Як чырвоныя партызаны забівалі беларусаў у Налібоках

8 траўня 1943 года ў Налібоках на Стаўпеччыне партызаны забілі больш за сотню мірных жыхароў. Спачатку ў справаздачах паведамлялася, што ахвяры — гэта 200 паліцыянтаў. Пазней яны сталі немцамі, а лічба вырасла да 400. А насамрэч аніводзін немец тады не быў забіты.

nalibaki1.webp


Доўгі час пра гэтую падзею амаль ніхто ў маёй роднай вёсцы публічна ня згадваў. Яна ня ўпісвалася ва ўра-патрыятычную канцэпцыю Дня Перамогі, які адзначаўся на наступны дзень. Але з гэтай гісторыяй заўсёды жылі ўсе мае землякі і я, — піша Дзьмітры Гурневіч на старонках «Сваб*ды».

У двары майго роднага дому, дзе да канцы вайны стаяў шпіталь, партызаны ў гэты дзень забілі двух беларускіх настаўнікаў. У доме побач жыла баба Ўршуля Лукашэвіч, у якой партызаны забілі мужа. У доме з другога боку жыла Леанарда Юнцавіч, якая малой дзяўчынкай маліла партызанаў не забіваць ейнага тату, пакуль той хаваўся за печчу. Ідучы ў школу, я спускаўся з таго самага пагорка, зь якога, паводле сьведак тых падзеяў, 8 траўня ручаём цякла кроў. А непадалёк ад школы стаяў стары савецкі абэліск у гонар партызанаў, на якім памылкова былі выбітыя і імёны іхных ахвяраў.
Многія лічаць, што і сама трагедыя была фатальнай памылкай.

Перадгісторыя трагедыі

Улетку 1942 году немцы загадалі стварыць у Налібаках «самаахову». Прыцягнутыя туды пад пагрозай сьмерці налібацкія мужчыны мусілі ахоўваць мястэчка ад рабункаў партызанаў. На Налібакі з 2 тысячамі насельніцтва немцы пакідаюць 28 старых карабінаў. З аднаго боку немцы і пагроза сьмерці, а з другога — тысячы савецкіх партызанаў у пушчы.
Кіраўнік налібацкай самааховы Яўген Клімовіч спрабуе дамовіцца з апошнімі. Падчас перамоваў у пушчы партызаны прапаноўваюць налібачанам імытаваць напад на «самаахову», каб вёсцы ўнікнуць нямецкай помсты. Маўляў, мы нападзём, вы пастраляеце ўгару і пяройдзеце на наш бок. Немцам налібачане меліся агучыць вэрсію, што партызаны гвалтам павялі «самаахову» ў лес, і што там зь ёю сталася, невядома. На імытацыю нападу Клімовіч пагаджаецца, але просіць даць час, каб абдумаць прапанову аб пераходзе ў партызанку. Бакі дамаўляюцца перад «нападам» сустрэцца яшчэ раз і да «захопу» пазьбягаць сутыкненьняў. «Напад» нібыта дамовіліся ўчыніць 10 траўня.
Напад
А 5-й гадзіне раніцы 8 траўня з боку кроманьскага лесу ў Налібакі ўваходзіць атрад імя Сталіна пад камандаваньнем Васіля Чарнышова («Платона»).
У адным зь першых дамоў там жывуць Мішукі. Пасьля вайны яны апынуцца ў Амэрыцы, дзе сын гаспадароў Вацлаў напіша ўспаміны і прыгадае той дзень:
«Доўгая сэрыя з кулямёта разарвала пярэднюю сьценку пад вокнамі нашага дома і канапу ў другім канцы пакоя. Кулі затрымаліся на процілеглай сьцяне, некалькі сантымэтраў над нашымі галовамі. (...) З-за вокнаў далятаў крык: "Давай, давай, вперёд!". Мама падбегла да вакна і загаласіла: "Вёска гарыць!". Я выбег у споднім на падворак. Над вёскай і мястэчкам дым. Лямант у нашых суседзяў Лукашэвічаў. Два ўзброеныя чалавекі выводзяць з хаты Караля. За мужам бяжыць жонка Поля, за ёй бацькі. Людзі даводзяць Караля да гумна. Гучаць два сухія стрэлы зь пісталета».

Экзэкуацыі адбываюцца амаль у кожным двары паводле таго самага сцэнара. Партызаны — мужчыны і жанчыны — забягаюць у хату, страляюць у гаспадара, а часам і ў цэлыя сем’і, рабуюць дом. Байцы «самааховы» разгубленыя і ня ведаюць, што адбываецца. Нехта зь іх выбягае на падворак, думаючы, што гэта дамоўленая з партызанамі апэрацыя. Страляе, як і дамаўляліся, угару, а партызаны адказваюць чэргамі з аўтаматаў, падпальваючы будынкі.

Успаміны пра драматычны дзень 8 траўня налібацкія эмыгранты пасьпелі напісаць і апублікаваць. Іх лёгка можна знайсьці ў інтэрнэце. 6-гадовая тады Яніна Стасюкевіч запомніла, як партызан стрэліў у нагу ейнай маці. За Вераніку Стасюкевіч заступіўся іншы партызан, які загадаў спыніць агонь і прыгразіў застрэліць свайго напарніка. Пад дом Стэфана Стасюкевіча пад’ехаў партызан. Папрасіў у гаспадара запалак, а потым застрэліў яго і падпаліў дом.

Мечыслаў Клімовіч, які быў тады падлеткам, памятае, як партызаны выводзілі на вуліцу налібацкіх мужчын і загадвалі станавіцца ў шэраг. Да іх на кані пад’ехала жанчына, прывязала каня да плоту і са спакойным абліччам пачала страляць па мясцовых.

17-гадовую Марысю Грыгарцэвіч будзяць стрэлы з аўтамата. Дзяўчына вызірае ў вакно і бачыць, як незнаёмы падпальвае іхнае гумно. У дом забягае іншы партызан. У сенцах стаіць муляр Альбэрт Фарботка, які жыве ў Грыгарцэвічаў на кватэры. Партызан страляе яму проста ў твар і, пахіляючыся над ім, крычыць:

— Ё. тваю маць, сволач...

Нахіляецца, хапае за руку і шукае гадзіньнік. Няма... «Пракляты п... ц». Партызан сьцягвае з Альбэрта штаны і выбягае на двор.

15-гадовы Болесь Хмара хаваецца ў хаце. Праз сьцены ён чуе, як партызаны выводзяць на двор ягонага старэйшага брата. Жанчына страляе яму ў грудзі. Куля трапляе ў ключыцу і разрывае костку.

У сям’і Каржэнькаў партызаны таксама забіваюць старэйшага сына. Малодшы Толік назірае за гэтым з хлява. Калі саветы выходзяць на вуліцу, ён сядае на каня і ўцякае ў бок лесу. Бацька, мяркуючы, што гэта адзін з партызанаў, хапаецца за вінтоўку і страляе. Толік падае на зямлю.

Перад тым, як падпальваць дамы, партызаны іх дашчэнту рабуюць. З сабой у лес яны забіраюць 100 кароваў і 70 коней.

За дзьве гадзіны ў Налібаках загінулі 128 мясцовых. Ахвяры — пераважна мужчыны, але сярод забітых ёсьць тры жанчыны, падлеткі і дзесяцігадовае дзіця.

Некаторыя сем’і страцілі 7-8 чалавек. Хавалі забітых некалькі дзён. У многіх трунах былі толькі рэшткі спаленых целаў, у некаторых — толькі попел.

Савецкая вэрсія

«Уначы 8 траўня 1943 году партызанскія атрады пад кіраўніцтвам тав. Гулевіча і камісара тав. Муратава зьнянацку разграмілі нямецкі гарнізон самааховы мястэчка Налібакі. У выніку дзьвюхгадзіннай барадзьбы загінулі 250 самаахоўцаў», — гаворыцца ў службовай нататцы кіраўніка савецкай партызанкі на Наваградчыне Васіля Чарнышова («Платона»).

У нападзе на Налібакі, як успамінае Чарнышоў, узялі ўдзел атрады імя Дзяржынскага, «Бальшавік», імя Суворава ды іхныя камандзіры — тав. Канстанцін Шашкін, тав. Макаеў, тав. Фёдар Суркоў. «Платон» называе фантастычную лічбу ўдзельнікаў апэрацыі — 750 чалавек. Мясцовыя ж кажуць ня больш як пра 150 партызанаў.

Старшыня Цэнтральнага штабу партызанскага руху Панцеляймон Панамарэнка ўзнагародзіў кіраўнікоў апэрацыі ў Налібаках.

Вэрсіі

Напад на Налібакі быў караю мясцовым жыхарам за неляяльнасць партызанам і за сумневы ў бальшавіцкай уладзе. Так лічаць самі налібачане — тыя, зь якімі мне даводзілася пагутарыць, і тыя, хто пасьпеў апісаць падзеі 8 траўня ва ўласных успамінах.

У Польшчы некаторыя дасьледнікі пішуць, што за напад адказваюць габрэйскія партызаны з атраду Тэўе Бельскага, а сама апэрацыя была чыста антыпольскаю акцыяй габрэйскае партызанкі. Але гісторыкі даказалі, што ў траўні 1943-га атрад Бельскага быў на Лідчыне.

Ёсьць і тыя, хто перакананы, што бойня адбылася выпадкова. Нібыта ў сям’і налібачанаў Нецкаў гасьцяваў пляменьнік з Івянца, які быў паліцыянтам. Пабачыўшы шэрагі партызанаў, ён уцёк на паддашак і пачаў страляць, справакаваўшы крывавую помсту. У гэтай вэрсіі ёсьць адна сумнеўная дэталь. Дом Нецкаў знаходзіцца за 200-300 мэтраў ад дома Мішукоў пры лесе, які быў абстраляны першым. То-бок, дайшоўшы да Нецкаў, партызаны пасьпелі забіць некалькі дзясяткаў чалавек. Дый страляніна пачалася сынхронна ў розных канцах Налібакаў, паміж якімі амаль 2 кілямэтры.

У 2014 годзе я размаўляў зь нямецкім гісторыкам партызанскага руху ў Беларусі Богданам Мусялам. У 2000-я гады ён знайшоў у адной з навакольных вёсак жанчыну, якая падлеткам жыла ў партызанскім лягеры. Яна ўспамінала: вярнуўшыся з апэрацыі 8 траўня з Налібакаў, Чарнышоў быў у лютасьці і крычаў, што «самаахова» яму здрадзіла і ён быў вымушаны паступіць жорстка. Пра паліцыянта ў доме Нецкаў ён ня згадваў. Увогуле ніхто зь мясцовых яго ніколі ня бачыў. Гэтая вэрсія зьявілася пазьней, невядома, хто стаў яе крыніцай і ці быў той «пляменьнік Нецкаў» увогуле.

Заблытаная памяць

Пасьля вайны многія ўдзельнікі налібацкай апэрацыі атрымалі высокія партыйныя пасады ў Беларусі, частка вярнулася ў Расею. Ва ўспамінах некаторыя хваляцца, як 8 траўня 1943 году забілі ў Налібаках больш за дзьве сотні немцаў і паліцаяў. Чарнышоў памёр у 1969 годзе на пасадзе першага сакратара Прыморскага краявога камітэту КПСС і пахаваны на Новадзявочых могілках у Маскве.

Раённая кніга «Памяць», выдадзеная ўжо ў незалежнай Беларусі, піша пра разгром у Налібаках 8 траўня нямецкага гарнізону. Прытым што аніводнага немца ў той дзень у Налібаках не было.

На пачатку 1990-х гадоў адзін знаёмы журналіст, які тады працаваў на Беларускім тэлебачаньні, сустрэўся ў адным зь менскіх паркаў з былым партызанам з Налібацкай пушчы. Задаволены цікавасьцю да сябе, вэтэран расказваў з гонарам пра баявое мінулае. Але калі журналіст спытаўся пра дэталі «налібацкай апэрацыі», той сарваў мікрафон і бяз слова разьвітаньня пачаў уцякаць, ледзь ня трапіўшы пад трамвай. Магчыма, ён быў адным з апошніх, хто памятаў тыя падзеі ня з гледзішча ахвяры.

У першай палове 1990-х за грошы налібацкай эміграцыі на парафіяльных могілках быў пастаўлены вялікі помнік. Надпіс на шыльдзе сьведчыць пра 128 забітых налібачан. Адзін з фундатараў, амэрыканскі налібачанін, расказаў мне, што ўмовай згоды на помнік была адсутнасьць згадкі пра забойцаў. Сёньня, як усе апошнія 15 гадоў, там адбудзецца жалобнае набажэнства за ахвяраў. Але расказаць пра забойцаў у Налібаках ужо няма каму.