Памёр Антон Фурс — вязень ГУЛАГу, які атрымаў 15 гадоў за прыналежнасць да «Саюза беларускіх патрыётаў»

Пра гэта паведаміў у Фэйсбуку яго сын Юрый. Пахаванне Антона Фурса адбудзецца 20 кастрычніка каля 14 гадзін на могілках у Паставах.

9c415bdd4dd66723ef7b38853ef35ddb_1.jpg


Антон Фурс быў вязнем ГУЛАГу, у 1947 годзе атрымаў 15 гадоў лагераў за прыналежнасць да «Саюза беларускіх патрыётаў» — арганізацыі вучнёўскай моладзі, якая ставіла сабе за мэту барацьбу з русіфікацыяй і захаванне беларускай культуры і ідэалаў беларускай незалежнасці.

Як піша на сваёй старонцы Кастусь Шыталь, Антон Фурс нарадзіўся ў 1927 годзе ў мястэчку Язна. У 1944 годзе паступіў у педагагічную вучэльню ў Глыбокім. Моладзь бачыла выцісканне беларускай мовы з навучальнага працэсу — і пастанавіла адказаць на гэта, стварылі арганізацыю, натхніўшыся прыкладам таемных гурткоў філаматаў і філарэтаў у Вільні пры Расійскай Імперыі.

25 сакавіка 1946 года, сабраўшыся на паддашшы дома ў Глыбокім, сябры СБП прынеслі прысягу на вернасць ідэалам незалежнай Беларусі. Падчас гэтай таемнай урачыстасці на сцяне была вывешаная Пагоня — яе намалявала Алеся Умпіровіч з Пастаўскай вучэльні, якая пасля лагераў стала жонкай Антона.

У 1947 годзе адбыліся масавыя арышты сябраў арганізацыі. Усе яны атрымалі вялікія тэрміны ў лагерах — да 25 гадоў, але большасць выйшла пасля перагляду справаў неўзабаве пасля смерці Сталіна, адседзеўшы прыкладна па дзесяць год.


Вярнуўшыся з лагераў, Антон Фурс узяў шлюб з Алесяй Умпіровіч, якая ўдзельнічала ў дзейнасці СБП у Паставах і таксама вярнулася з ГУЛАГу. Яны пражылі разам да 2017 года, калі Алеся памерла. Большую частку жыцця яны пражылі ў Казахстане, паехалі туды самі, бо на радзіме Антона не бралі на працу. Перыядычна прыязджалі ў Беларусь, адведвалі Ларысу Геніюш, з якой Алеся адбывала пакаранне ў лагерах.

І ў глыбокай старасці Антон цікавіўся беларускімі справамі, чытаў беларускія газеты, глядзеў беларускамоўнае тэлебачанне, наведваў сходы пастаўскай арганізацыі Таварыства беларускай мовы. У 2013 годзе пра СБП быў зняты фільм «Глыбоцкая змова», паказаны на тэлебачанні. У 2019 годзе — фрагмент інтэрв'ю з ім быў паказаны ў перадачы Stop Josta на літоўскім канале «LRT Plus».

«Новы час» пісаў пра спадара Фурса з нагоды яго 85-годдзя. Ён таксама быў сталым чытачом газеты.

247320177_1072110230212503_8016065393518145558_n.jpg


«Для нас, маладзейшых пакаленняў актывістаў, Антон Фурс і іншыя удзельнікі СБП былі прыкладам. Калі было цяжка — успаміналі, што некалі за беларускую справу давалі 10-15 гадоў лагераў. Калі хацелася ўсё кінуць — узгадвалі, што нельга кідаць тое, за што нашыя старэйшыя землякі аддалі сваю маладосць», — піша Кастусь Шыталь.

«У жніўні 2020 года, Антон Фурс разам з іншымі жыхарамі Паставаў быў на Плошчы. Я тады радаваўся, што ён дачакаўся часу, калі людзі выйшлі з бел-чырвона-белымі сцягамі... Прынамсі, ён мог пераканацца, што ідэя, якой ён ахвяраваў сваю маладосць, не знікла, што за яе змагаюцца маладыя», — адзначае ён.