Як прадаць сінявокую стабільнасць?

Жудасныя тэракты ў Парыжы зноў прымусілі скалануцца ўвесь свет. Свет ужо даўно і не да канца асэнсавана ўступіў у новую рэальнасць, калі межы не з’яўляюцца перашкодай для тэрарыстычнай вайны. 



stabilnasc_1_logo.gif

Аналітыкі сходзяцца ў думках, што зараз найвялікшай каштоўнасцю для ўсіх становіцца бяспека, спакой і стабільнасць.

Канешне, шок ад тэрактаў пройдзе — пра «Charlie Hebdo» і мільённыя акцыі салідарнасці з часопісам усе даволі хутка забыліся (што, магчыма, дало глебу да больш маштабнага паўтору сітуацыі). Аднак усё роўна на фоне барацьбы з «ІД», на фоне ўкраінскага канфлікту, амаль даказанага тэракту на борце расійскага рэйса «Кагалымавія» ў Егіпце, нашая краіна застаецца выспай той самай бяспекі і стабільнасці, якія, паўтаруся, усё больш каштуюць у свеце.

Эксперты кажуць, што ў выніку парыжскіх падзеяў афіцыйны Мінск пакуль што апынуўся ў выйгрышы. Месяц прайшоў пасля беларускіх выбараў, два тыдні — пасля чарговай інаўгурацыі Лукашэнкі, БДІПЧ АБСЕ яшчэ не паспела стварыць канчатковы даклад па назіранні, а свет пра Беларусь ужо забыўся. Бо ў нас усё ў парадку, у нас не страляюць і не ўзрываюць. У адрозненне, дарэчы, амаль ад усіх нашых суседзяў: Расіі, дзе ўзарвалі самалёт, Украіны з яе Данбасам, ЕС з Парыжам і крызісам уцекачоў.

Ёсць два шляхі дзеянняў у гэтай сітуацыі. Першы: сядзець моўчкі і ганарыцца сваёй стабільнасцю. Шлях другі — паспрабаваць манетызаваць гэтую стабільнасць.

Пакуль беларускія ўлады паспяхова ідуць па першым шляху. Аднак гэтая спрыяльная сітуацыя не будзе цягнуцца вечна. Зазначым, што Францыя пачала ўдзел у паветранай аперацыі ў Сірыі амаль адначасна з Расіяй. Адказ на гэтыя бамбардзіроўкі атрыманы не толькі французамі — расіяне атрымалі тэракт на борце «Кагалымавія», у выніку якога загінулі 224 чалавекі. Зразумела, ні Францыя, ні Расія не пакінуць тэракты без адказу: яны толькі ўзмоцняць аперацыі супраць «ІД». Гэта, канешне, павялічыць пагрозу далейшых тэрарыстычных атак, аднак пакінуць ісламістаў у спакоі — яшчэ найгоршае выйсце.

Пагроза тэрарызму ў Расіі пачне ўзрастаць найперш там, дзе яна мяжуе з ісламскім светам: на паўднёвых межах. Беларусь з Расіяй у адным ваенным блоку — АДКБ. І калі ў саюзніка на поўдні пачнецца «прасочванне» тэрарыстаў, мы абавязаны будзем дапамагчы, — калі нас, канешне, пра гэта папросяць. Галоўнае — дапамагчы так, каб і стабільная і сінявокая потым не стала мішэнню «ІД». Ці трэба выходзіць з АДКБ.

Днямі Аляксандр Лукашэнка абвясціў, што спадзяецца на сустрэчу з Пуціным, каб вырашыць «праблемныя пытанні, калі яны ёсць». Між тым відавочна, што ў Пуціна зараз сваіх пытанняў хапае — і з Данбасам, і з Сірыяй. Думаю, што ў кіраўніка Беларусі ёсць спадзеў: Пуцін дасць загад «разабрацца» з беларускім экспартам і дасць, можа быць, колькі грошай, абы Аляксандр Рыгоравіч у гэты складаны час ад яго адчапіўся, бо не да яго зараз.

У той час, калі расійская авіяцыя найбольш запатрабаваная ў Сірыі, можна адкласці на нявызначаны час і пытанне стварэння ў сінявокай расійскай авіябазы. Прынамсі, гэта адно з найбольш складаных пытанняў у размове з Пуціным для беларускага правадыра. Бо той сапраўды мае права запытацца ў Аляксандра Рыгоравіча: гаварыў ён ці не гаварыў пра расійскую авіябазу. І чаму адмаўляецца ад сваіх словаў?

Ход канём беларуская дыпламатыя можа зрабіць і ў бок Еўропы. Напрыклад, агучыць ім прапанову прыняць у Беларусі, напрыклад, мільён уцекачоў з Блізкага Усходу. А што? Кіраўнік краіны неаднаразова заяўляў, што ў Беларусі павінна быць не дзевяць мільёнаў, а дваццаць, а тое і трыццаць мільёнаў насельніцтва. Вось мы і прапануем ім за адпаведны ганарар пакінуць сабе пэўную колькасць сірыйцаў.

Гэта даволі бяспечна, таму што тыя ўцекачы ў Беларусь усё роўна не паедуць. Яны імкнуцца ў тыя краіны, дзе моцныя для іх сацыяльныя гарантыі, дзе можна жыць на дапамогу, не працуючы: Швецыя, Германія, Вялікабрытанія, тая ж Францыя. Каб уцекачы шукалі проста спакойнага жыцця, яны б паасядалі ў транзітных краінах: тых жа Сербіі, Чарнагорыі, Харватыі і іншых. Але яны прагнуць не толькі бяспекі, але і дабрабыту. Беларусь жа ім грошай не дасць — сваім не хапае.

Тым не менш, такая прапанова зробіць профіт беларускаму МЗС на еўрапейскай арэне.

Зразумела, што на гэтым фоне можна яшчэ раз паспрабаваць прадаць Захаду старую байку пра тое, што Беларусь з’яўляецца надзейным шчытом на шляху незаконнай міграцыі з усходняга боку. І, зразумела, не толькі незаконнай міграцыі, а таксама зброі з Усходу Украіны. Заходнія партнёры зараз вельмі ацэняць такія высілкі і намаганні — нешта можа абламіцца на мадэрнізацыю мяжы.

Можна яшчэ шмат што прыдумаць. Галоўнае — не марнаваць час магчымых бонусаў нашай стабільнасці.

Чытайце таксама: "Адкуль ідзе пагроза беларускай стабільнасці?"