Будавалі, будавалі… І недабудавалі. Будаўніцтва жылля — ніжэй запланаванага
Зноў «не змаглі»? Блогер і прадпрымальнік Аляксандр Кныровіч глядзіць на гадавую статыстыку па ўводзе жылля і параўноўвае яе не толькі з планамі, але і з мінулымі гадамі. Здагадайцеся, які вынік?
Павелічэнне будаўніцтва гэтых самых жылых метраў павінна было стаць адным з лакаматываў 2023-га года, былі на яго надзеі, і профільныя чыноўнікі білі сябе ў грудзі і кляліся (на Каране), што будзе 4,3 млн квадратаў! Ніяк не менш, інакш... Ну вось далей прамаўлялася нешта невыразнае, на чыноўніцкім.
Што ж атрымалася?
Афіцыйна — 4,194 млн кв. м. — або на 2,5% ніжэй за план. І ніжэй за 2022-гі таксама, заадно. Сакрэт такой прыкрай няўдачы можна зразумець, зазірнуўшы ў структуру ўводу жылля.
«Жыллё з дзяржпадтрымкай» правалілася, не знайшлося ў дзяржавы грошай на гэтую самую дзяржпадтрымку. У 2022-ім было ўведзена 1,824 мільёна, а ў 2023-ім — 1,590 млн, падзенне — 13% і рост уводу камерцыйнага жылля не змог пакрыць дзірку, якая ўтварылася.
І, ведаючы гэтыя даныя, цікава таксама тое, што калісьці, больш за 10 гадоў таму, увод жылля складаў 6,680 млн, або — на 60% (!) вышэй за бягучы ўзровень. І мэту ставілі — 10 млн квадратных метраў на год. І пад гэта і магутнасці планавалі, і абсталяванне закуплялі, і многае-многае-многае... А цяпер — вось так.
Ах так, быў жа яшчэ ў нас віцэ-прэм'ер — фантазёр, грамадзянін Калінін, які марыў наогул знішчыць камерцыйных забудоўшчыкаў, які планаваў, што іх доля будзе не большай за 20%.
Жыццё склалася так, што знішчылі самога грамадзяніна Калініна, а вось забудоўшчыкі — на месцы. Хоць і не ўсе.
Суд прыняў да разгляду справу аб банкруцтве «Лады-ОМС». Калісьці гэтая кампанія была знакавым забудоўшчыкам Грушаўкі.
Калісьці.