Як рэкордныя выплаты па дзярждоўгу ЗША і крах рынку жылля ў Кітаі паўплывалі на курсы валют?

Беларускі рубель за тыдзень саступіў долару, еўра і расійскаму рублю, але пры гэтым здолеў умацавацца да аслабелага ў свеце юаня. А заробкі беларусаў працягваюць расці.

_finansy___ekanomika___hroszy__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__3__logo.jpg

На мінулым тыдні на замежных рынках долар зноў павёў сябе неадназначна: ён саступіў еўра і расійскаму рублю, але трохі ўмацаваўся да юаня. Myfin падводзіць вынікі тыдня на рынку валют з фінансавым аналітыкам Вадзімам Іосубам.

Рэкордныя плацяжы па дзярждоўгу ЗША

Інвестбанк ING у сваім свежым аглядзе адзначыў, што інфляцыя ў ЗША знаходзіцца на шляху да дасягнення таргету ў 2% да пачатку наступнага года, а апошнія даныя па інфляцыі PCE далі зялёнае святло вераснёваму зніжэнню стаўкі. Аднак спажывецкія выдаткі застаюцца вельмі высокімі, і гэта можа прымусіць ФРС адмовіцца ад агрэсіўных дзеянняў.

На думку кіраўніка ФРБ Сан-Францыска Мэры Дэйлі, ФРС неабходна знізіць стаўку на фоне зніжэння інфляцыі і запаволення эканомікі, а крок зніжэння будзе залежаць ад апошніх эканамічных звестак. «ФРС можа распачаць агрэсіўныя дзеянні, калі перспектывы будуць зразумелыя, аднак цяпер яны нявызначаныя», – заявіла яна.

Тым часам, выдаткі на выплату працэнтаў па федэральнаму доўгу ЗША дасягнулі рэкорднага ўзроўню — $3 млрд у дзень. Гэта ў 3 разы больш, чым 10 гадоў таму, і ў 2 разы больш, чым усяго 2,5 гады таму. Агульная сума штогадовых працэнтных расходаў па дзярждоўгу дасягнула $1,1 трлн у II квартале 2024-га.

У пятніцу выйшаў, мабыць, найбольш важны эканамічны рэліз перад вераснёвым пасяджэннем ФРС па стаўцы, гаворка ідзе пра статыстыку рынку працы за жнівень. З аднаго боку, узровень беспрацоўя, як і чакалася, знізіўся да 4,2% з 4,3% у ліпені. З іншага, колькасць новых працоўных месцаў па-за сельскай гаспадаркі вырасла на 142k, тады як эксперты чакалі дадатку на 164k. Акрамя таго, аналагічныя дадзеныя за ліпень былі перагледжаны з паніжэннем, з +114k да +89K.

Калі звярнуцца да чаканняў рынкаў аб рашэнні па стаўцы ФРС, якое будзе прынята на наступным пасяджэнні 18 верасня, то 70,0%, як і тыднем раней, паказвае на тое, што стаўка знізіцца на 0, 25 працэнтных пункта, да 5,25%. 

Тыя, 30,0%, што засталіся, прыпадаюць на верагоднасць зніжэння стаўкі на 0,50 працэнтных пункта да 5,00%. Рынак цяпер чакае зніжэння ставак на кожным пакінутым да канца года пасяджэнні (у верасні, лістападзе і снежні). Пры гэтым на канец года рынак чакае з максімальнай верагоднасцю 42,7% зніжэння стаўкі да 4,25%. Тыднем раней найбольш верагодным рынак лічыў зніжэнне стаўкі да канца года да 4,50%.

Глядзіце таксама

Крах рынку жылля ў Кітаі

А ў Кітаі ў жніўні вытворчая актыўнасць упала да шасцімесячнага мінімуму. Індэкс менеджэраў па закупках Нацыянальнага бюро статыстыкі Кітая знізіўся да 49,1 з 49,4 у ліпені, што стала шостым зніжэннем запар — і чацвёртым месяцам ніжэйшым за адзнаку 50, якая аддзяляе рост ад спаду. 

Пасля змрочнага другога квартала, другая па велічыні эканоміка свету ў ліпені страціла тэмпы яшчэ больш, што прымусіла кітайскіх палітыкаў даць зразумець: яны гатовыя адысці ад сваёй стратэгіі ўлівання сродкаў у інфраструктурныя праекты, замест таго, каб нацэліць на новыя стымулы для хатніх гаспадарак.

Тым часам сітуацыя на жыллёвым рынку Кітая працягне пагаршацца, паколькі розныя меры дзяржаўнага стымулявання не былі дастатковымі для падтрымкі сектара. Прынамсі, так лічыць галоўны эканаміст JPMorgan па Кітаю Хайбін Чжу. 

«Крах рынку жылля яшчэ не скончыўся», — сказаў ён у інтэрв'ю CNBC і дадаў, што кошты на жыллё стабілізуюцца не раней за 2025-ы год. 

У жніўні сярэднія цэны на новабудоўлі ў 100 найбуйнейшых гарадах Кітая выраслі на 0,11% адносна ліпеня, калі рост складаў 0,13%. 

Жыллё на другасным рынку патаннела на 0,71%. У гадавым вылічэнні новабудоўлі патаннелі на 1,76%, дамы на другасным рынку ўпалі ў кошце на 6,89%. 

Улады Кітая разглядаюць магчымасць падтрымкі рынку ў выглядзе рэфінансавання іпатэчных крэдытаў на суму да $5, 4 трлн, аднак аналітыкі сумняваюцца, што гэтая мера спрацуе.

У выніку ўсіх гэтых падзей, да закрыцця пятнічных таргоў на БВФБ долар знізіўся да еўра і расійскай валюты, але ўмацаваўся да юаня. 

Так, еўра пасля тыдня зніжэння падрос да долара з 1,1080 да 1,1110 (+0,3%). 

Да расійскага рубля долар зніжаўся другі тыдзень запар, гэтым разам з 90,0 да 89,5 (-0,6%), такое развіццё падзей мы прагназавалі на мінулым тыдні. 

У адносінах да юаня долар, пасля чатырох тыдняў зніжэння, падрос з 7,02 да 7,04 (+0,3%).

Змяненне валютнага кошыку ад пачатку 2024 года.

Змяненне валютнага кошыку ад пачатку 2024 года.

Перспектывы астуджэння кітайскай эканомікі на працягу тыдня аказалі сур'ёзны ціск на каціроўкі «чорнага золата». Кошт гатунку Brent апускаўся ў пятніцу да $70,50 за барэль — гэта мінімальнае значэнне з сакавіка мінулага года. 

На гэтым фоне краіны АПЕК+ дасягнулі дамоўленасці аб адтэрміноўцы на два месяцы павелічэння нафтаздабычы, якое планавалася з кастрычніка на 170 тысяч барэляў за дзень. Аднак ні гэтае рашэнне, ні напружанасць на Блізкім Усходзе, якая захоўваецца, не змаглі падтрымаць рынак ад падзення.

Глядзіце таксама

Беларускі рубель саступіў расійскаму

Што датычыцца беларускага рубля, то за тыдзень ён саступіў долару, еўра і расійскаму рублю, але пры гэтым яму ўдалося ўмацавацца да аслабелага ў свеце юаня.

У пачатку мінулага тыдня ЕАБР у сваім традыцыйным макрааглядзе звярнуў увагу на паскарэнне росту даходаў насельніцтва ў РБ. Аналітыкі банка адзначаюць, што рэальная зарплата вырасла на 15,4% год да года ў ліпені 2024-га пасля росту на 11,2% год да года ў чэрвені. 

Гэта самы высокі тэмп росту з кастрычніка 2023 года. Аплата працы ў намінальным выражэнні расце на фоне высокага попыту з боку кампаній на працоўныя рэсурсы, а таксама павелічэння надбавак асобным катэгорыям работнікаў бюджэтнай сферы, што падтрымлівае пашырэнне спажывецкага попыту ў эканоміцы.

За мінулы тыдзень больш за іншыя валюты ў працэнтным вылічэнні падаражэў да беларускага рубля расійскі рубель, з 3,5235 да 3,5469 за 100 расійскіх (+0,66%), ён расце другі тыдзень.

Нагадаем, што рост пары прыкладна да гэтага ўзроўню быў прагназаваны і на мінулым тыдні. Еўра вырас больш сціпла — з 3,5138 да 3,5259 (+0,34%). 

Менш за іншыя валюты падаражэў долар, з 3,1705 да 3,1731 (+0,08%). 

Адзіная патаннелая да беларускага рубля валюта — кітайскі юань. Ён, пасля чатырох тыдняў росту, знізіўся з 4,5191 да 4,5089 за 10 юаняў (-0,23%).

hroszy_valjuta_hrafik.png

На гэты раз рост расійскай валюты і долара ў складзе кошыка «пераважыў» зніжэнне юаня. У выніку валютны кошык падрос другі тыдзень запар, гэтым разам на 0,40%, што азначае адпаведнае паслабленне нацыянальнай валюты.

На гэтым тыдні мы чакаем умацаванне расійскай валюты ў дачыненні як да долара, так і да беларускага рубля.

Пры такім сцэнары ў канцы тыдня долар у дачыненні да расійскага рубля можа патаннець да 88,9. 

Расійскі рубель у адносінах да беларускага, верагодна, падрасце да 3,57 за 100 расійскіх.

Нагадваем, што меркаванні экспертаў банкаў, інвестыцыйных і фінансавых кампаній не з'яўляюцца афертай або рэкамендацыяй да куплі або продажы якіх-небудзь актываў або валют.

Глядзіце таксама