«Мы знаходзімся ва ўнікальнай сітуацыі». Нацбанк Беларусі павышае стаўку рэфінансавання
Нацыянальны банк Беларусі з 21 красавіка павышае стаўку рэфінансавання да 8,5%.
Такое рашэнне было прынята на пасяджэнні па грашова-крэдытнай палітыкі 14 красавіка, паведамляе belmarket.by.
«З 21 красавіка стаўка рэфінансавання павялічыцца на 0,75 п. п. і складзе 8,5% гадавых. Стаўка па крэдыце овернайт павялічыцца да 9,5% гадавых, а па дэпазіце овернайт — да 7,5% гадавых», — гаворыцца ў прэс-рэлізе рэгулятара.
Адзначаецца, што рашэнне прынята з улікам «комплексу знешніх і ўнутраных фактараў, якія ўплываюць на бягучую і будучую дынаміку спажывецкіх цэн».
Нацбанк тлумачыць паскарэнне інфляцыі ўплывам паслаблення беларускага рубля, а таксама шокамі прапановы на асобных таварных рынках у 2020 годзе.
Нагадаем, з 1 ліпеня 2020 года ў Беларусі стаўка рэфінансавання захоўвалася на рэкордна нізкім узроўні — 7,75% гадавых, што стала магчымым за кошт некалькіх гадоў нізкай інфляцыі. У лютым гэтага года, калі інфляцыя значна паскорылася, Нацбанк адклаў рашэнне па змене стаўкі рэфінансавання «ў сувязі з неабходнасцю правядзення дадатковага аналізу прагнознай дынамікі спажывецкіх цэн і ацэнкі працягласці ўздзеяння ключавых фактараў, якія прывялі да паскарэння росту спажывецкіх цэн». У сакавіку Нацбанк захаваў стаўку рэфінансавання на ранейшым узроўні, нягледзячы на рэкордную інфляцыю.
У лютым гадавая інфляцыя ў Беларусі разагналася да 8,7%, у сакавіку — да 8,5%
Старшыня праўлення Нацбанка Павел Калаур так пракаментаваў павышэнне стаўкі рэфінансавання, паведамляе «Еўрарадыё»: «Чаму паднялі толькі да ўзроўню інфляцыі? — кажа Калаўр. — Калі мы маем вельмі складанае аперацыйнае асяроддзе, прымаць рашэнні вельмі няпроста. Тэарэтычна ўсё выглядае вельмі проста: інфляцыя павысілася — трэба прэвентыўна падымаць стаўку».
Далей кіраўнік Нацбанка выказаў сваю пазіцыю. «Я не прыхільнік таго, каб ствараць пікі: з'явіліся фактары — і хуценька пабеглі на апярэджанне. Трэба паглядзець, якая прырода гэтых фактараў: часовыя-не часовыя, ці можна на іх паўплываць стаўкай. Мы знаходзімся ва ўнікальнай сітуацыі».