Беларускія ўлады хочуць павялічыць падатковую нагрузку для ІП
Міністэрства па падатках і зборах можа павялічыць падатковую нагрузку на індывідуальных прадпрымальнікаў.
Міністэрства па падатках і зборах «падумае» пра павелічэнне падатковай нагрузкі для індывідуальных прадпрымальнікаў. Пра гэта заявіў намеснік міністра па падатках і зборах Ігар Скрыннікаў, піша «Экономическая газета».
Варта згадаць, што з 2022 года беларускімі ўладамі была абмежаваная магчымасць прымянення спрошчанай сістэмы падаткаабкладання для часткі ІП, а з 2023 года гэтая частка плацельшчыкаў у прынцыпе не будзе мець права ўжываць спрошчаную сістэму.
Акрамя таго, з 2022 года былі павышаныя стаўкі адзінага падатку для індывідуальных прадпрымальнікаў, а таксама скарочаны пералік відаў іх дзейнасці.
Па словах Ігар Скрыннікава, хоць стаўкі падатку выраслі ад двух да чатырох разоў, але ўсё роўна яны не дасягнулі 13 працэнтаў. Міністэрства па падатках і зборах збіраецца прааналізаваць даходы індывідуальных прадпрымальнікаў і падатковыя справаздачы за першае паўгоддзе.
«І па выніках аналізу мы будзем уносіць нейкія прапановы па павелічэнні падатковай нагрузкі», — падкрэсліў ён.