэнцыі. Асабліва датычна малога бізнесу. Эксперт нагадвае і пра павелічэнне арэнднай платы, і пра тое, што скарачэнне дзяржапарату закранула найперш тых спецыялістаў, якія курыравалі пытанні прадпрымальніцкай дзейнасці.
— Зараз прадпрымальнікам няма да каго звяртацца са сваімі праблемамі. Ліквідаваны Рэспубліканскі працоўны арбітраж, які займаўся рашэннем канфліктных сітуацый у галіне працоўных адносін. Не вырашана пытанне з наёмнымі работнікамі для індывідуальных прадпрымальнікаў, адсутнічаюць механізмы антыманапольнага рэгулявання, — пералічвае лідар прадпрымальнікаў.
Рашэнні па шэрагу актуальных для прадпрымальнікаў пытанняў тармозяцца, канстатуюць прадстаўнікі бізнэс-супольнасці. Мытны саюз істотна павялічыў канкурэнцыя на рынках, і беларускі бізнэс сёння ў найгоршым становішчы ў параўнанні з прадпрымальнікамі з Расіі, не кажучы ўжо пра Казахстан.
У ліпені пачынае дзейнічаць тэхнічны рэгламент Мытнага саюза, які фактычна пазбаўляе беларускіх індывідуальных прадпрымальнікаў магчымасці гандляваць вялікай групай тавараў.
— Прадпрымальнікаў не душаць, але і выжыць у сённяшніх умовах вельмі складна, таму многія бізнэсы бяднеюць, — адзначае Уладзмір Карагін.
Беларускі бізнес, бы апендыкс, які мае права на існаванне, аднак палітычная эліта не зацікаўленая ў тым, каб прыватны сектар выходзіў за межы адведзенай для яго тэрыторыі, робіць выснову Антон Болтачка. Вось чаму шмат бізнэсаў, асабліва буйных, сыходзіць з краіны.
I яшчэ — тут усе эксперты аднадушныя — кожныя паўгады-год улада праводзіць паказальную лупцоўку. Сярод апошніх прыкладаў — нацыяналізацыя кандытарскіх фабрык «Камунарка» і «Спартак». Такія дзеянні ўлады адразу перакрэсліваюць шмат пазітыўных крокаў, зробленых для стварэння лепшых умоў для прадпрымальніцкай дзейнасці.
Як палепшыць умовы вядзення бізнэсу ў Беларусі?
Менавіта прыватны сектар штурхае эканоміку, лічыць Аляксандр Чубрык. Прадпрымальнікі ствараюць значную частку валавога ўнутранага прадукту.
— Аднак пры гэтым прыватны сектар адчувае сябе дачаснікам. Трэба выпраўляць гэтае становішча як мага хутчэй, — перакананы Уладзімір Карагін.
Дзяржава мала што робіць дзеля таго, каб фарміраваць станоўчы імідж бізнэсу, пагаджаецца Юры Зісер. На яго думку, добра было б на самым высокім узроўні абвесціць прадпрымальніцтва прыярытэтным накірункам развіцця.
Даволі часта развіццё прадпрымальніцтва ў Беларусі разглядаецца як комплекс адносін паміж уладай і бізнэсам. Між тым, цікава і іншае — як да прадпрымальніцтва ставіцца грамадства? Ці хочуць беларусы пачынаць сваю справу?
Паводле дадзеных даследавання спецыялістаў Цэнтра сістэмных бізнэс-тэхналогій «SATIO», значная частка беларускіх грамадзян, якія працуюць у дзяржсектары, маюць думкі наконт пачатку ўласнага бізнэсу.
Тое, што значная частка насельніцтва не выключае магчымасці пачаць уласную справу, дае надзею, што праслойка прадпрымальнікаў у грамадстве будзе пашырацца.
— Гэта важна для краіны, — упэўнены Юры Зісер. — Калi чалавек працуе ў прыватным сектары, ён пачынае клапаціцца пра сябе сам. Калі доля прыватнага бізнэсу ў краіне будзе складаць 40–50%, сітуацыя і светапогляд грамадзян Беларусі істотна зменяцца.
Па прагнозах эксперта, чакаць гэтага можна праз 10–15 год. І верагоднасць такога развіцця падзей даволі высокая. На думку Юрыя Зісера, тых, хто вагаецца, стрымлівае менавіта страх самастойна адказваць за свае рашэнні, а не ўмовы вядзення бізнэсу ў краіне.
Калі сітуацыя ў эканоміцы пагаршаецца, улада таксама звяртаецца да прадпрымальнікаў, як гэта было ў 2008–2009 гадах, нагадвае Антон Болтачка. Яна ўжо разумее, што толькі з удзелам прыватнага бізнэсу можна выцягнуць эканоміку краіны ў цяжкія моманты.
— Сярод асобаў, што прымаюць рашэнні, ужо ёсць разуменне важнасці развіцця прыватнага сектару. Колькасць такіх людзей ва ўладзе толькі расце, — лічыць Юры Зісер.
Але пытанне стварэння пазітыўнага іміджу бізнэсу, у тым ліку і, падавалася б, банальная эканамічная асвета насельніцтва, застаецца. Тут аб’яднаць намаганні павінны і прадпрымальнікі, і дзяржава.
Дапамагчы ў гэтым працэсе маглi б i еўрапейскiя эксперты, у тым лiку ў межах ініцыятывы «Дыялог аб мадэрнiзацыi з Беларуссю».
Увогуле, разглядаючы ідэальную канструкцыю (калі дыялог успрымаецца абодвума бакамі), ініцыятыва паспрыяла б рэфармаванню беларускай планавай эканомікі ў больш-менш еўрапейскую рынкавую, гаворыць Антон Болтачка.
— Для Беларусі вопыт Еўропы, як і любога іншага рэгіёну з рынкавай гісторыяй, неацэнны. Аднак пакуль мы бачым па сацапытаннях, што ў Беларусі мала хто ведае пра ініцыятыву «Дыялог аб мадэрнізацыі». І гэта перш-наперш звязана з адносінамі беларускіх уладаў да самой ініцыятывы, — адзначае эксперт.
Аднак, калі гаворыць пра рэальную сітуацыю, «Дыялог аб мадэрнізацыі» нічога не можа даць прадпрымальніцтву, пакуль у беларускай улады не з'явіцца на тое палітычная воля — такую выснову робіць эксперт.