Аляксандр Тамковіч. «Пакуль мы памятаем — ён з намі»
Сёння, 9 лістапада, адзначаў бы свой Дзень народзінаў журналіст і літаратар, аўтар «Новага Часу» Аляксандр Тамковіч.
59 гадоў таму ў Ашмянах нарадзіўся будучы журналіст, аўтар і ўкладальнік 19 кніг, чалавек, які зрабіў сотні інтэрв'ю з вядомымі беларусамі — у тым ліку і для «Новага Часу» — Аляксандр Тамковіч.
На жаль, спадар Аляксандр ужо не адзначыць сваё свята: у сакавіку гэтага года пасля цяжкай хваробы яго не стала.
Якім быў аўтар, чалавек слова — пра гэта лепш за ўсё скажуць яго тэксты. А іх Тамковіч напісаў нямала. Адных толькі інтэрв'ю, якія ёсць у публічным доступе, — тры сотні, і ўсе яны прасякнутыя любоўю і павагай да чалавека.
Літаратара Тамковіча адданыя чытачы называлі «паслядоўнікам Алексіевіч», чалавекам, які звяртаў фокус увагі на лёсы іншых людзей і правёў «тытанічную працу па стварэнні "энцыклапедыі вобразаў і характараў выбітных сучаснікаў"». Пры гэтым ён заўсёды адчуваў сябе журналістам, для якога яго дзейнасць ніколі не была пра разлік. Адданасць любімай справе і прага жыць у Аляксандра Тамковіча былі настолькі моцнымі, што дапамаглі яму аднойчы перамагчы смерць —і пра гэта часта згадваюць тыя, хто сябраваў з ім.
Вось што напісаў у дзень пахавання Аляксандра іншы аўтар «НЧ», журналіст Сяргей Шапран:
«"З мяне пончык і кава", — звычайна казаў ён з усмешкай, калі даводзілася зрабіць яму зусім незначную паслугу. Не што-небудзь мацнейшае, а менавіта так, як у дзяцінстве, — пончык і кава...
Добра памятаю, як мы пазнаёміліся. Гэта было нейкае калялітаратурнае мерапрыемства, як раптам я пачуў: "Дзе тут Шапран?" Гэта быў Аляксандр Тамковіч.
Я ведаў, што ён нядаўна перанёс цяжкую хваробу. Аднаго разу нават бачыў, як у часе кніжнай прэзентацыі Сашу пад рукі прывялі сябры-бажаўцы — ішоў ён няўпэўнена, усім усміхаўся, але, здаецца, нікога не пазнаваў. І вось цяпер, ачуняўшы пасля хваробы, шукаў мяне. Гэта было тым больш дзіўна, што мы не былі знаёмыя.
Якраз тады я скончыў працу над кнігай пра Васіля Быкава, якая заняла амаль пяць год жыцця і дзеля якой вымушаны быў кінуць журналістыку. Жыць нам з жонкай не было на што, мы даўно жылі ў доўг, які невядома было як аддаваць. Усе мае звароты да тых, хто мог дапамагчы, не далі ніякага плёну. І вось Саша Тамковіч. Ён, як высветлілася, чуў пра маю быкаўскую працу, і цяпер хацеў падказаць, куды варта паспрабаваць звярнуцца па дапамогу.
Гэта было неверагодна: цяжка хворы чалавек, якому ўрачы пакінулі зусім мала часу зямнога жыцця і які, здавалася, нічога не ведаў пра мяне, жадаў дапамагчы. І справа зусім не ў тым — дапамог ён тады ці не, важна іншае — само памкненне… Значна пазней былі яшчэ людзі, якія таксама так ці іначай прынялі ўдзел у маім лёсе і якім я шчыра ўдзячны, але першым быў ён — Саша Тамковіч, светлы чалавек са светлай усмешкай…
P. S. Па шчырасці, думаў напісаць гэта ў бліжэйшы юбілей Сашы, але ўсе ягоныя юбілеі будуць цяпер пасмяротныя. Пра гэта добра сказана Генадзем Бураўкіным:
«Сёння я б абавязкова пазваніла Сашы і пажадала б здароўя і Вольнай Беларусі, — гаворыць галоўная рэдактарка «Новага Часу» Аксана Колб. — Шкада, што Саша так і не ўбачыць як заквітнее яго радзіма. Не ўбачыць родную Ашмяншчыну... Мы ўжо не сустрэнемся з ім на дыпламатычным прыёме ці на культурніцкай імпрэзе. Не абдымемся, выпадкова пабачыўшыся на вуліцы. І не вып'ем гарбаты ў нашым офісе. Няма імпрэзаў, офіса, прыёмаў. І сёння я нават не змагу прыйсці да Сашынай магілы. Але Саша ў маім сэрцы, у сэрцах яго сяброў і шматлікіх чытачоў. Пакуль мы памятаем — ён з намі».
Артыкулы Аляксандра Тамковіча можна пачытаць тут