Далей будзе горш. Што цяпер з беларускай нафтаперапрацоўкай?

Беларусь страціла галоўныя экспартныя рынкі нафтапрадуктаў, НПЗ скарацілі перапрацоўку ў два разы, але бензін у краіне ўсё роўна даражэе.

Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод. Фота: mazyr.by

Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод. Фота: mazyr.by


Палітычны крызіс у Беларусі, а затым і вайна ў Украіне крытычна адбіліся на галоўнай экспартнай галіне краіны — нафтаперапрацоўцы. Спачатку Мінск страціў еўрапейскі рынак для сваіх нафтапрадуктаў, а пасля пачатку вайны яшчэ і Украіна адмовілася ад беларускага бензіну, хоць Беларусь была яго найбуйнейшым пастаўшчыком. Ці засталіся яшчэ рынкі збыту ў Беларусі, як сітуацыя адбіваецца на нафтаперапрацоўчых заводах (НПЗ) і чаму бензін у краіне ўсё роўна працягвае даражэць — у матэрыяле «Deutsche Welle».

Беларусь страціла і еўрапейскі, і ўкраінскі рынкі

Нягледзячы на некалькі пакетаў заходніх санкцый супраць Беларусі, Украіна першы час не стала далучацца да іх і працягнула закупляць беларускія нафтапрадукты. Больш за тое, па выніках 2021 года пастаўкі беларускага паліва ва Украіну павялічыліся на 18%, што склала 78% усяго імпарту бензіну ў краіну.
Гандлёвыя адносіны паміж бакамі спыніліся толькі пасля пачатку вайны, таму што афіцыйны Мінск падтрымаў расійскую агрэсію. Украіна 16 чэрвеня арыштавала актывы беларускай паліўнай кампаніі «БНК-Украіна» на суму больш чым 20 млн. грыўняў (блізу 682 тысяч долараў). Таксама стала вядома пра арышт актываў беларускай нафтавай кампаніі «Сэрвіс Ойл».
Каментуючы гэтую навіну, дырэктарка Цэнтра эканамічных даследаванняў «BEROC» Кацярына Барнукова гаворыць, што цяпер арышт актываў кампаній мае мала значэння: «Вядома, не хацелася б губляць уласнасць над актывамі, але на фоне страты ўкраінскага і еўрапейскага рынкаў — гэта проста дробная непрыемнасць. А пасля заканчэння вайны ва Украіне, верагодна, будзе палітычнае лобі, каб не гандляваць з Беларуссю».

Ёсць альтэрнатыўныя рынкі для беларускіх нафтапрадуктаў

Ацаніць страты нафтаперапрацоўчай галіны цяпер складана, бо яшчэ ў мінулым годзе Белстат закрыў статыстыку, але Барнукова кажа, што сітуацыя сур'ёзная: «У бок украінскага і еўрапейскага рынкаў ішло каля 95% экспарту, а цяпер у нас застаецца ўнутраны рынак і расійскі. Тыя спадзевы, што ў нас ёсць у іншых галінах — на Цэнтральную Азію, краіны Далёкай дугі, яны не вельмі апраўданыя ў выпадку нафтаперапрацоўкі, таму што ў гэтых краін ёсць свае пастаўшчыкі. Атрымліваецца, што знешніх рынкаў практычна няма, бо нават у Расіі нас ніхто не чакае, там хапае сваіх магутнасцей».

01_07_3.webp


Эксперт па пытаннях энергетыкі з Мінска, які папрасіў не называць яго імя з меркаванняў бяспекі, расказаў DW, што страта ўкраінскага рынку — сапраўды сур'ёзная праблема, бо гэта быў вельмі прывабны і маржынальны рынак для Беларусі, і нафтапрадукты там гандляваліся ў прэміум-сегменце. «Раней гаварылі пра пераарыентацыю экспарту на расійскі рынак, але гэта выклікае сумневы. На расійскім рынку няма дэфіцыту нафтапрадуктаў, хоць я не выключаю, што ў абмежаванай колькасці беларускае паліва можа пастаўляцца ў бліжэйшыя да Беларусі рэгіёны Расіі», — кажа экспэрт.
Таксама ён у цэлым не выключае, што нейкі аб'ём нафтапрадуктаў можа пастаўляцца праз расійскія парты на знешнія рынкі, бо раней Мінск і Масква заключылі адпаведнае пагадненне. Так, нядаўна міністр транспарту РФ Віталь Савельеў заявіў, што ў бягучым годзе расійскія паўночна-заходнія парты адгрузяць 2,4 млн. тон нафтапрадуктаў з Беларусі, а ў мінулым годзе гэты аб'ём склаў 2,1 млн. тон.
«Зразумела, што сёння беларускія ўлады спрабуюць захаваць "нафтанку" на плыву, у разліку на тое, што завершыцца канфлікт ва Украіне і атрымаецца наладзіць пастаўкі на знешнія рынкі. Для гэтага трэба па максімуме захаваць экспарт куды гэта магчыма. Такія варыянты прапрацоўваюцца, хоць куды канкрэтна яны магчымыя, якія краіны — пакуль складана сказаць», — адзначае эксперт па пытаннях энергетыкі.

Беларускія НПЗ скарацілі перапрацоўку на 50%

Адсутнасць ранейшых экспартных рынкаў таксама адбіваецца на працы беларускіх НПЗ. Апошнія гады абодва заводы («Нафтан» і Мазырскі НПЗ) перапрацоўвалі прыкладна 18 млн. тон нафты ў год. Але нядаўна прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка заявіў, што з-за санкцый беларускія НПЗ скарацілі перапрацоўку ў два разы.
«Думаю, далей будзе толькі горш. Калі толькі Беларусь не знойдзе спосабы неяк абыходзіць санкцыі, напрыклад, прамаркіруючы нафтапрадукты як небеларускія», — кажа Барнукова. Паводле яе слоў, ужо відаць зніжэнне рэальных заробкаў на НПЗ. «Вядома, не такое крытычнае, як у хімічнай галіне — на 40%, але ўжо бачым мінус 10%. Пра прыбытковасць НПЗ дакладных даных няма, але можна здагадвацца — відаць, што рэнтабельнасць гэтых прадпрыемстваў падае і, хутчэй за ўсё, яны працуюць у мінус», — адзначае яна.

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева


Эксперт з Мінска кажа, што страта Украіны асабліва адбілася на Мазырскім НПЗ, які працаваў, у першую чаргу, на гэты рынак: «Яшчэ ў сакавіку завод спыніўся на капітальны рамонт, які звычайна доўжыцца месяц. А цяпер была інфармацыя, што рамонт плануюць працягваць да канца верасня». Акрамя таго, як кажа эксперт, па ўскосных даных можна здагадвацца, што ў НПЗ павялічылася крэдытная нагрузка.

Калі экспарту няма, чаму цэны на бензін у Беларусі растуць?

І эксперты, і сам урад адзначаюць, што цяпер нафтаперапрацоўчая галіна, у першую чаргу, працуе на ўнутраны рынак, які ацэньваецца ў 5-6 млн. тон штогод. Зрэшты, нягледзячы на гэта, цэны на паліва ў Беларусі працягваюць расці — за бягучы год іх ужо павышалі 20 разоў. Эксперт па энергетыцы звязвае гэта з ужо згаданымі крэдытнымі запазычанасцямі і адсутнасцю экспарту: «Рашэнне гэтых праблем улады спрабуюць перакласці не толькі на заводы, але і на спажыўца. Але, тым не менш, кошт паліва застаецца нізкім у параўнанні з еўрапейскімі дзяржавамі».
Кацярына Барнукова, у сваю чаргу, нагадвае, што ўнутраны рынак бензіну ў Беларусі субсідаваны: «Нафтаперапрацоўка зарабляла на экспарце, а на ўнутраным рынку губляла грошы, але пакрывала страты за кошт прыбытку на знешніх рынках, а цяпер гэтага няма. Другі фактар — рост коштаў нафты, які не мог не адбіцца на беларускай "нафтанцы"».
У такой сітуацыі, як кажуць эксперты, Беларусі цалкам бы хапіла аднаго завода для забеспячэння ўласных патрэб, але пакуль гаварыць пра гэта рана. «Можа, яны разлічваюць на нейкае месца на расійскім рынку, можа, прапрацуюць варыянты перапрафілявання, бо нафтахімія — гэта не толькі пра бензін і бітум. Але трэба разумець, што перапрафіляванне патрабуе інвестыцый і часу — гэта не тое, што можна быць зроблена за месяц-два. У цэлым пакуль не было заяў пра тое, што прадпрыемствы зачыняюцца, гэта застаецца ў прыярытэце і будзе заставацца ў бліжэйшыя паўгода. А калі далей не знойдзецца нейкае выйсце, то так, магчымае спыненне аднаго з заводаў або часткі магутнасцей на абодвух», — лічыць Барнукова.