«Яшчэ трохі, і гэтыя хлопцы будуць проста адкрываць дзверы нагой і патрабаваць ад вусатага інвестара грошай»

Блогер і бізнесмен Аляксандр Кныровіч распявядае, як «моцныя гаспадарнікі» распілоўваюць дзяржаўныя сродкі і ані каліва не зважаюць на гнеў і разносы Лукашэнкі. Канешне, грошы ёсць грошы, за іх можна і Лукашэнку пацярпець…

_budaunictva___praca___pracouny__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas_logo.jpg

Не, ну якая ж усё ж такі прыгажосць! Памятаеце, як крыху больш за месяц таму наш галоўны будаўнік, энергетык і аграрый перабіраў ножкамі і крычаў на халопаў, якія прынеслі яму на подпіс рашэнне аб рэструктурызацыі даўгоў двух будаўнічых трэстаў — ААТ «Гроднапрамбуд» і «Будаўнічы трэст № 8»?

Так ён расперажываўся, аж вусы кудысьці за правае вуха з'ехалі. Маўляў, як гэта так? Вы што мне прынеслі! Яны ж павінны прыбыткова працаваць! Не падпішу!... Непублічную (мацюкальную) частку спіча СМІ не трансліравалі, і, я лічу, вельмі дарма. Увогуле тады, у сярэдзіне студзеня, здавалася, што не будзе ніякай ласкі «тым, хто дапусціў такое!» І што паедуць яны, дружным калектывам, ад віцэ-прэм'ера да кіраўнікоў трэстаў, будаваць той самы касмадром «Усходні» ў дружалюбную нам Амурскую, значыць, вобласць. Бліжэй да мядзведзяў і кітайцаў.

Ну, так маглі падумаць тыя, хто такога кшталту «паказальны выезд» назіраў упершыню. Тыя ж, хто назірае за дынамікай развіцця захворвання крыху больш чым пару месяцаў, ведаюць, што вось гэтыя эскапады не значаць роўным лікам нічога. І яны не памыліліся ў чаканнях! На мінулым тыдні быў падпісаны ўказ № 68, а там... Ой.

Крэдыты, раней выдадзеныя будтрэстам «Беларусьбанкам» і «Сберам», выкупляе Агенцтва па кіраванні актывамі, а значыць пагашацца яны будуць наўпрост за кошт грамадзян.

Даўгі па электраэнергіі, а таксама перад фондам сацыяльнай абароны і бюджэтам фіксуюцца па стане «на цяпер», пені і штрафныя санкцыі на іх не налічваюцца, і мяркуецца, што пагашацца яны будуць вельмі і вельмі паступова. Угу, потым, абавязкова.

І ў якасці вяршкоў на гэтым трапічным кактэйлі прынята рашэнне, што ў арганізацый яшчэ і забіраюць няпрофільныя актывы, каб, значыць, зняць з іх нагрузку. Цяпер за інтэрнаты і сеткі будзе плаціць нехта іншы.

Глядзіце таксама

А што ж наўзамен?

Нічога! Амаль…

Наўзамен — абавязацельствы. Абяцаюць далей прадпрыемствы працаваць прыбыткова. І ва ўказе так прама і напісана, маўляў: «Абяцаем». Ну, а калі не выканаюць, тады ўжо паказана асабістая адказнасць! Аж да крымінальнай, праўда, «калі для гэтага будуць падставы», так і напісана…

Я моцна-моцна прашу прабачэння, я не бачыў справаздачнасці, але мне здаецца, што цяпер гаворка ідзе пра шкоду дзяржбюджэту (чытай — грамадзянам Беларусі) у сумах ніяк не меншых за пару дзясяткаў мільёнаў долараў. Гэта якой жа «асабістай адказнасцю» гэтыя чыноўнікі змогуць кампенсаваць гэтыя страты?

Нават калі прадаць усю іх уласнасць, а таксама іх саміх (разам са сваякамі) «на органы», ці неяк па іншаму («тушкамі»?), наўрад ці будзе кампенсавана і дзясятая частка ўжо наяўных страт. І, што характэрна, усе на сваіх месцах, нікога не звольнілі!

Па-мойму, яшчэ трохі, і гэтыя хлопцы зусім перастануць саромецца, будуць проста заходзіць у кабінет, адкрываючы дзверы нагой, і патрабаваць ад вусатага інвестара грошай. І ў вачах будзе чытацца ўжо непрыхаванае: «І што ты нам зробіш?»

А тут і Мінэнерга дало справаздачу аб працы АЭС летась.

Давайце палічым разам, а то нешта ў мяне тут радыяцыя, напэўна, вялікая, нешта не сыходзіцца.

Я нагадаю: магутнасць двух энергаблокаў дазваляе пакрыць 40% ад неабходнай для Беларусі выпрацоўкі энергіі, або зэканоміць нейкую там колькасць газу... Ну добра.

Першы энергаблок працаваў у 2023-м годзе, па сцвярджэнні нашых электроншчыкаў, ужо «на поўную», толькі дым з трубы валіў там, у Астраўцы.

Другі ж блок запусцілі ў прамысловую эксплуатацыю 1 лістапада 2023-га. Было ну вельмі ўрачыста. Хлеб-соль, дзяўчынкі ў какошніках, прамовы, усмешкі.

Такім чынам, першы адпрацаваў на 100%, другі — два месяцы з 12-ці, або — на 16,66666666666....%, або ў цэлым на 58%, што павінна было б нам даць замяшчэнне 23,2%. А ведаеце колькі дало? 9,6%. Не, я не страціў адзінку спераду, не 19, менавіта — 9.

Гэта значыць, пры поўнай загрузцы гэтай самай дарагой у свеце батарэйкі мы будзем замяшчаць ніяк не 40 абяцаных адсоткаў, а, падобна, адсоткаў так 17…

Глядзіце таксама

Якія з гэтага высновы?

Тут нядаўна амбасадар Беларусі ў Расіі Дзмітрый Круты з пенай у рота даводзіў гледачам дзяржСМІ, што крэдыт на АЭС не трэба ўлічваць у замежных пазыках, маўляў, гэта камерцыйны праект, усё палічана, і акупляцца ён будзе за кошт тарыфаў на электрычнасць.

Ну, па-першае, цяпер тарыфы на электрычнасць у Беларусі ў паўтара разы вышэйшыя, чым у Ленінградскай вобласці, дзе працуе такая ж АЭС, а па-другое…

Магу даць руку на адсячэнне (левую, яе не шкада), што, калі яны пісалі бізнес-план, яны закладвалі гэта самае замяшчэнне ў 40% і, сутыкнуўшыся з рэальнасцю, атрымаюць «тыя ж яйкі, толькі ў профіль», як і ў выпадку з будаўнічымі трэстамі. Гэта значыць — альбо трэба будзе падымаць тарыфы для насельніцтва на электрычнасць разы яшчэ ў два, альбо — гасіць «камерцыйны» крэдыт за кошт дзяржбюджэту. А там лік ідзе на сотні мільёнаў долараў.

Вангую скандал з гэтай нагоды прыкладна праз паўгода пасля пачатку запланаваных выплат, дзе-небудзь восенню 2024-га года.

Будзе вельмі «электрычна» ... Ну вось гэта ўсё: «Ды як вы дапусцілі! Ды хто гэта зрабіў!» І сапраўды — хто?