Чаму беларусы забіраюць валюту з банкаў?

За тры гады валютныя дэпазіты насельніцтва скараціліся на траціну. Аднак на самай справе сітуацыя яшчэ горшая. Бо долар тры гады таму — і цяпер уяўляе сабой розную каштоўнасць.

_belarus_hroszy_ekanomika_kurs_infljacyja_fota_novy_czas__2__logo.jpg

За тры гады валютныя дэпазіты сталі меншымі на 37 працэнтаў, падлічыў тэлеграм-канал «Нашы грошы».

Звычка збіраць у замежнай валюце, а дакладней — доларах і еўра, заўсёды адрознівала беларусаў ад большасці суседзяў, якія, як правіла, выглядалі патрыётамі нацыянальнай валюты. Расіяне часцей зберагалі ў расійскіх рублях, літоўцы і латвійцы з уступленнем еўразону, адпаведна, у адзінай еўрапейскай валюце, палякі таксама аддаюць перавагу ўласнай грашовай адзінцы.

У Беларусі высокія тэмпы інфляцыі, і чарада дэвальвацый на фоне папулісцкіх заяваў урада значна падарвалі давер грамадзян да нацыянальнай валюты. Патроху ён пачаў аднаўляцца да 2020 года, але затым лёс зноў адвярнуўся ад «зайчыка».

У пачатку 2020 года ў насельніцтва на валютных укладах захоўвалася больш за $7,5 млрд. Яшчэ $4,5 млрд трымаў у выглядзе ўкладаў мясцовы бізнес.

Аднак у апошнія тры гады сітуацыя кардынальна памянялася. Пачатак 2023 года мы сустракаем з $4,75 млрд у выглядзе дэпазітаў насельніцтва і $5,90 млрд — у бізнесу. Выходзіць, за тры гады валютныя дэпазіты насельніцтва знізіліся на 37% (мінус $2,78 млрд), а ў бізнесу, наадварот, выраслі на 31% (плюс $1,39 млрд).

photo_2023_02_25_20_51_59.jpg

Адзначым, што гаворка тут не ідзе пра ператок сродкаў насельніцтва ў кішэню бізнесу. Насельніцтва бяднее, хоць гэта для многіх і не так відавочна на фоне заяў аб высокай страце снежаньскіх заробкаў у канцы мінулага года, калі аплата працы ў доларавым эквіваленце паставіла новы рэкорд — дасягнула $747.

Бяда ў тым, што нас падганяе рост коштаў як на мясцовыя тавары, так і валютная інфляцыя. У выніку адна і тая ж сума, нават пераведзеная ў валюту, цяпер і тры гады таму ўяўляе сабой розную каштоўнасць. А значыць, страта траціны валютных зберажэнняў беларусаў з улікам валютнай інфляцыі ўяўляе сабой яшчэ больш сумную карціну.

У сваю чаргу, рост валютных укладаў бізнесу шмат у чым стаў вынікам так званага «экспартнага цуду» 2021 года, а рост у 2022 годзе, верагодна, забяспечаны празмерным умацаваннем расійскага рубля да долара, у выніку чаго дэпазіты беларускага бізнесу ў расійскай валюце пры пераліку ў долары выглядаюць больш пераканаўча.

Як пісаў НЧ, адметна, што апошнія паўгода насельніцтва актыўна купляе валюту. Так, з верасня мінулага года да студзеня беларусы купілі на $532 млн больш, чым прадалі. Толькі ў студзені насельніцтва краіны купіла замежнай валюты на $771,8 млн, у той час як прадало на суму $711,4 млн. То-бок чыстая купля склала $60,4 млн. А гэта азначае, што ў студзені насельніцтва купляла каля $1,9 млн у дзень — на чыстай аснове. І пры гэтым відавочна, што беларусы не спяшаюцца папаўняць набытай валютай свае рахункі ў беларускіх банках.