Хто забіў Францішка Аляхновіча? Расследаванне Сяргея Дубаўца
3 сакавіка 1944 года, 80 гадоў таму, у Вільні ва ўласнай кватэры на вуліцы Ясінскага быў забіты беларускі драматург, пісьменнік, артыст, тэатральны рэжысёр, тэатразнаўца, рэдактар і выдавец, грамадскі дзяяч Францішак Аляхновіч. Хто ўчыніў злачынства і хто яго замовіў? Праўда пра гэта заставалася да апошняга часу загадкай, хоць дапушчэнняў выказвалася шмат, піша Сяргей Дубавец для «Радыё Свабода».
Постаць першае велічыні
Францішак Аляхновіч пражыў вірлівае жыцьцё, поўнае падзей, эмоцыяў і абсалютных творчых узлётаў, пазачасавага плёну… І быў забыты. Аўтар двух дзясяткаў п’ес, грунтоўнага даследавання „Беларускі тэатр“ і таго самага еўрапейскага бестсэлеру «У капцюрох ГПУ», пра ўласны досвед сядзельца сталінскіх Салаўкоў, якія яшчэ ніхто не называў ГУЛАГам… Быў забыты, а дакладней, пасля вайны быў наглуха забаронены, засакрэчаны, схаваны ў таемныя архівы, як тады думалі, назаўсёды. Але ўсе падобныя забароны насамрэч часовыя, і Аляхновіча зноў пачалі друкаваць у 1990-я.
Уражвае энергетыка ягонага пісьма і ягонай асобы. Ён літаральна прадзіраўся праз сваю долю беларускага (што для многіх значыла — трэцеразраднага) творцы, выцягваючы і сябе, і тэатр, і ўсю нашу культуру на еўрапейскую сцэну, пераадольваючы правінцыялізм і аматарства. А ўлады — што расійскія, што польскія ў Заходняй Беларусі — гвалтам вярталі яго назад, дазваляючы ягонаму тэатру толькі аматарскі статус. І вось, пачынаючы з 1990-х, тытан стаў разгортвацца ва ўсю сваю веліч. Вярнуліся на сцэну ягоныя п’есы, публіку проста прыгаломшыла перавыданне ягоных «Капцюроў», на Росах у Вільні паўстаў яго кенатаф працы выдатнага скульптара Эдуарда Падбярэскага, з'явіліся кнігі пра Аляхновіча, тэлеперадачы і фільмы пра яго. І гэтую хвалю ўжо было не спыніць.
Аляхновіч імкліва заняў сваё месца ў першым шэрагу нацыянальнага пантэону. І з новай сілай загучала пытанне: хто забіў класыка?
Разгадка блізка
Адказ знайшоўся амаль што «на паверхні». Гэтую крыніцу падказаў мне даследчык з Беларусі, імя якога ў мэтах бяспекі я назваць не магу. Факт пададзены ў літоўскай савецкай кнізе, зборніку дакументаў і матэрыялаў «Літоўскі народ у Вялікай Айчыннай вайне (1941–1945)» (Lіetuvos lіaudіs Dіdžіajame Tėvynės kare (1941–1945). Vіlnіus, «Mіntіs», 1982)*. На старонцы 274 знаходзім дакумент пад нумарам 311, ён прыводзіцца ў перакладзе з рускай, бо арыгінал адпраўляўся ў Маскву:
«Са зводкі ЛШПР (Літоўскага штабу партызанскага руху) № 7 (25) пра зьнішчэньне акупантаў і іх памагатых.
15 сакавіка 1944 году партызаны паведамілі, што ў Вільні партызаны забілі адказнага рэдактара выдаванай немцамі на беларускай мове газеты «Беларускі голас», Ф. Аляхновіча».
У зносцы ўдакладняецца: «Гэтую акцыю правяла дыверсійная тройка Віленскага гарадскога атраду на чале з Я. Сіманавічусам (Пятрайцісам)».
З выканаўцамі быццам усё зразумела, але яны маглі і не ведаць, каго ім загадалі забіць і за што яны яго забіваюць. І нам застаецца толькі дамаляваць усю карціну.
Хто замовіў забойства
Літоўскі савецкі партызанскі рух, як і беларускі, быў створаны і кіраваўся з Масквы. Узначальваў цэнтральны штаб усяго савецкага партызанскага руху першы сакратар ЦК КПБ Панцеляймон Панамарэнка, а літоўскім штабам кіраваў першы сакратар ЦК КПЛ Антанас Снечкус. Зразумела, што як агульныя, так і лакальныя задачы яны вырашалі разам. Больш за тое, адно з двух найбуйнейшых фармаванняў літоўскіх партызанаў размяшчалася ў Рудніцкай пушчы, на паўднёвы захад ад Вільні. На месцы ім кіраваў падпольны Паўднёвы абкам КПЛ. Рудніцкая пушча перацякала ў Налібоцкую, і таму ў партызанскім асяродку ніякіх рэгіянальных ці тактычных або нацыянальных падзелаў не было.
Адным парадкам ішло лясное жыццё, учыняліся дыверсіі, здабываўся харч і слаліся справаздачы на «большую землю», у Маскву. Таксама адным парадкам знішчаліся нацыянальныя школы, што ўзніклі пад нямецкай акупацыяй, грамадскія арганізацыі і ўсё іншае, што было пад корань высечана за саветамі, а цяпер ажыло.
Дзіўныя мэтамарфозы здараюцца ў гісторыі. Вілянчук ад нараджэння, Францішак Аляхновіч быў забіты ў сваім родным горадзе як «памагаты акупантаў», а сёння ў Вільні, дзе афіцыйна прызнаная савецкая акупацыя Літвы, памагатымі акупантаў лічацца тыя, хто забіў беларускага драматурга. І гэта цалкам лагічна з гледзішча Літвы, літоўскае нацыі і літоўскае тоеснасці, пра захаванне якіх не дбалі ні немцы, ні саветы. Адказнасць за сябе і за сваё — мову, культуру, гістарычную памяць, будучыню дзяцей Літвы — неслі самі літоўцы ў самых неспрыяльных умовах, пад скрыжаваным агнём армій чужых дзяржаваў, якія іх прымалі за «памагатых акупантаў», што з аднаго боку, што з другога. А яны, між тым, дбалі адно пра выжыванне на ўласнай зямлі.
Аляхновіч у Вільні быў адным са стваральнікаў Беларускага нацыянальнага камітэту, які хадайнічаў перад немцамі пра вызваленне з турмаў невінаватых людзей. Вызваляць удавалася, і гэтай справе адводзіўся асноўны час. Зоя Каўшанка, юрыстка і каляжанка драматурга ў БНК, успамінала пра тое, чым яшчэ яны займаліся і што ў трактоўцы забойцаў было «дапамогай акупантам»:
«Спрадвеку Вільня была асяродкам беларускага нацыянальнага руху, і цяпер, калі яна апынулася на тэрыторыі генэральнага камісарыяту Літвы ці, інакш кажучы, была далучаная да Літвы, нехта мусіў заапекавацца беларускай спадчынай, прыдбанай мінулымі пакаленьнямі. Гэта і ўзяў на сябе БНК. Найбуйнейшымі нацыянальнымі аб'ектамі былі беларуская гімназія й беларускі музэй. Яны захаваліся, і праца ў іх ішла нармальна.
Зь вялікімі высілкамі БНК дамогся паўгадзіннае радыёперадачы на беларускай мове. Гэта былі першыя беларускія перадачы зь Віленскае радыёстанцыі. На жаль, трывалі яны нядоўга. Аднойчы, калі мы з Аляхновічам прыйшлі чытаць перадачу, нас не пусьцілі. У акруговым камісарыяце нам растлумачылі: літоўцы ня хочуць, каб на Віленскім радыё была беларуская перадача, а паколькі Вільня належыць да літоўскай акругі, немцы ня хочуць зь імі спрачацца. Выглядала так, што літоўцы баяліся канкурэнцыі беларускага элемэнту ў Вільні. Другім дасягненьнем была газэта «Беларускі голас». Згодна з умовай, палова газэтнае плошчы мелася йсьці пад матэрыял, які даваў аддзел прапаганды, а палову газэта давала свайго, які, безумоўна, праходзіў цэнзуру. Фактычна аддзел прапаганды даваў трэцюю або чацьвертую частку нумару, пераважна паведамленьні з фронту. Рэшту рэдакцыя запаўняла сваімі тэкстамі культурна-нацыянальнага зьместу.
Камітэт ладзіў таксама канцэрты й лекцыі. Гэта былі, прыкладам, юбілейны канцэрт на 25-я ўгодкі гімназіі, выстава абразоў П. Сергіевіча, канцэрт М. Забэйды-Суміцкага. Нашыя культурныя справы немцаў мала цікавілі».(«Наша Ніва», № 4, 1991)
Затое востра цікавілі беларускія культурныя справы цэнтральны штаб партызанскага руху і асабіста яго начальніка Панцеляймона Панамарэнку.
Яшчэ ў 1938-м, заступіўшы на пасаду кіраўніка БССР, гэты краснадарскі казак з галавой узяўся вынішчаць усё беларускае, якое для яго было — «нацыянал-фашысцкае». Толькі, у адрозненне ад Лукашэнкі, каб абразіць беларушчыну, ён ужываў перакрыўленае беларускае слова «щирые», а не «свядомыя».
Гэта Панамарэнка прасіў у Сталіна дазволу арыштаваць Купалу і Коласа, а ў якасьці чальца «тройкі» НКВД вынес 4650 расстрэльных прысудаў. Здавалася б, зачысціў «щирых» дазвання. А тут пачалася вайна, і тыя зноў, дзе ні глянь, прабіваюцца як трава праз асфальт. Але ж і ён на кані, хоць і ў Маскве, але з цэлым сваім партызанскім рухам «на местах». У Мінску савецкія партызаны проста ў рэдакцыі «Беларускай газеты» забіваюць яе рэдактара Уладзіслава Казлоўскага. У Вільні, не прайшло і паўгода, савецкія партызаны забіваюць рэдактара «Беларускага голасу» Францішка Аляхновіча.
Сюжэты падобныя, замоўца той самы і выканаўцы з аднаго фармавання. Хіба што постаці ахвяраў не параўнальныя.
На момант гібелі Францішак Аляхновіч заставаўся на ўсю Беларусь найбуйнейшай фігурай сярод «щирых». Гэта разумеў Панамарэнка, разумелі і самі беларусы. Пра пахаванне, якое яны зладзілі Францішку Аляхновічу ў Вільні, відавочцы пакінулі нямала яркіх успамінаў. Я вазьму з іх толькі адно слова: грандыёзнае.
*Усе згаданыя ў тэксце кнігі і цытаты даступныя ў сеціве.