Беларусы ўсё менш ашчаджаюць. Бо няма чаго?

У апошнія два гады назіраецца тэндэнцыя да зніжэння долі ўкладаў і зберажэнняў у выдатках насельніцтва. І гэта — нягледзячы на «статыстычны» рост заробку і невялікія ваганні курсу нацыянальнай валюты.

_hroszy___finansy___ekanomika_fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__2__logo_1.jpg


Даныя аб выдатках беларусаў па выніках мінулага года кажуць пра тое, што насельніцтва адкладае кожны дзявяты зароблены рубель. Іншымі словамі, доля ўкладаў і зберажэнняў у выдатках насельніцтва складае 11,5%. Прычыны зніжэння долі ўкладаў і зберажэнняў у выдатках насельніцтва відавочныя, піша тэлеграм-канал «Нашы грошы».

Па-першае, зніжэнне даходаў на фоне росту коштаў летась заканамерна знізіла імкненне людзей да ашчадных паводзін. Не да жыру.

Па-другое, давер да банкаўскай сістэмы і вера ў перспектывы росту мясцовага бізнесу, куды тэарэтычна можна было б накіраваць кроўна заробленыя, цяпер знаходзіцца відавочна не на піку прывабнасці.

Такая сітуацыя негатыўна ўплывае на эканоміку. Зберажэнні ў дастатковым аб'ёме — гэта выяўленая ў грашовых сродках упэўненасць насельніцтва ў заўтрашнім дні. З дзевяностых для пабудовы гэтай веры эканоміка Беларусі прайшла складаны шлях. Так, у 1995 годзе насельніцтва зберагала ўсяго 1,2% ад сваіх даходаў, у 2000-м ужо 2,4%, у 2010-м — каля 9,5%.

Характэрна, што ўзровень зберажэнняў істотна адрозніваецца па краіне. Больш за ўсё гатовыя адкладаць жыхары Мінскай вобласці (14,3% у 2022 годзе), а жыхары Магілёўскай вобласці — усяго 8,4%. Усё ж такі даходы ў гэтых абласцях істотна адрозніваюцца. Раней першае месца па долі расходаў насельніцтва на ўклады і зберажэнні займала сталіца. Яна трывала трымала лідарства з 2014 года.

З 2022 года мінчане зберагаюць усё менш. Адначасова і колькасць тых, хто гатовы і мог адкладаць, у сталіцы стала адчувальна менш.

photo_2023_05_11_15_49_18.jpg


Цікава, што беларусы, нягледзячы на «павышэнне заробкаў», не кінуліся ўкладаць грошы ў звыклы для ашчаджэння інструмент — замежную валюту. Наадварот, паводле звестак Нацбанка, у красавіку Беларусі купілі замежнай валюты на $703,3 млн, у той час як прадалі на суму $810,7 млн. Гэта значыць, што чысты продаж склаў $107,4 млн.

Да лютага 2023 года сітуацыя была іншай, насельніцтва больш купляла валюту, чым прадавала. Аднак трэнд змяніўся, і з лютага па красавік на чыстай аснове насельніцтва ўжо рассталася з валютай на суму больш за $200 млн.

Можа быць, з дэклараваным ростам заробкаў нешта не тое?