«Некалі баязлівыя чыноўнікі, замест белага колеру, навязалі сцягу карункі… з жаночай спадніцы»
Невядомы ліст Пімена Панчанкі.
З нагоды свайго пяцідзесяцігоддзя Пімен Панчанка надрукаваў у жніўні 1967 года характэрны для яго медытацыйнай лірыкі верш, які пачынаўся радкамі:
Паўвека…
Гэта шмат — паўвека.
Сплылі, змялелі сотні рэк.
І ўжо адно тваё павека
Нібы закрылася навек…
Так, паўвека — гэта шмат. А што ўжо казаць пра цэлы век. Пра цэлае стагоддзе. Цяжка ўкладваецца ў галаве, але наяве той факт, што спаўняецца сто гадоў з дня нараджэння натхнёнага песняра маладосці, песняра і веры, і вернасці, і вечнасці, і “любві да ўсяго, што ў народзе сваім і ў сваёй Беларусі”.
Здымаю амаль спантанна з кніжнай паліцы яго паэтычныя зборнікі. З аўтографамі.
“Маўклівая малітва”: “Дарагі Анатоль! Мы вечна ў сэрцы молімся за некага і за нешта, а кагосьці праклінаем. Вось і я напісаў маўклівую малітву. Пімен Панчанка. 25.VI.85 г.”
“Вячэрні цягнік”: “Дарагому Анатолю Вярцінскаму, каб ён як мага пазней сядаў на вячэрні цягнік. З любоўю. Пімен Панчанка. 30.03.78 г.”
“Высокі бераг”: “Дарагі Анатоль Ільіч, не ведаю чаму так назваў з падказкі рэдактара сваю новую кнігу. Пэўна, лепш было б яе назваць “Горкія думкі” ці “Наш час” (ёсць у кнізе такія вершы). Ну ды ладна. Пачытайце, паглядзіце, знойдзеце і сваё імя. Даўно ведаю, цаню і люблю нашу паэзію. Яна ж – пра наш неспакойны час. Жадаю вам здароўя, творчай і жыццёвай радасці. 20.ІІ.93 г.”
Гэта што датычыць яго добразычлівых, шчодрых дароўных
надпісаў. Захаваўся – напісанае застаецца – і ліст Пімена Емяльянавіча,
адрасаваны мне як тагачаснаму рэдактару штотыднёвіка “Літаратура і мастацтва”.
Вось гэты ягоны, прасякнуты адраджэнскім і грамадзянскім клопатам зварот (які і
ў стагоддзе Народнага паэта застаецца, на жаль, актуальным):
«Дарагі Анатоль,
сёння прачытаў у “Звяздзе” артыкул мовазнаўцы А. Жураўскага “Мабыць, лепш Менеск?” Я супраць яго прапановы. Трэба аднавіць “Менск”. Так заўсёды гучала ў народзе. “Минск” — гэта знак русіфікацыі. А “Менеск” не прыўецца з прычыны архаічнасці.
Газеты друкуюць у апошні час параўнальныя табліцы, якія даюць магчымасць даведацца, як гучала калісьці назва таго ці іншага пасёлка, гарадка, вёскі. Гэта актуальна, бо штучныя найменні блытаюцца, бо ў кожнай вобласці (а, бывае, і ў раёне) адны і тыя ж назвы калгасаў і саўгасаў, накшталт: “Першамайскі”, “Маладзёжны”, “Акцябрскі”, “Дружба”, “Пралетарскі”, “Рассвет”, “Запаветы”, “Перамога” і г.д.
У нас калі парк ці тэатр, ці кансерваторыя, то абавязкова імя Горкага, імя Луначарскага. Брыдкая аднастайнасць. А наш цэнтр? Праспект Леніна і вуліца Леніна, вуліцы Кастрычніцкая, Камуністычная, Сацыялістычная, Савецкая, Камсамольская; імя Лібкнехта, Розы Люксембург, Урыцкага, Валадарскага, Маркса, Энгельса, Клары Цэткін, Ландара, Куйбышава, Калініна, Свярдлова, Будзённага, Варашылава… Каго там яшчэ? Ні ў адной нашай сталіцы, ні ў адным іншым вялікім горадзе такога ўра-рэвалюцыйнага “кагалу” няма і, пэўна, ніколі не будзе
І яшчэ пра адно: пра наш дзяржаўны сцяг. Некалі баязлівыя чыноўнікі, замест белага колеру, навязалі сцягу карункі… з жаночай спадніцы. З цягам часу забыліся, прывыклі, цяпер не ведаем. А ў мой час, памятаю, з нашага сцягу смяяліся: ну і сімвал: карункі!
Вось такі, замест верша, напісаўся ліст. Жадаю вам поспехаў у газетнай і дэпутацкай дзейнасці! Твораў любога жанру!
Салют!
Ваш Пімен
Панчанка.
15.05.91г.»