Беларусы будуць менш траціць на харчаванне ў выпадку росту тарыфаў на ацяпленне
Абмеркаванні ў межах фокус-груп паказалі, што ў выпадку значнага росту тарыфаў на цеплазабеспячэнне беларусы стануць менш траціць сродкаў на харчаванне, гаворыцца ў даследаванні Сусветнага банка.
Даследаванне было прысвечана рэфармаванню тарыфнай палітыкі.
«У межах абмеркаванняў у фокусных групах 90% удзельнікаў з ліку хатніх гаспадарак з нізкімі даходамі, якія не атрымліваюць сацыяльныя дапамогі, 67% з ліку хатніх гаспадарак з нізкімі
даходамі, якія атрымліваюць сацыяльныя дапамогі, і 53% з ліку хатніх гаспадарак з сярэднім узроўнем даходаў адзначылі, што яны скароцяць расходы на харчаванне для таго, каб аплачваць больш высокія
тарыфы», — гаворыцца ў даследаванні СБ.
Эксперты Сусветнага банка адзначаюць, што наступствы павышэння тарыфаў на ацяпленне будуць найболей востра адчувацца ў зімовы перыяд. «Ацяпляльны сезон у Беларусі звычайна пачынаецца ў
кастрычніку і завяршаецца ў красавіку. Адпаведна, расходы хатніх гаспадарак на аплату паслуг цеплазабеспячэння ўзрастаюць у першы і апошні кварталы года», — канстатуюць аўтары
даследавання.
Паводле ацэнак экспертаў, пры цяперашнім узроўні тарыфаў расходы на паслугі цеплазабеспячэння дасягаюць у ацяпляльны перыяд 4,5% ад штомесячнага даходу беларускіх сем'яў.
«Паводле сцэнарыя адзінай цаны пры поўным пакрыцці расходаў за кошт тарыфаў гарадскія хатнія гаспадаркі, якія адносяцца да 40% насельніцтва з нізкімі даходамі, будуць расходаваць
прыкладна 23% сваіх даходаў на паслугі цэнтралізаванага цеплазабеспячэння ў першым квартале; паводле сцэнарыя дыферэнцыраванай цаны сельскія хатнія гаспадаркі, што адносяцца да 40% насельніцтва з
нізкімі даходамі, будуць расходаваць 21%», — прагназуюць эксперты Сусветнага банка.
Паводле разлікаў эканамістаў Сусветнага банка, пры дзейным узроўні цэн на ацяпленне тарыфы на цеплазабеспячэнне, устаноўленыя для насельніцтва, пакрываюць не больш за 25% фактычных расходаў. У
той жа час эксперты звяртаюць увагу, што ўрад раней у праграмных дакументах запланаваў рост тарыфаў да поўнага пакрыцця фактычных расходаў.
«Урад плануе павялічыць тарыфы на цэнтралізаванае цеплазабеспячэнне да ўзроўню пакрыцця расходаў і ажыццявіць паэтапную адмену субсідый, замяніўшы іх праграмамі сацыяльнай
дапамогі», — гаворыцца ў даследаванні Сусветнага банка.
Тым часам беларускія эканамісты лічаць, што спачатку (да павышэння тарыфаў) неабходна павысіць эфектыўнасць працы галіны (жыллёва-камунальнай гаспадаркі) і толькі потым разглядаць пытанне аб
павышэнні тарыфаў для насельніцтва.
«У першую чаргу неабходна вызначыць эфектыўнасць выкарыстання сродкаў, якія насельніцтва накіроўвае на аплату жыллёва-камунальных паслуг, а толькі потым павышаць тарыфы на гэтыя
паслугі», — мяркуе эканаміст Даследчага цэнтра ІПМ Глеб Шымановіч.
Як паведамлялася раней, у лютым 2014 года па даручэнні Аляксандра Лукашэнкі створана міжведамасная група, якая займаецца праблемнымі пытаннямі ў сферы ЖКГ. Рабочай групе (яе ўзначальвае старшыня
Камітэта дзяржкантролю Аляксандр Якабсон) даручана вызначыць рэальны кошт жыллёва-камунальных паслуг.
БелаПАН