Пра што маўчыць Белстат?
Усё ж сумленнасць — гэта найлепшая палітыка. Напрыклад, калі доктар сумленна кажа пацыенту, што з ім адбываецца, тады пацыент не скардзіцца на лячэнне. А калі Мінздароўя нароўні з Белстатам, напрыклад, хавае праўду па смяротнасці ад covid-19, потым гэтая праўда вылазіць вельмі непрыемна — скажам, на выбарах.
Паводле дзяржаўных тэлеканалаў і згодна з дзяржаўнай статыстыкай — у нас пакуль усё добра. Аднак, калі раней Белстат закрыў статыстыку па смяротнасці (відавочна, каб не было мажлівасці падлічыць рэальную смяротнасць ад covid-19), то цяпер закрытая і іншая статыстыка. Напрыклад, ужо не дазнаешся лічбаў па экспарту нафтапрадуктаў і калійных угнаенняў — таварных групаў, якія трапілі пад санкцыі ЗША і ЕС. Раней адпаведныя статыстычныя звесткі штомесяц публікаваліся на сайце Белстата ў раздзеле «Экспарт і імпарт тавараў».
У прэс-службе Белстата пацвердзілі, што публікацыя звестак аб экспарце нафтапрадуктаў і калійных угнаенняў спыненая. «Орган статыстыкі любой дзяржавы самастойна вызначае, якія даныя публікаваць, а якія — не. Гэта прадугледжана дзеючай палітыкай па распаўсюджванні афіцыйнай інфармацыі», — пракаментавалі змену парадку апублікавання статданых.
Далей — болей. Следам за звесткамі па знешнім гандлі ведамства закрыла статыстыку выпуску прадукцыі ў нафтаперапрацоўцы і хімічнай прамысловасці. Галоўныя прадпрыемствы ў гэтых галінах прамысловасці — «Нафтан», Мазырскі НПЗ, «Беларуськалій», «Гродна-Азот» і Гомельскі хімічны завод. Некаторыя з гэтых кампаній — таксама пад санкцыямі.
Прыхоўванне такой інфармацыі — гэта не ёсць сумленная палітыка, канешне. Калі прызнаваць, што ёсць праблемы, напрыклад, на «Гродна-Азоце», то людзей можна папрасіць «зацягнуць паясы» альбо «паставіцца з разуменнем». А калі казаць у прапагандысцкім стылі, што «ўсё добра», а потым раптам выкінуць працоўных на вуліцу ў мэтах «аптымізацыі вытворчасці» — зразумела, што людзі будуць раззлаваныя. А чаму? Таму што ім проста не казалі праўды.
Ці вось, напрыклад, той жа Белстат хваліцца, што ВУП Беларусі, насуперак усялякім санкцыям і ворагам, за паўгода вырас на 3,3% у параўнанні з мінулым годам. Аднак ніхто не тлумачыць, што гэты рост — наступства вясновага беларуска-расійскага нафтавага канфлікту ў 2020-м. Проста тады ВУП значна прасеў, і таму на яго фоне ў нас і ёсць «плюс». Але да чэрвеня мінулага года той канфлікт быў вычарпаны. І таму рост у 3,3% — гэта, насамрэч, запавольванне ВУП.
Гэты «эфект нізкай базы» выдатна выглядае, калі глядзець на рост ВУП за другі квартал сёлета. У красавіку «рост» ВУП склаў прыкладна 7%. У траўні — ужо 5,4%. У чэрвені — плюс 3,8%.
І гэткая сітуацыя дазваляе экспертам Еўразійскага банку развіцця казаць не тое, што пра запаволенне тэмпаў росту ВУП Беларусі, а нават і ўвогуле «апусціць» Сінявокую. «Змена ВУП за месяц з ліквідацыяй сезонных ваганняў ацэньваецца ЕАБР каля 0% у траўні і чэрвені. Гэта можа сведчыць пра завяршэнне працэсу аднаўлення эканамічнай актыўнасці», — гаворыцца ў аглядзе ЕАБР. То-бок, эканоміка Беларусі відавочна ў стагнацыі. І далей будзе горш.
Пра тое, што «будзе горш», сведчыць прагноз гадавога выканання бюджэту, які штомесяц карэктуе Міністэрства фінансаў. Новая карэкціроўка прадугледжвае, што чаканы дэфіцыт па выніках года вырасце да 6 мільярдаў рублёў. Пры гэтым першапачаткова дэфіцыт бюджэту на гэты год быў запланаваны на ўзроўні 4 мільярдаў рублёў, пазней ён быў павялічаны да 5,6 мільярдаў, затым зноў пераглядаўся.
Раней чыноўнікі заяўлялі, што Беларусь спакойна пакрые дэфіцыт дзяржбюджэту за кошт рэшткаў сродкаў бюджэту мінулых, прафіцытных гадоў. Але раней нам казалі, што ў «прафіцытныя гады» мы назапасілі каля 4 мільярдаў рублёў (можа, крыху больш), і пры гэтым 1,9 мільярда змарнавалі на дэфіцыт мінулага года. Колькі ў нас засталося «ў кубышцы»?
Можа, каб нам пераможна не рапартавалі б пра нашы эканамічныя «поспехі», мы б не так ставіліся да рэаліяў паўсядзённага жыцця. Напрыклад, на тыдні было абвешчана, што ў сталічных крамах адкрыліся «школьныя кірмашы», на якіх можна набыць тавары да новага навучальнага года. Як паведамляе «Сталічны гандаль і паслугі», прыкладны кошт аптымальнай экіпіроўкі школьнікаў малодшых класаў складае ад 266 да 804 рублёў, а старшакласнікаў — ад 349 да 978 рублёў. У гэтую суму ўваходзяць вопратка, абутак, галантарэйныя тавары і школьныя прыналежнасці. У крамах прадстаўлена больш за 420 мадэляў адзення, больш за 70 мадэляў дзіцячага абутку і трыкатажных вырабаў беларускай вытворчасці.
Пры гэтым дадзеныя па медыянным заробку (гэты паказчык больш адпавядае рэчаіснасці, чым сярэдні заробак) той жа Белстат апублікаваў толькі за травень. Дык вось, медыянны заробак па краіне ў траўні склаў 1018,4 рублі.
Да таго ж варта разумець, што «медыянны заробак за травень» вылічваўся нашым статыстычным ведамствам праз налічаную зарплату, то-бок да выплаты з яе падаткаў. Атрымліваецца «чысты», на рукі, пасля выплаты падаткаў, медыянны заробак у Беларусі — каля 880 рублёў, або $345 у эквіваленце.
Такім чынам, максімальная «аптымальная экіпіроўка» аднаго школьніка роўная (калі гэта не старшакласнік) заробку аднаго з яго бацькоў. А калі дзяцей у сям’і двое, то… Круціся як хочаш.
І да таго ж, ці можам мы давяраць лічбам Белстату, калі ён закрывае ад нас пэўную статыстыку? Міжволі ўзнікае пытанне: а ці сапраўды ў нас такі медыянны заробак?
А вось наколькі ў нас усё кепска з фінансамі, сведчыць навіна з Мінскага гарсавету. Мінскія ўлады вырашылі, колькі будуць патрабаваць за «наўмыснае нанясенне шкоды» аб’ектам добраўпарадкавання або капітальным будынкам (напрыклад, тым жа трансфарматарным будкам). Згодна з новай нормай правілаў добраўпарадкавання і ўтрымання ў Мінску, памер шкоды будзе выстаўляцца ў 100-разовым памеры. Гэта значыць, што акрамя пакарання па адміністрацыйнай справе ў выглядзе штрафу альбо арышту ўлады будуць выстаўляць кампенсацыю за «шкоду» ў 100 разоў больш.
Відавочна, прасцей змагацца з графіці, чым наладзіць эканоміку.