Ганна Хітрык — гераіня гета

Гэты артыкул быў апублікаваны яшчэ ў ліпені 2009 года. Маладая таленавітая літаратарка і журналістка Марыя Мартысевіч піша пра маладую і таленавітую актрысу Ганну Хітрык. Пачынаўся ён даволі правакатыўна. Нам падалося, што і Ганна, і Марыя, і чытачы НЧ з задавальненнем прачытаюць яго яшчэ раз.

cc1aa436277138f61cda703991069eaf_logo_1.jpg


Першая і галоўная рэч, за якую хочацца падзякаваць Ганне Хітрык, — гэта тое, што яна непрыгожая. Не прыгожая той прыгажосцю, якую, паводле пануючых у грамадстве перакананняў, належыць мець любой жанчыне, што хоча зрабіць кар’еру акторкі або спявачкі.
Вядучыя тэатральныя падмосткі і эстрада развілі нават у самага падрыхтаванага гледача трывалы ўмоўны рэфлекс: калі перад табой жанчына без дэкальтэ, доўгіх бліскучых валасоў і эфектнага макіяжу — гэта непрафесійна.
Некалькі год таму я пабачыла па беларускім тэлебачанні сацыяльны ролік, які заклікаў не смеціць на вуліцах. Дзяўчына і хлопец нефармальнага выгляду, седзячы на лавачцы ў парку, раптам апынаюцца па вушы ў смецці, накіданым мінакамі. Парачка выглядала надзвычай блякла, штодзённа і натуральна — нібы так і сядзела на той лавачцы, калі да іх падышлі з камерай. Яны здаваліся людзьмі з вуліцы. І калі праз некаторы час я даведалася, што гераіня роліка ні з якой не з вуліцы, а з вядучага драмтэатру краіны, мяне ахапіла шалёная радасць. Ад таго, што такую дзяўчыну прынялі. Спачатку на акторскі факультэт, а потым — у Купалаўскі.
Гэта было толькі першае ўражанне. Калі мне давялося бліжэй пазнаёміцца з талентам Хітрык, выявілася, што горы смецця з роліка — гэта барыкады новага культурнага перавароту, а Ганна — своеасаблівая Свабода на іх.

Пад вэлюмам кічу


Нягледзячы на лета, адносную цеплыню, доўгія дні і кароткія ночы, якія ўсе мы з вамі зараз перажываем, я мушу з сумам і трывогаю канстатаваць: мы жывем у няпростыя, змрочныя часы, спадарства. Часы, калі існаванне любога грамадзяніна Беларусі з ног да галавы ахутана кічам. Дзякуючы ідэалагічнай устаноўцы — усё для народа — кіч стаў вядучым стылем новай эпохі. Пастаўляючы, галоўным чынам праз тэлевізар ды жоўты і глянцавы друк, культурны прадукт, што як найлепей задавальняе масавыя густы, дзяржава (эфект зачараванага кола) у той жа час гэтыя густы фармуе. У Беларусі чакаюць «Еўрабачанне» як Вялікдзень, парад на Дзень Рэспублікі — як Тройцу, а «Славянскі базар» — як Мядовы Спас: кліпамі, нарэзанымі з канцэртнай праграмы гэтага вядомага на ўвесь былы СССР поп-кірмашу, телевізійнікі кормяцца потым усю зіму, як пчолы мёдам.
Краіна распалавінілася паводле медыйных упадабанняў: большасць, залежная ад жоўтай прэсы і тэлевізару, супрацьстаіць меншасці, залежнай ад інтэрнэту і электронных СМІ. Вельмі часта гэтым дзвюм часткам няма пра што пагаварыць.
Безумоўна, праблема кічу — не выключна беларуская. Але ў іншых краінах насельніцтва, прынамсі, мае права выбару: у суседніх Расіі і Украіне поруч з гламурнымі поп-праектамі квітнее шоу-бізнес фестываляў рок-, этна-, джаз-, бард-, якой-толькі-захочаш музыкі. У Польшчы тэатралы збіраюцца на фэсты альтэрнатыўных ды вулічных тэатраў, у маленькай Літве штогод праходзіць некалькі буйных літаратурных фестываляў. Усё гэта — пры добрай рэкламе і вялікай глядацкай увазе. У Беларусі ж любыя спробы нефармальных мастакоў, артыстаў, музыкантаў займацца альтэрнатыўнай культурай вядуць чалавека ў глухое безнадзейнае гета культурнай альтэрнатывы. Невялікая тусоўка з невялікім, але адданым колам прыхільнікаў спрабуе ствараць супрацьвагу мейнстрыму. Як і любое мастацтва, гэта — без перспектывы зарабіць вялікія грошы і да канца рэалізавацца на радзіме.

Альтэрнатыўныя «Детидетей»

Вось дэкарацыі, на фоне якіх акторка, вакалістка гурта «Детидетей» Ганна Хітрык выходзіць на мае падмосткі. З ёй поруч на сцэне граюць такія вядомыя вузкаму колу прыхільнікаў зоркі: Леанід Паўлёнак з «Нагуалю», Святлана Бень з «Серебряной свадьбы», Андрэй Такінданг з «Рэха» і «Гаротніцы», музыкі Атмараві, Сяргей Пукст, гурт «Джамбімбум» і некаторыя іншыя. Музыку яны граюць розную: іх аб’ядноўвае хутчэй тое, чаго яны не граюць: гэта не рок у класічным разуменні, прышчэпленым нам у 90-я, і гэта не папса. Трэці фармат.
Гурт «Детидетей» быў заснаваны ў 2005 годзе Ганнай і двума іншымі маладымі акцёрамі Купалаўскага тэатру. І амаль адразу адбылося неверагоднае: праект вельмі імкліва набраў папулярнасць, выпусціўшы за 4 гады 2 альбомы, даўшы безліч канцэртаў на вялікіх пляцоўках пры аншлагу. «Дзеткі» фактычна прарвалі блакаду культурнага гета па правым флангу (з левага флангу заходзіў гурт «Серебряная свадьба»). Пра альтэрнатыўную культуру загаварылі.
Ганна Хітрык пазітыўная. За гэта ёй хочацца падзякаваць у другую чаргу. Гэты пазітыў ідзе ад асобы і найбольш відавочны, калі Ганна выходзіць на сцэну як спявачка, а не як акторка. Як спявачка яна таксама грае ролю — вакалісткі альтэрнатыўнага гурта, галоўны месідж якога — дзяцінства засталося ў кожным з нас, колькі б нам ні было па пашпарце. Ганна-спявачка — сама сабе рэжысёр. Кожная песня — міні-мона-спектакль. Калі на тэатральнай сцэне яе стрымлівае тэкст, пастаноўка, вобраз, — то на музычнай яе не стрымлівае нічога. Яна стварае там такі вобраз, які хоча сама. У залю б’е фантан добрай энергіі і выдатнага настрою. «Гэта не каноплі, не!» — тлумачыць яна падарунак, прышчэплены да білета першага вясновага канцэрту гурта ў Мінску. На пакеціку напісана: «Першыя вясновыя парасткі». Прыходжу дадому, саджу — насустрач сонцу на маім падваконні прабіваецца душысты гарошак.

Квіткі «на Хітрык»


Ганна Хітрык нарадзілася ў 1980 годзе ў Чэлябінску, узначаліла рускамоўны беларускі гурт і, здаецца, прынцыпова не размаўляе ў жыцці па-беларуску. Але самая важная для мяне рэч, за якую ёй хочацца падзякаваць, — яна патрыятычная. Ганна — патрыётка нашага з ёй гета, якая вядзе барацьбу за яго вызваленне. Ці не адзіная, хто адкрыта змагаецца супраць стразаў і блёстак, якія запаланілі беларускую культурную прастору. Падчас мінулагодняга канфлікту ў Купалаўскім тэатры, які прывёў да змены кіраўніцтва, Гаўрошам, што ўскочыў на барыкады і ад імя трупы адкрыта заявіў: у тэатры шмат анахранізму і папсы — была яна. Гэта быў яшчэ адзін важны прарыў альтэрнатыўнага мастацтва за межы, прызначаныя яму СМІ і чыноўнікамі.
«Нармальных» спектакляў Купалаўскага тэатру даводзіцца чакаць больш за месяц, а на квіткі — паляваць. У большасці «нармальных» спектакляў занятая Хітрык. Даведацца, у які дзень грае які акторскі склад, фактычна немагчыма: ужо больш за год моладзь Мінску ходзіць у тэатр «на Хітрык», імкнучыся набыць квіткі менавіта на той, дзень, калі на сцэне будзе яна. Грае яна і на іншых тэатральных пляцоўках Мінску, але для мяне важна, што Хітрык-акторцы належаць дзве шэдэўральныя інтэрпрэтацыі жаночых вобразаў з беларускай класікі — Ганна з «Сымона-музыкі» і Надзея з «Дзікага палявання караля Стаха».
У «Сымоне», пастаўленым Мікалаем Пінігіным, Ганна у выкананні Хітрык — з самага пачатку памяшаная; як і галоўны герой, яна абсалютна не ўпісваецца ў рацыянальны і груба-матэрыялістычны свет беларускай вёскі, яна адчувае скрыпку сэрцам, яна кахае Сымона, але там — на нябёсах. У спектаклі ёсць сцэна спаткання Ганы і Сымона над возерам. Ён і яна глядзяць перад сабой, не інтаніруюць рэплікі, не кранаюцца адзін аднаго. Але мы чуем не два маналогі, а дыялог закаханых людзей, бо закаханыя — не тыя, хто глядзяць адзін на аднаго, а тыя, хто глядзяць у адзін бок. А калі Ганна вар’яцее па-сапраўднаму, — мы бачым на сцэне не распусную русалку, як гэта атрымалася ў яе партнёркі па ролі, а хутчэй Афелію. Хітрык глядзіцца на сцэне як жаночая копія Сымонкі — Аляксандра Малчанава. Калі бачыш на сцэне гэтых двайнятаў, вобраз галоўнага героя ўрэшце раскрываецца напоўніцу, стаецца беларускім Інь-Янем.
Іншая справа — «Дзікае паляванне». Гэта фактычна тэатр адной актрысы. Надзея — жыхарка Балотных Ялінаў — таксама памяшаная. І сапраўды, дзяўчынка, якая перажыла столькі жаху, не можа быць нармальнай. Істэрычная торганасць, размовы з лялькай, лунатычны адсутны выгляд — і ў той жа час выхаванне, годнасць шляхцянкі — усё гэта арганічна спалучае сваёй ігрой Хітрык. У гэтым спектаклі ёй значна прайграюць усе мужчыны — і найперш Андрэй Беларэцкі — апантаны вечнымі сумневамі інтэлігент, пакліканы, паводле караткевіцкага сюжэту, уратаваць яе ад жаху.
Роля сястры ў «Старэйшым браце» паводле Вампілава на сцэне СХТ, роля жаўнера, які прачнуўся дзяўчынай у спектаклі «Матылёк» Тэатра юнага гледача…
Акцёрскія інтэрпрэтацыі Хітрык — дзяўчаты, «не такія, як усе». А менавіта такія ў нас зазвычай трапляюць у культурніцкае гета.
Ганна Хітрык простая. Гэта рэч, за якую ёй хочацца падзякаваць напрыканцы, каб лепей запомнілася. Простая дзяўчына, якая ўсяго дасягнула, дзякуючы сваім унутраным якасцям, а не знешняй адпаведнасці нейкім шоу-фарматам. На яе месцы мог бы быць кожны з нас: усё залежыць ад імпэту, таленту, працаздольнасці, веры ў сябе — вось што адчуваеш, калі глядзіш на яе з тэатральнай залі, калі бачыш на фестывальнай пляцоўцы. Бач ты — нават акторы дзяржаўнага тэатру могуць выйсці на музычную сцэну — і не аблажацца. Дзяўчаты і хлопцы ў кедах і дрэдах, якія прыходзяць слухаць канцэрты «Детидетей», у захапленні: Ганна Хітрык прыгожая. Прыгожая той прыгажосцю, якая тоіцца ў кожным з нас і якую варта выпусціць на волю.