Аператар FELB запусціў мульцімадальны сервіс Кітай — Еўропа ў абыход Беларусі
Лагістычны аператар FELB запусціў новы мульцімадальны сервіс дастаўкі ў напрамку Кітай — Еўропа — Кітай. Аўстрыйская кампанія прапануе сваім кліентам пускаць тавары ў абыход Беларусі.
Тэставы рэйс быў выкананы ў лістападзе-снежні. Тавары з ЕС былі кансалідаваныя ў Санкт-Пецярбургу. Яны былі дастаўлены морам з партоў Гданьска, Гамбурга, Ратэрдама і Дуйсбурга. Далей быў сфармаваны кантэйнерны цягнік, які 11 снежня прыбыў у Пекін з Санкт-Пецярбурга піша REFORM.by.
Мяркуецца, што з новага года сервіс таксама будзе працаваць праз Казахстан. Сярод яго пераваг аператар называе меншую колькасць перагрузак кантэйнераў на чыгуначных пунктах пропуску.
«Апошнім часам неаднаразова ўзнікалі цяжкасці на еўрапейскай частцы маршруту з Цэнтральнай Еўропы ў Кітай. У прыватнасці, палітычная сітуацыя ў Беларусі і працяглыя затрымкі на мяжы з Польшчай абцяжарвалі транспарціроўку» — гаворыцца ў прэс-рэлізе аператара.
Акрамя Беларусі новы сервіс абыходзіць і Польшчу. FELB таксама падкрэслівае надзейнасць сваёй прапановы за кошт цесных сувязяў з расійскімі чыгункамі.
Трэба адзначыць, што ў апошнія гады кантэйнерны транзіт паміж Кітаем і Еўропай праз Беларусь быў адной з галоўных крыніц росту грузапатокаў для Беларускай чыгункі.