«Жыццё пражытае вялікае і нялёгкае, часам трагічнае, са стратамі, але шчаслівае»
Сёлета нашай гераіні Раісе Якаўлеўне Вішнеўскай (Коўган) споўнілася дзевяноста. Падчас сустрэчы яна перайшла да ўспамінаў пра мінулае, даваеннае калгаснае жыццё…
Пра галоднае маленства і калгас
Нарадзілася Раіса Якаўлеўна ў вёсцы Пацічова на Смалявіччыне ў вялікай сялянскай сям’і Якава Карпавіча (1898 г. н.) і Лізаветы Сцяпанаўны (1900 г. н.) Коўганаў. Калі пачалася мабілізацыя на Другую сусветную, нараджэнне сёмага дзіцяці ў Коўганаў уратавала бацьку ад адпраўкі на фінскі фронт. З таго моманту Раіса Якаўлеўна нядрэнна памятае, што адбывалася ў іх жыцці.
Бацька працаваў у калгасе. Маці — таксама, не звяртаючы ўвагі на амаль бесперапынную цяжарнасць. Імкнулася выпрацоўваць 280 нарматыўных працадзён. Пасля кожных родаў мела месяц перапынку і зноў ішла ў поле. Мусіла адпрацаваць шэсць дзён у калгасе, а ў нядзелю — на сваіх шасцідзесяці сотках. Сеялі сабе ўсяго пакрыху: бульбу, збожжа, каноплі. Грошай не было. У калгасах існавала свая валюта — працадзень. За яго атрымлівалі дзвесце грамаў зерня «з вуха». Так называлі апошні адсеў збожжа з асцюкамі і саломай з сартавальнага агрэгата — арфы. Ды нават спечаны з такога зерня хлеб для сялян падаваўся далікатэсам.
— А зараз з болем у сэрцы назіраю, як людзі цэлымі боханамі хлеб ды батоны ў сметніцу выкідаюць, — кажа, уздыхаючы, суразмоўца. — Мы ў той час кожнай скарыначцы рады былі!
За ўдзел калгасніка ва ўборцы ўраджаю бульбы, буракоў, лёну і канопляў калгас разлічваўся прадуктамі ў працэнтах пасля сезону. Можна было атрымаць не больш за конскую скрыню (адна тона) бульбы, а таксама пару пудоў насення лёну і канопляў. Насенне пешшу насілі ў Барысаў на маслабойны завод на выпрацоўку алею. Дарэчы, пры разліку за працадні калгас ніколі не браў да ўвагі малалетніх едакоў у сям’і.
Апраналіся ў саматканае. Мелі самаробныя станкі, пралкі, часалкі, верацяно ды кросны. Абуваліся ў лапці. Улетку нават іх бераглі і хадзілі больш басанож. Да вайны збожжа ў калгасе і на сваіх палетках жанчыны жалі сярпамі. Пасля сярпа заставаліся каласы. Збіралі іх дзеці басанож па ржышчы. Басанож хадзілі ў ягады і грыбы. Іх нарыхтоўвалі для сябе на зіму і насілі ў Смалявічы мяняць на соль, іголкі ды на іншыя неабходныя рэчы.
— Колькі сябе памятаю, — кажа Раіса Якаўлеўна, — пастаянна хацелася есці. Усю зіму маці выдзяляла прадукты так, каб іх хапіла да вясны. Цешыліся, калі на пагорках з’яўлялася маладая крапіва. З яе варылі суп.
І сёння кідае ў халодны пот ад гуку самалёта
У пачатку лета 1941 года Рэнька, так у вёсцы называлі Раісу Якаўлеўну, скончыла першы клас. А 22 чэрвеня пад вечар прыйшлі звесткі пра вайну. Ранкам 24 чэрвеня загуло ў Смалявічах і Мінску. Ад выбухаў дрыжэлі шыбы ў Пацічове. Пад вечар 26 чэрвеня ў вёсцы з’явіліся немцы. Спачатку паводзілі сябе спакойна. А як праз некалькі дзён грамыханне фронту адкацілася далей, пачалося жыццё, гарчэйшае за рэдзьку, кажа суразмоўца. Немцы ўсталёўвалі свой парадак: праверкі, рабаванні, забароны, пагрозы. Каб менш сутыкацца з імі, вяскоўцы больш жылі ў лесе ў зямлянках. Там хавалі прадукты, вопратку і свойскую жывёлу. У вёску прыходзілі рэдка, крадучыся, па неадкладнай патрэбе.
Пацічоўскія мужыкі, у тым ліку і Якаў Карпавіч, былі ў партызанах, і немцы намагаліся вылавіць каго-небудзь з вяскоўцаў, каб даведацца месца дыслакацыі партызан. Неяк Лізавета Сцяпанаўна з сям’ёй прыйшла ў вёску па правіянт ды спячы хлеб. Пакінуўшы дзяцей у хаце, пайшла ў дрывотню. Выйшла з хаты, а на падворку — немцы. Яны вярнулі жанчыну ў хату, пачалі вобшук і допыт. Высокі руды немец з закатанымі рукавамі на ламанай рускай спачатку, памахваючы бізуном, дапытваўся, дзе яе муж ды іншыя і ці ведае яна, дзе хаваюцца партызаны. Не атрымаўшы жаданага адказу, пачырванеў і моцна стукнуў жанчыне кулаком у твар. Лізавета Сцяпанаўна абрынулася на падлогу. А немец яшчэ з большай сілай працягнуў катаванне жанчыны бізуном і нагамі. Перапала і дзецям за гвалт і плач. Немец лупцаваў ахвяру, пакуль тая не страціла прытомнасць. Раісе Якаўлеўне той момант запомніўся як самы жудасны:
— Нам немцы забаранілі крычаць і плакаць, але, стоячы каля матулі, мы заліваліся слязьмі і трэсліся, як асінавыя лісточкі…
Немцы ўсім загадалі станавіцца ў адзін рад да хаты пад сцяну. Маці ўзяла на адну руку самую маленькую, Зінку, а другой прытуліла да сябе Жэньку, прыгаворваючы, каб нічога не баяліся і маўчалі. А ў гэты час трое нямецкіх аўтаматчыкаў, навёўшы зброю на жанчыну і сямёра дзяцей, чакалі каманды ад высокага фашыста. Дзевяцігадовая Рэнька глядзела на дулы аўтаматаў і ў думках шукала паратунак. Меркавала: як толькі з дзюрак пачнуць выскокваць кулі, яна паваліцца і прыкінецца забітай. А як з’едуць немцы, пойдзе да таты і ўсё яму раскажа. Дзе шукаць бацьку, яна ведае…
Рэньчыны думкі перарвалі аўтаматныя чэргі. Калі аўтаматы змоўклі, немец зноў запытаў, ці ўспомнілі, дзе хаваюцца партызаны. Але і на гэты раз станоўчага адказу не дабіўся. Пасля чаго адпусціў і, пагражаючы расстрэлам, загадаў, каб з падворка не сыходзілі. Допыты працягваліся амаль месяц.
— Увесь гэты час трое немцаў жылі ў хаце з намі, — кажа Раіса Якаўлеўна. — Матуля гатавала ім, а мы, дзеці, кожны дзень мылі ім ногі. А калі штосьці немцам не спадабаецца, то лупцавалі нас усё тым жа бізуном. І вось настаў час, калі мы выйшлі з падворка. Толькі мы марылі не пра такі выхад — выхад пад канвоем. Цешыла тое, што не ставілі больш да сцяны на расстрэл. Пад канвоем пагналі ў бок Смалявічаў, далучаючы па дарозе іншых вязняў. Праходзячы каля Шыпянскага лесу, убачылі, што поле паміж дарогай і лесам было засеяна забітымі мужчынамі. Пасля стала вядома, што расстралялі калону арыштаваных ваеннапалонных і мірных жыхароў, якія спрабавалі збегчы. Загінулі амаль усе…
У Смалявічах сям’ю разам з іншымі размясцілі ў дашчатым будынку з дзюркамі ў сценах. Праз два дні пагроза быць адпраўленымі ў Германію мінавала. Штосьці ў немцаў не склалася. Усіх выпусцілі і загадалі не пакідаць сваіх вёсак. За невыкананне — смяротнае пакаранне. Усцешаныя людзі пайшлі дадому. Па дарозе абмяроўвалі загад немцаў. Разумелі: гэта толькі адтэрміноўка зняволення. Заставаўся адзіны паратунак: сыходзіць у лес у зямлянкі. Так і зрабілі...
Зіма выдалася мяккай, але ўсё ж пачалі хварэць, асабліва дзеці. Спачатку думалася: звычайная прастуда, але аднавясковец, партызанскі доктар Міхаіл Міхейчык, паставіў дыягназ: тыф. Лячыцца ў зямлянках было складана. Вярнуліся ў вёску…
Праз нейкі час на досвітку на вёску наляцелі немцы з паліцаямі. Але як даведаліся пра тыф, з’ехалі. Вясной эпідэмія адступіла. Як пацяплела, людзі зноў сышлі ў лес. А хутка пачалася нямецкая блакада. Фашысты мелі задачу знішчыць партызан ды іх прыхільнікаў — мірных жыхароў. Каб людзі не загінулі, партызаны адвялі іх на балота, куды немцы не маглі дабрацца. Перажылі тады блакаду без ахвяраў. А вось у апошнюю, у 1944 годзе, гінулі людзі і ад куль, і ад авіябомб. Асколкам параніла ў нагу і Раісу Якаўлеўну. Яе і сёння кідае ў халодны пот, калі пачуе гул самалёта...
Бацькі не хацелі дачцэ калгаснай долі
У пачатку ліпеня прыйшло вызваленне. Гаспадарку адраджалі, галоўным чынам, жанчыны, старыя ды падлеткі. Мужчыны пасля партызанаў пайшлі ў Чырвоную Армію. Брыгада «Разгром», у якой партызаніў тата Раісы Якаўлеўны, 2 ліпеня 1944 года далучылася да Трэцяга Беларускага фронту. Якаў Карпавіч дайшоў да Берліна, дзе быў цяжка паранены. Вярнуўся дахаты напрыканцы 1946 года з пасечаным целам, асколкам у лёгкіх і перабітай нагой, — калі яго ўжо не чакалі. Спачатку пасля ранення не мог пісаць дадому, потым не хацеў, бо не быў упэўнены, што выжыве.
Як і да вайны, у калгасе працавалі за працадні, апраналіся ў саматканае ды ў лапцях хадзілі. Самым страшным быў голад. І да вайны жылі ў недаяданні, але той час быў сытым у параўнанні з пасляваенным…
Праз гадоў пяць пасля вайны стала лепш. У калгасе пачалі за працадзень даваць больш працэнтаў прадуктаў. На татаву пенсію інваліда вайны — 3 рублі 60 капеек — можна было купіць неабходнае. Напрыклад, чаравічкі дзяўчатам. Хлопцам купляць абутак не было патрэбы: яны адыходзілі ў войска ў лапцях, а вярталіся ў казённых ботах…
Раіса Якаўлеўна, калі ў 1952 годзе скончыла школу, адразу пайшла ў калгас, каб дапамагчы бацькам падняць малодшых сясцёр. Бацькі ж былі супраць таго, што Рэнька застаецца ў калгасе. Хацелася, каб дачка атрымала адукацыю, каб хоць ёй лепшая доля выпала, не калгасная. Але Рэнька стаяла на сваім:
— Пакуль брат і сястра не падрастуць, з хаты — ні нагой.
Як «наша Якаўлеўна» трапіла ў Чысць
Бацька́м год спатрэбіўся, каб угаварыць Рэньку паехаць у горад на вучобу. У 1953-м Раіса паступіла ў Мінскі політэхнікум, а ў 1955-м яго скончыла. Пайшла на працу да брата Пятра ў Смалявіцкае СМУ. Пасля яе і накіравалі ў Маладзечанскі раён на торфараспрацоўку новага радовішча Чысць начальнікам участка. Займела шмат абавязкаў і адказнасці. У падпарадкаванне перадалі шмат тэхнікі, паўтары сотні работнікаў. Асабліва запомніўся трактарок ДТ-20 з аднацыліндровым дызельным рухавіком. На іх мужчыны саромеліся працаваць. А работніц, якія імі кіравалі, называлі не трактарысткамі, а лётчыцамі, бо іх тэхніку можна было чуць здалёк. Гук рухавіка нагадваў работу самалёта-кукурузніка...
На прадпрыемстве Раіса Якаўлеўна пазнаёмілася з хлопцам з суседніх Івак Канстанцінам Ісаевічам Вішнеўскім (1931 г. н.). Ён працаваў электрыкам на заводзе. Маладых яднала падабенства лёсаў: аднолькавае калгаснае жыццё, працавітасць, шчырасць, ваенны шлях. Канстанцінаў бацька, Ісай, таксама з фронту вярнуўся інвалідам першай групы. Сяброўства маладых перарасло ў каханне. Тым часам Раісам Якаўлеўна атрымала новую пасаду — інспектар пры міністэрстве «Дзяржторффонда». Раіса і Канстанцін пажаніліся ў 1960 годзе. Пачалі нараджацца дзеці…
Адпрацаваўшы 25 гадоў інспектарам «Дзяржторффонда», выйшла на пенсію. Кіраўніцтва прасіла яшчэ папрацаваць, але яна сышла. У той час пенсіянеру пры дзяржпасадзе працаваць было стратна. Утрымліваліся вялікія падаткі. А для сям’і патрэбныя былі грошы. Таму Раіса Якаўлеўна пайшла на Красненскі льнозавод. Убачыўшы дакументы і працоўную кніжку, у адміністрацыі прапанавалі любую пасаду, акрамя дырэктарскай. Падзякаваўшы за давер, жанчына аформілася рабочай… А калі ў Чысці быў узведзены завод буйнапанэльнага домабудавання, Раіса Якаўлеўна перавялася туды прыбіральшчыцай…
Адпрацавала да 2004 года, мае пяцідзесяцігадовы стаж. І гэта без уліку калгаснай працы ў дзяцінстве. Але і сёння жанчына пры справах. У яе ад ранняй вясны пачынаецца нарыхтоўка ягад, грыбоў. Гародніны, яблыкаў, сліў, вішняў хапае не толькі дзецям і ўнукам, а нават іншым. Хапае і пачаставаць, і прадаць, каб гной купіць. Бо хімію Раіса Якаўлеўна не прызнае.
Напрыканцы нашай сустрэчы суразмоўца падзялілася:
— Жыццё пражытае вялікае і нялёгкае, часам трагічнае, са стратамі, але шчаслівае. Бо жывучы на гэтым свеце, нікому не рабіла шкоды, толькі дабро. І дзецям імкнулася прышчапіць гэта…