Ці вырашыць штучны інтэлект праблемы беларускай эканомікі?
Беларускія чыноўнікі што ўжо толькі ні прыдумляюць, абы выратаваць свае шкуры і крэслы. Напрыклад, просяць штучны інтэлект сачыць за рухам тавараў у Беларусі — як быццам гэта вырашыць праблему росту цэн.
Законы эканомікі — яны на тое і законы, што іх не атрымліваецца абысці. Парушаць іх, вядома, можна, але не доўга і не без наступстваў. У беларускай улады з законамі эканомікі неяк не ладзіцца. У іх наогул з законнасцю ёсць пэўныя праблемы. Вось і з эканомікай яны не ва ўсім згодныя.
Бо ВУП павінен расці. Праўда, для гэтага стымулаў няма. Але ВУП жа павінен расці! Таму давайце надрукуем грошай і разгонім унутраны попыт. Але цэны пры гэтым павінны стаяць. А ВУП павінен расці. Мы для гэтага ўжо і грошы надрукавалі. Але галоўнае — што цэны павінны стаяць, піша Валерый Віктаровіч на planbmedia.io.
І чаму пры гэтым пры ўсім раптам пачаў расці і даражэць імпарт? Мы ж яго пра гэта не прасілі!
Гледзячы на гэтую стэнаграму абстрактнага пасяджэння любога дзяржаўнага органа, становіцца зразумела, што звычайнымі вербальнымі замовамі сітуацыю не ўтрымаць.
Таму Банк развіцця заклікаў на дапамогу (барабанны дроб) штучны інтэлект. Гэты магутны інструмент быў усяго за 4 месяцы навучаны адсочваць, як рухаецца тавар ад уезду ў Беларусь і да канчатковага спажыўца. Каб, мабыць, можна было зразумець, на якім этапе гэты тавар даражэе.
ШІ — гучыць горда
Не ведаю дакладна, у чым сэнс гэтага практыкавання. Бо максімум, што можна атрымаць — гэта візуальнае пацвярджэнне простага факту, што ўсё даражэе.
Але, можа, улады, нагледзеўшыся на працу свайго лічбавага стварэння, яшчэ нейкія гандлёвыя сеткі ў чымсьці абмяжуюць. Ці яшчэ якіх-небудзь прадпрымальнікаў разгоняць, калі яны яшчэ засталіся.
А магчыма, што нават і рабіць нічога не стануць. Бо часам важней за ўсё — гэта далажыць начальству пра тое, які ты малайчына.
А штучны інтэлект — гэта, пагадзіцеся, гучыць горда. Гучыць так, як быццам праклятыя айцішнікі ў сваім варожым ПВТ нарэшце пачалі рабіць нешта талковае. Нешта патрэбнае для дзяржавы і зразумелае для глыбіннага народа.
Так што вопыт можна адразу прызнаць удалым і рухацца далей.
Таму што мне здаецца, гэта толькі пачатак.
Бо штучны інтэлект — інструмент зусім абыякавы. Што яго папросіш, тое ён і будзе рабіць.
Ёсць праблема? ШІ ў дапамогу!
Камандаваць «Цэны стаяць! Аць-два!» — толькі адна з бясконцых граняў яго таленту. Накарміўшы машынку правільнымі данымі і паставіўшы перад ёй патрэбныя задачы, можна лёгка вырашыць усе назапашаныя ў беларускай улады праблемы.
Напрыклад, няхай ШІ дапамагае мігрантам шукаць дзіркі ў польскім плоце.
Або хай знойдзе гандлёвых партнёраў сярод краін «далёкай дугі».
Можна таксама прабегчыся па патэнцыйных пазыкоўцах. Раптам яшчэ засталіся ў свеце жадаючыя даць грошай у доўг самай стабільнай краіне на свеце, каб потым любавацца на беларускія рублі дзесьці на рахунку Мінфіна ці таго ж Банка развіцця.
Мяркую, што камп'ютар здольны таксама адшукаць, у каго б яшчэ адціснуць бізнэс, і ў якіх кампаніях сілавікі яшчэ не ўвайшлі ў склад кіраўніцтва. Не кажучы ўжо пра пошукі «змагароў», нязгодных і нягоднікаў, якія плацілі данаты. Такія перспектывы адкрываюцца! Ажно дух захоплівае.
Ёсць нюанс. Дакладней, пытанне
Ёсць, праўда, адзін нюанс.
Штучны інтэлект пакуль што не замяняе натуральны. Машынка можа адказаць толькі на тыя пытанні, якія ёй задаюць. І на падставе толькі тых даных, якімі яе накармілі.
І нешта мне падказвае, што ўлады так і не вырашацца задаць галоўнае пытанне жыцця, сусвету і ўсяго такога: як забяспечыць Беларусі развіццё і росквіт. Як зняць усе санкцыі. Як наладзіць дыялог з усімі суседзямі і прагрэсіўным светам. Як пазбавіцца залежнасці ад Расіі. Як вярнуць у краіну людзей. Як прымусіць эканоміку працаваць, жанчын — нараджаць, лён — церабіцца, а людзей — шчыра любіць сваю краіну.
Таму што інтуітыўна яны ўжо ведаюць адказ.
І ён ім зусім не падабаецца.