Падачу дэкларацый працягнуць на месяц, аплату падаткаў — на два тыдні
Ад наступнага году тэрмін падачы дэкларацый аб падаходным падатку для фізічных асобаў плануецца перанесці з 1 сакавіка на 31 сакавіка, а аплату падаткаў падоўжыць ад 15 траўня да 1 чэрвеня, паведамляе Радыё Свабода.
Пра гэта падчас онлайн-канфэрэнцыі на сайце БелТА паведаміла намесніца міністра па падатках і зборах Эла Сяліцкая. Па яе словах, навацыю мяркуецца ўнесці ў Падатковы кодэкс. Таксама ад 2019 году грамадзяне змогуць падаваць падатковыя дэкларацыі на папяровым носьбіце ў любы падатковы орган Беларусі, незалежна ад месца сваёй рэгістрацыі.
Яшчэ адна прапанова тычыцца грамадзянаў, якія атрымліваюць даходы ад здачы ў арэнду жылых і нежылых памяшканняў і выплачваюць падаходны падатак у фіксаваных сумах. Плянуецца адмяніць абавязак падаваць у падатковы орган дэкларацыю ў выпадку перавышэння вызначанага заканадаўствам памеру гадавога даходу і, адпаведна, выключыць даплату падатку.
Прапануецца зняць абмежаванне на сацыяльны падатковы вылік па сумах страхавых унёскаў, выплачаных фізічнымі асобамі беларускім страхавым арганізацыям па дамовах добраахвотнага страхавання жыцця, дадатковай пенсіі і медычных выдаткаў.
Таксама дзеля дадатковай сацыяльнай падтрымкі бацькоў, мужа (жонкi) або апекуна прапануецца ўключыць у пералік утрыманцаў інвалідаў I і II груп, старэйшых за 18 гадоў.
Законапраект аб зменах і дапаўненнях у Падатковы кодэкс бліжэйшым часам плануецца ўнесці на разгляд ураду.