Санкцыі не працуюць? Пракапеня выкупіў долю Гуцэрыева ў крыптабіржах
Член савета дырэктараў групы «Сафмар» Саід Гуцэрыеў прадаў свае долі ў трох крыптабіржах — Currency.com, Capital.com і Zubr.io, вынікае з выпісак кампаній.
Факт продажу біржаў пацвердзіў прадстаўнік самога бізнесмена, паведамляе АФН са спасылкай на расійскую газету «Ведомости».
Пакупнікамі сталі міжнародная крыптабіржа FTX і партнёр Гуцэрыева Віктар Пракапеня. Прадстаўнік «VP Capital» Пракапені пацвердзіў гэта.
Сума здзелак не раскрываецца, але, паводле падлікаў «Ведомостей», на продажы Гуцэрыеў мог зарабіць каля $150 млн. «Інвестыцыі ў біржы нашмат больш эфектыўныя за майнінг крыптавалют», — адзначае ў сувязі з гэтым расійскае выданне.
Нагадаем, бацька Саіда Гуцэрыева, расійскі мільярдэр Міхаіл Гуцэрыеў, трапіў у санкцыйныя спісы ЕС і Вялікабрытаніі за супрацоўніцтва з рэжымам Лукашэнкі.