«Яны ж нічым не дапамаглі нам, абсалютна». Беларусь выдаткавала на падтрымку людзей у пандэмію менш за ўсіх

Нядаўна Лукашэнка папракнуў «калектыўны Захад» у тым, што ён не дапамог Беларусі падчас эпідэміі каронавірусу. Пра тое, што гэта заявіў чалавек, які называў пандэмію «каронапсіхозам» і раіў лячыць COVID-19 лазняй і козачкамі, прамаўчым. Праект «Кошт урада» піша пра іншае: як улады Беларусі падтрымалі сваіх грамадзян падчас пандэміі.

7002.jpg


«Галоўным шокам для эканомік стаў лакдаўн — спыненне эканамічнай актыўнасці праз пандэмію», — пішуць эксперты «Кошта Урада» ў артыкуле на TUT.BY.

Страты ад яго ўвядзення ацэньваюцца ў дзясяткі мільярдаў еўра. Гэтая мера (увядзенне каранціну. — НЧ) стала крайняй, і толькі нешматлікія краіны, у тым ліку Беларусь, абралі для сябе іншы шлях. У выніку спынення эканамічнай дзейнасці скарачаецца інвестыцыйная актыўнасць, падаюць даходы насельніцтва. Закрыццё краін ставіць цэлыя галіны на мяжу выжывання. Перавозкі, турызм, грамадскае харчаванне пацярпелі асабліва моцна. Усё гэта выклікала неабходнасць прыняцця мер, накіраваных на падтрымку уразлівых груп насельніцтва і найбольш пацярпелых бізнесаў. Гэтыя фактары прама і ўскосна мелі свае наступствы ў выглядзе рашэнняў, якія ўрады прымалі ў дачыненні да сваіх рэзерваў.

Здавалася б, сітуацыя ў Беларусі павінна добра ілюстраваць прыклад таго, як крызісныя з’явы негатыўна ўплываюць на стан золатавалютных рэзерваў. Спалучэнне неспрыяльных палітычных, эканамічных і эпідэміялагічных фактараў прывяло да неабходнасці калі не разбіць дзяржаўную скарбонку, то істотным чынам яе вытрасці. На працягу года ўрад не раз заяўляў, што, нягледзячы на ўсе складанасці, знаходзіць шляхі падтрымкі насельніцтва і нацыянальнай эканомікі.

Праўда, міжнародныя эксперты не падзяляюць такі пункт гледжання. РБК са спасылкай на даклад старшыні Калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі паведамляе, што ўзровень падтрымкі ў Беларусі нацыянальнай эканомікі аказаўся вельмі нізкім. Паводле звестак з даклада, краіна знаходзіцца на апошнім месцы ў ЕАЭС па ўзроўні падтрымкі насельніцтва і эканомікі ў крызісным 2020 годзе — 1,4% ВУП. У параўнанні з іншымі краінамі ЕАЭС гэта ў разы менш. Да прыкладу, Казахстан выдаткаваў на гэтыя мэты 9% ВУП, Кыргызстан — 7,4%, Расія — 6,5%, Арменія — 3,5%.

Краіны ЕС, якія адчулі раней за іншых наступствы COVID-19, прынялі радыкальныя меры па спыненні эканомік, але, у той жа час, больш за іншых накіравалі сродкаў на дапамогу насельніцтву і бізнесу. У цэлым па ЕС гэты паказчык — 10,6% ВУП.

Такім чынам, улады Беларусі аказаліся самымі сквапнымі наконт падтрымкі людзей ў час пандэміі.

Прачытаць матэрыял з гэтымі лічбамі і даведацца пра тое, з чаго складаюцца беларускія рэзервы, можна тут.