Чаму беларускі калій падае ў цане? І прычым тут Кітай?

Цэны на калій зніжаліся ўвесь мінулы год. І сёлета лепш таксама не стане. Здаецца, стане горш. Прынамсі на гэта намякаюць свежыя даныя кітайскай статыстыкі.

Фота bjcxzd.com

Фота bjcxzd.com

За першыя два месяцы гэтага года Кітай павялічыў куплю калійных угнаенняў на чвэрць, піша udf.name са спасылкай на ютуб-канал «Беларусы і рынак». Гэта калі лічыць у тонах. А вось калі лічыць у грошах, то цана закупкі гэтых угнаенняў, наадварот, стала на траціну менш. Аб'ёмы куплі выраслі, а выдаткі на іх куплю, наадварот, зменшыліся. Усяго за студзень-люты Кітай купіў 2,64 млн тон калію на суму 832 млн долараў.

А ў кітайцаў больш грошай, а ў нас — менш. Цяпер Кітай купляе калій па 316 долараў за тону. А год таму цана была 590 долараў за тону.

Але нават гэтая новая цана, якая амаль у два разы ніжэй леташняй, усё роўна вышэй сярэдняй цаны сусветнага рынку. І гэта дрэнная навіна для «Беларуськалія». Таму што, хутчэй за ўсё, цэны будуць і далей зніжацца.

Таму што калійны рынак уладкаваны вельмі спецыфічна. Кітай і Індыя — гэта два самыя буйныя пакупнікі калію. Гэтыя краіны заключаюць доўгатэрміновыя кантракты на пастаўку ўгнаенняў па фіксаванай цане. І потым гэтая цана становіцца арыенцірам для ўсіх астатніх пакупнікоў.

Пры гэтым, паколькі Кітай — гэта самы буйны пакупнік калійных угнаенняў у свеце, паколькі ён дамаўляецца аб куплі адразу вельмі буйных партый, то для яго дзейнічае прыстойная зніжка. Цана для Кітая звычайна ніжэй, чым для ўсіх астатніх пакупнікоў.


Глядзіце таксама

Калі з сярэдзіны мінулага года Кітай купляў ўгнаенні па 307 долараў за тону, то сярэдняя сусветная цана вагалася ў раёне 350. Але з канца года сітуацыя стала мяняцца. Цэны на ўгнаенні пайшлі ўніз. Адна з прычын, дарэчы, агрэсіўны дэмпінг з боку Беларусі.

Да сакавіка сярэдні кошт тоны калію знізіўся на 40 долараў, у параўнанні з лістападам. І калі Кітай купляе ўгнаенні па 316 даляраў, то сусветная цана ў лютым была 290.

А гэта значыць, што цяпер Кітай будзе дамагацца зніжэння цаны ў рамках доўгатэрміновых кантрактаў. І, хутчэй за ўсё, даможацца. Таму што дэфіцыту ўгнаенняў на рынку няма, а попыт расце павольней, чым прапанова. А калі ўпадзе цана для Кітая, то ўпадзе цана і для астатніх.

Прычым Беларусь, хутчэй за ўсё, не зможа згуляць на сваім фірменным прынцыпе «аб'ёмы вышэй за кошт». Не зможа кампенсаваць зніжэнне кошту павелічэннем продажаў. Таму што ўсе перавагі прынцыпу «аб'ём вышэйшы за кошт» Беларусь ужо выкарыстала летась.

Прынамсі ростам попыту ў Кітаі ў пачатку гэтага года скарыстацца не атрымалася. За два месяцы Беларусь паставіла ў Кітай каля 450 тыс. тон калію на 142 млн долараў. У тонах аб'ём паставак прыкладна адпавядае леташняму. Так што «Беларуськалій» з першага месца па аб'ёмах пастаўкі ўгнаенняў у Кітай, на якім ён трымаўся ўвесь мінулы год, перамясціўся на трэцяе. А першыя два месцы занялі Расія і Канада.

Таму што рэзерваў для павелічэння вытворчасці засталося няшмат, ды і лагістыка не дазваляе моцна разагнацца. Расійскія чыгункі не гумовыя, а іншых маршрутаў, каб вазіць угнаенні ў Кітай, у нас няма. І да канца гэтага года лагістычных магчымасцяў больш не стане. Няма адкуль ім з'явіцца.