МАЗ выляцеў з ТОП-5 на расійскім рынку, але заробкі выраслі амаль напалову: пра што гэта кажа?
Летась МАЗ толькі губляў долю на расійскім рынку, які ўзрастаў. А сёння сітуацыя ўскладнілася — ён яе губляе ўжо на рынку, які падае. Рынак грузавых аўтамабіляў у Расіі падае чатыры месяцы запар. Прычым зніжэнне да рэкорднага мінулага года паскараецца.
Паводле звестак «Аўтастата», за студзень-ліпень продажы грузавікоў у Расіі ўпалі на 5,2%, да 71,9 тысяч штук.
Ён падае
Канца распачатаму ў красавіку падзенню не відаць. Напрыклад, на галоўным расійскім аўтапрадпрыемстве — КамАЗе — чакаюць, што за год рынак прасядзе на 15-22%, а можа і больш, піша Plan B.
Песімізм звязаны з тым, што ўдзельнікі рынку чакаюць павышэння ўтыльзбору (гэта, дарэчы, ужо стала прычынай прыпынення праекта па зборцы беларускіх аўтобусаў на Кубані) і, адпаведна, росту коштаў на тэхніку. Акрамя таго, рынак насычаны, склады вытворцаў поўныя тэхнікай, а стаўкі на крэдыты растуць. І будуць расці, бо Центрабанк Расіі прыняў рашэнне астуджаць сваю эканоміку.
Так што паўтарыць поспех 2023-га года аўтавытворцам не свеціць. Тады ў Расіі было прададзена 143,7 тысяч новых грузавых аўтамабіляў — рэкорд з далёкага 2007 года. У параўнанні з 2022-м, калі супраць Расіі толькі ўводзіліся санкцыі і сыходзілі пастаўшчыкі, прырост рынку склаў 71%, у 2021-м — 44%.
МАЗ тармозіць. Але не заробкі
Па выніках шасці месяцаў 2024-га МАЗ ужо не проста выпаў з пяцёркі лідараў па долі рынку. Ён апусціўся на восьмае месца. Яго абышоў кітайскі Dongfeng, які за год нарасціў долю з 1,9% да 6,4% і ўварваўся ў пяцёрку. У топе лідараў ужо чатыры кітайскія брэнды: SITRAK, Shacman, Dongfeng і FAW.
У першым паўгоддзі МАЗ прадаў у Расіі 2575 грузавікоў, што на 16% ніжэй за леташні ўзровень. Рынкавая доля беларускага вытворцы апусцілася ўжо да 4,3%.
Лідарам на расійскім рынку застаецца КамАЗ. Але і яго продажы ўпалі на траціну — да 10,7 тысяч грузавікоў.
Нягледзячы на прасяданне, МАЗ і КамАЗ адчуваюць сябе нядрэнна за кошт расійскага абаронзаказу. Гэтыя пастаўкі не ўваходзяць у «грамадзянскую» статыстыку. Але падрабязнасцямі на прадпрыемствах аддаюць перавагу не дзяліцца.
«Мы пяць гадоў працуем бясстратна, з чыстым прыбыткам. Атрымалася пераламаць негатыўныя тэндэнцыі, якія былі сфармаваныя ў пазнейшыя перыяды», — распавёў адзін з топаў МАЗа. Пры гэтым прадпрыемства відавочна пакутуе ад дэфіцыту магутнасцяў і працоўнай сілы.
Другую праблему вырашаюць традыцыйна — заробкі ў першым паўгоддзі выраслі, па словах дырэктара па эканоміцы, на 40 адсоткаў. «Гэты тэмп будзем падтрымліваць далей. Пры росце аб'ёмаў продажаў заўсёды забяспечваем індэксацыю заробкаў», — запэўніў ён.
Так што беларускі прэм'ер можа распавядаць з усіх сіл пра тое, што эканоміка не перагрэтая, а ўсе лічбы росту — матэматычна вывераныя. Але рост заробкаў на 40 адсоткаў на адным з флагманаў прамысловасці — сур'ёзны сігнал пра тое, што эканоміка працуе на мяжы.