Вялікая страта: пайшоў з жыцця вядомы журналіст і аўтар «Новага Часу» Алег Панфілаў
Сёння, 10 лютага, на 66-ым годзе пайшоў з жыцця журналіст, публіцыст і пісьменнік Алег Панфілаў. Пра смерць Алега напісала ў фэйсбуку яго жонка, Аксана Маслак.
Алег Панфілаў нарадзіўся 7 верасня 1957 года ў Ленінабадзе (Таджыкістан).
У 1994-2000 гадах кіраваў маніторынгам Фонду абароны галоснасці. Быў дырэктарам Цэнтра экстрэмальнай журналістыкі пры Саюзе журналістаў Расіі (2000-2010). У 1994-2010 гадах супрацоўнічаў з «Радыё Свабода», некаторы час вёў праграму аб свабодзе друку ў краінах СНД і былога сацыялістычнага блока.
У самы разгар расійска-грузінскага супрацьстаяння Алег Панфілаў прыняў рашэнне хрысціцца ў Грузінскай праваслаўнай царкве — такой была рэакцыя на сілавыя захады Расіі супраць Грузіі. Ужо на наступны год ён пераехаў на сталае жыхарства ў Тбілісі. А неўзабаве Міхаіл Саакашвілі прадаставіў яму грузінскае грамадзянства. З 2009 года Алег Панфілаў жыў у Грузіі, быў прафесарам дзяржаўнага ўніверсітэта Іліі. Да 2012 года працаваў на першым Каўказскім канале, створаным па ініцыятыве Міхаіла Саакашвіліі.
Аўтар і сааўтар 54 кніг, аўтар сцэнарыяў да 8 фільмаў. Лаўрэат міжнародных прэмій. Кавалер Ордэна Гонару (Грузія).
У 2016 годзе выпусціў кнігу «Антысавецкія гісторыі» — зборнік артыкулаў і нарысаў, якія малююць бесстароннюю карціну расійскай рэчаіснасці, пачынаючы з часоў Расійскай імперыі і аж да ўзброеных канфліктаў XXI стагоддзя. У тым жа годзе кніга выйшла ў Цярнопалі ў перакладзе на ўкраінскую.
Больш за дзесяць гадоў таму Алег Панфілаў пачаў супрацоўнічаць з «Новым Часам» у якасці аўтара.
Зусім нядаўна мы размаўлялі з ім з нагоды смерці Вахтанга Кікабідзэ, з якім Алег сябраваў, і пра досвед рэформаў у Грузіі.
Смерць Алега Панфілава — непапраўная страта для ўсіх, хто яго ведаў. Рэдакцыя «Новага Часу» выказвае шчырыя спачуванні блізкім і сябрам Алега.