70 работнікаў «Гродна Азот» напісалі заявы на звальненне. Яны пратэстуюць супраць арышту іх калегі

Каля 70 работнікаў «Гродна Азот» напісалі заявы на звальненне, але пакуль не аддаюць іх кіраўніцтву. Так азотаўцы адрэагавалі на арышт свайго калегі і суды, якія пачнуцца неўзабаве. Калі іх сапраўды звольняць, то спыняцца сама меней два цэхі, піша Радыё Свабода.

6e450522_e06f_4636_bcab_df3073f3da2c_w1023_r1_s.jpg

Што стала штуршком для пратэсту?

Падчас пратэставай акцыі ў дзень інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі 23 верасня схапілі некалькі работнікаў «Гродна Азот». Аднаго з іх, Ігара Рубцэвіча, арыштавалі на 5 дзён, бо яго затрымалі паўторна. Гэта быў першы выпадак арышту за ўдзел у пратэстах на хімічным гіганце. Рубцэвіч выйшаў на волю 28 верасня.
«Сямнаццаць калег сустракалі яго як героя», — кажа лідар страйкаму «Гродна Азот» Юрый Рававы, які цяпер знаходзіцца ў Варшаве.

Юрый Рававы

Юрый Рававы

Перад гэтым 25 жніўня затрымалі калону азотаўцаў, якія ішлі з працы ў цэнтр горада. Іх было каля 30 чалавек, якіх пратрымалі ў пастарунку некалькі гадзін. Падтрымаць іх пад ізалятар прыйшлі каля паўтысячы гарадзенцаў, прыехала і кіраўніцтва «Азоту». Усіх выпусцілі ў той жа вечар, але склалі на іх пратаколы за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Суды над імі чакаюцца 30 верасня.

9ddfa63d_5666_4393_b8a3_21369adaa93e_w650_r0_s.jpg

Падтрымаць азотаўцаў пад ізалятар 25 жніўня прыйшлі каля 500 чалавек

Заявы на звальненне, адмова ад працы, італьянскі страйк

У адказ на гэта работнікі «Гродна Азот» пачалі пісаць заявы на звальненне, але пакуль не аддаюць іх кіраўніцтву. Гэта найперш тэхналагічны персанал цэху «Аміяк-3», які працуе па зменах. У гэтым цэху працуе каля 80 чалавек.
Перад гэтым адна са зменаў увогуле адмаўлялася заступаць на працу ў знак пратэсту. Да іх прыязджалі генеральны дырэктар Ігар Бабыр і галоўны інжынер Віктар Міхневіч. Урэшце яны дамовіліся працаваць далей.
Цэх «Аміяк-4» цяпер на планавым рамонце, хоць рамонт той меўся пачацца яшчэ ўлетку. Некаторыя азотаўцы мяркуюць, што кіраўніцтва зацягвала пачатак рамонту, бо баялася, што пасля работнікі адмовяцца яго зноў запускаць. Цяпер работы ў «Аміяку-4» ідуць досыць марудна. Гэта нагадвае італьянскі страйк. Работнікі адпрацоўваюць свой час, не выходзяць працаваць у выходныя, не застаюцца на «звышурочныя», як раней. Гэта законна.
«Людзі хутчэй паказваюць кіраўніцтву, што яны не будуць для яго зарабляць грошы», — мяркуе старшыня незалежнага прафсаюза «Гродна Азот» Андрэй Ханевіч.

Ці так проста іх звольніць і ці будзе далей працаваць завод?

«Аміяк-3» і «Аміяк-4» — адны з асноўных вытворчых цэхаў «Азоту». З імі звязаныя «Карбамід-3» і «Карбамід-4» адпаведна. Калі тых, хто напісаў заявы, сапраўды звольняць, то з такой нястачай кадраў цэх «Аміяк-3» не зможа працаваць. Ён патрабуе кантролю 24 гадзіны на суткі.
Як патлумачыў Андрэй Ханевіч, гатовых спэцыялістаў у гэтай галіне вельмі мала. Каб падрыхтаваць такога адмыслоўца, патрэбна паўгода.
На ўсім прадпрыемстве працуе каля 7 тысяч чалавек (калі не ўлічваць «Хімвалакно», якое ўваходзіць у склад гіганта). З іх прыкладна паўтары тысячы зменнага персаналу.
«Гэта людзі, якія менавіта зарабляюць грошы. Іх не будзе — і цэхі стаяць. Іх не падменіш. Гэта людзі, якія выпускаюць прадукцыю», — тлумачыць Ханевіч.

Падчас сустрэчы з уладамі 14 жніўня

Падчас сустрэчы з уладамі 14 жніўня

Незалежны прафсаюз спрабаваў адгаварыць работнікаў пісаць заявы на звальненне.

«Бо, хутчэй за ўсё, выйдзе крышку іншы варыянт. Некаторым, самым актыўным, падпішуць заявы аб звальненні, а астатнім скажуць: „У вас кантракт, працуйце далей“, і на гэтым усё затухне», — кажа старшыня незалежнага прафсаюза.

Наколькі небяспечная рэакцыя азотаўцаў?

Юрый Рававы тлумачыць, што азотаўцы не плануюць спыняць «Гродна Азот» экстрана і небяспечна. Яны хочуць найперш спыніць ціск на калег і начальніка цэха, які іх падтрымлівае. «Ніякіх пагрозаў экалогіі і абсталяванню няма», — запэўнівае лідар страйкаму.
«Мы самі жывём у гэтым горадзе, у нас тут жывуць сваякі. Падумайце, ці мы можам рызыкаваць іхнай бяспекай. Вядома, не. Тут працуюць падрыхтаваныя спецыялісты. Гаворка ідзе толькі пра ўзгодненае спыненне завода», — кажа яшчэ адзін з работнікаў завода.
Юрый Рававы перакананы, што калі супрацоўнікі будуць настроеныя на пратэст рашуча, гэта прывядзе да бяспечнага спынення цэху «Аміяк-3» цягам месяца. Бо такі загад аддасць само кіраўніцтва.

Што адбывалася на «Гродна Азоце» пасля выбараў?

Работнікі найбуйнейшага хімічнага прадпрыемства «Гродна Азот» аднымі з першых заявілі пра жаданне страйкаваць. Іхныя патрабаванні — адстаўка Аляксандра Лукашэнкі, новыя выбары, вызваленне палітвязняў і спыненне гвалту. Да іх на перамовы прыязджала кіраўніцтва горада, а потым і новы старшыня аблвыканкаму Уладзімір Каранік.

Азотаўцы на вулічных пратэстах

Азотаўцы на вулічных пратэстах

Кіраўніцтва прадпрыемства не дазволіла работнікам страйкаваць. Лідар страйкаму Юрый Рававы з мэтаў бяспекі з'ехаў у Польшчу. Вядома, што некалькі работнікаў звольніліся «за згодаю бакоў».
Работнікі «Гродна Азот» працягваюць удзельнічаць у вулічных акцыях. Максімум іх адначасна выходзіла каля тысячы чалавек на самым пачатку пратэстаў. Кіраўніцтва забараніла ім выносіць за межы завода працоўную форму.
«Гродна Азот» нельга спыніць імгненна з прычыны складаных тэхналагічных працэсаў. Гэта вельмі небяспечна. Спыніць яго можна паступова, прыкладна цягам месяца. Потым яго гэтак жа сама доўга трэба запускаць.
Некалькі разоў за апошні месяц знянацку ламалася абсталяванне ў цэхах «Аміяк-3» (які ўлетку быў на планавым штогадовым рамонце) і «Аміяк-4». Некалькі разоў над «Азотам» нехта вывешваў бел-чырвона-белыя сцягі.
Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаннем інфармацыі БелаПАН.