Памёр апошні кіраўнік ЦК КПБ Анатоль Малафееў

Памёр беларускі і савецкі дзяржаўны дзеяч Анатоль Малафееў. Пра гэта паведаміла прэс-сакратарка Саўміна Аляксандра Ісаева.

pic_413989dcb19121fd9a3e65e938d924ab_n8aii_f71688dd5dc3edb378018c9d45cb3483cf1a4a12.jpg


«Урад смуткуе ў сувязі са смерцю былога старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Анатоля Аляксандравіча Малафеева і выказвае шчырыя спачуванні яго родным і блізкім», — напісала яна, паведамляе REFORM.by.

Анатоль Малафееў нарадзіўся ў 1933 годзе. Ён быў апошнім першым сакратаром ЦК Кампартыі БССР, займаючы гэтую пасаду па 25 красавіка 1993 года, пасля чаго ён быў скасаваны. У 1996-2000 гадах Малафееў узначальваў Палату прадстаўнікоў.

Яго кар'ера пачалася ў 1949 годзе. Ён працаваў слесарам на Гомельскім і Мінскім вагонарамонтных заводах. Падчас службы ў арміі ўступіў у КПСС. З 1962 года знаходзіўся на партыйнай працы, у 1967 годзе скончыў Беларускі дзяржаўны інстытут народнай гаспадаркі імя Куйбышава, праз сем гадоў — вышэйшую партыйную школу пры ЦК КПСС.

У 1975 годзе Малафеева абралі дэпутатам Вярхоўнага савета БССР. Затым быў старшынёй Гомельскага аблвыканкама, уваходзіў у прэзідыум Вярхоўнага савета БССР, быў першым сакратаром Гомельскага абкаму кампартыі, дэпутатам Вярхоўнага савета СССР, членам ЦК КПСС, народным дэпутатам СССР, старшынёй Мінскага аблвыканкама, членам Палітбюро ЦК КПСС.

Малафееў падтрымаў ГКЧП, а потым назваў яго стварэнне злачынствам супраць партыі.

У незалежнай Беларусі быў намеснікам начальніка Галоўнага ўпраўлення па дзяржаўных матэрыяльных рэзервах пры Савеце Міністраў, дэпутатам Вярхоўнага Савета XII склікання.