Сем палітычных перамогаў Зянона Пазьняка. Да юбілею генія беларускай палітыкі

Крытыкі Пазьняка любяць сцьвярджаць, што беларускі народ абавязаны яму адно толькі адкрыцьцём Курапатаў. І хаця гэтага подзьвігу ўжо дастаткова, каб узьвесьці яго імя ў пантэон нацыянальных герояў, прыгадаем, што яшчэ здабыў для нас спадар Зянон. Ягоныя палітычныя перамогі, улічваючы ўсе акалічнасьці, былі не іначай як цудамі. 

Зянон Пазьняк. 25 сакавіка 2023, Варшава. Фота Павал Хадзінскі

Зянон Пазьняк. 25 сакавіка 2023, Варшава. Фота Павал Хадзінскі

Стварыў Беларускі Народны Фронт

Без Пазьняка не было б БНФ. Без БНФ – незалежнасьці.

Пасьля публікацыі артыкула «Курапаты – дарога сьмерці» (1988), які выклікаў неверагодны розгалас, Зянон Пазьняк прыняў рашэньне стварыць Аргкамітэт БНФ.

(1988 г.). Мітынг у полі на Дзяды-88. (Фота М. Крывальцевіча з калекцыі С. Абламейкі).

(1988 г.). Мітынг у полі на Дзяды-88. (Фота М. Крывальцевіча з калекцыі С. Абламейкі).

Вось як ён прыгадваў тыя падзеі для кнігі Сяргея Навумчыка « Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі»:

«Нарадзілася ідэя ўтварыць Беларускі Народны Фронт па прыкладу прыбалтыйскіх, якія акурат у гэты час там былі створаныя. Ідэя была сьцісла дыскрэтнай (камуністычны рэжым на Беларусі трываў татальны і антыбеларускі). Размова вялася мной толькі зь Міхасём Дубянецкім.

Мы не ўяўлялі яшчэ як у той спэцыфічнай, да дна рэакцыйнай і антынацыянальнай сытуацыі, якая існавала на Беларусі, можна было прыступіць да справы, калі КГБ і парткамы кантралявалі кожны ўздых, а ўзровень грамадзтва быў цалкам дэнацыяналізаваны».

Вядома, за савецкім часам стварэньне Аргкамітэту БНФ адбывалася ў рэжыме строгай сакрэтнасьці. Сход адбываўся пад выглядам ўтварэньня «Беларускага камітэту памяці ахвяраў сталінізму «Камітэт-58». Пра ідэю Пазьняка аб стварэнні Аргкамітэта БНФ, акрамя яго самога, ведалі толькі 2 чалавекі – Міхась Дубянецкі і Васіль Быкаў.

Менавіта Быкаў на Сходзе, які адбыўся 19 красавіка 1988 года, прапанаваў Пазьняка на ролю лідара, патлумачыўшы:

«Гэты чалавек павінен быць пазбаўлены таго вялізнага недахопу, які ёсьць ва ўсіх нас, які выхаваны ўсімі папярэднімі гадамі, – ён павінен быць пазбаўлены страху. Найперш страху перад начальствам. І такім чалавекам (я думаю, што вы мяне падтрымаеце) я назаву Зянона Станіслававіча Пазьняка».

(1993-1994 гг.). В. Быкаў, З. Пазьняк (Менск)

(1993-1994 гг.). В. Быкаў, З. Пазьняк (Менск)

У склад Аргкамітэту БНФ увайшлі, сярод іншых, Алесь Бяляцкі, Вінцук Вячорка, Ніл Гілевіч, Рыгор Барадулін, Адам Мальдзіс, Юры Дракахруст.

Хутка суполкі БНФ пачалі стварацца ня толькі ў Менску, але і ў рэгіёнах.

Глядзіце таксама

Дзякуючы Пазьняку нацыянальныя сілы атрымалі прадстаўніцтва ў вышэйшым заканадаўчым органе ўлады

Падчас выбарчай кампаніі 1990 году ў Вярхоўны Савет 12-га скліканьня для дэмакратычных кандыдатаў былі створаныя надзвычай неспрыяльныя ўмовы. Як узгадваў дэпутат Сяргей Навумчык, Народнаму фронту было адмоўлена ў рэгістрацыі, і, адпаведна, ён ня мог вылучаць сваіх кандыдатаў. Вылучэньне «фронтаўцаў» праходзіла пераважна праз Таварыства беларускай мовы.

Хаця фармальна кандыдаты мелі «роўную» магчымасьць праводзіць сустрэчы ў працоўных калектывах, кандыдатам ад БНФ патрапіць на завод ці ў НДІ было значна цяжэй. І галоўнае: тэлебачаньне, радыё, друк знаходзіліся пад кантролем улады і працавалі супраць БНФ.

Аднак палітычная воля Пазьняка і ягоных паплечнікаў зьнішчылі і гэтую перашкоду:

«25 лютага на плошчы Леніна БНФ арганізаваў мітынг пратэсту супраць проціпраўнай дзейнасьці Цэнтральнай выбарчай камісіі. Сабралося каля ста тысяч чалавек. Упершыню Менск бачыў такі масавы выступ, і ўпершыню на ім адбылася публічная дыскусія паміж БНФ і кіраўніцтвам КПБ, а менавіта – паміж лідэрам БНФ Зянонам Пазьняком і першым сакратаром ЦК КПБ Яфрэмам Сакаловым (выступ апошняга пачаўся пад воклічы «Шапку здымі! Перад народам гаворыш!», а скончыўся скандаваньнем плошчы «У адстаўку!»)», — згадвае Сяргей Навумчык.

«Мітынг запатрабаваў тэрміновай адстаўкі кіраўніцтва БССР, была прынятая рэзалюцыя з патрабаваньнем ад Дзяржтэлерадыё прадастаўленьня жывога тэлеэфіру арганізатарам мітынгу. Стотысячная калёна рушыла па Ленінскім праспэкце да тэлецэнтру на вуліцы Камуністычнай. У 18 гадзінаў у прамой тэлетрансьляцыі выступілі Зянон Пазьняк, Вінцук Вячорка і Аляксей Марачкін».

(1990 г.). 26 лютага 1990 г. Стотысячны мітынг БНФ перад Вярхоўным Саветам.

(1990 г.). 26 лютага 1990 г. Стотысячны мітынг БНФ перад Вярхоўным Саветам.

Пазьней камуністы назвалі стотысячны мітынг «натоўпам экстрэмістаў».

Ужо ў першым туры выбараў 4 сакавіка дэпутатамі ВС былі абраныя Зянон Пазьняк, кіраўнік камітэту БНФ «Дзецям Чарнобылю» Генадзь Грушавы, рэдактар «ЛіМу» Анатоль Вярцінскі, прарэктар БДУ Станіслаў Шушкевіч, а таксама некаторыя іншыя асобы, якіх падтрымліваў БНФ. У другім туры 18 сакавіка прайшлі ў Вярхоўны Савет Лявон Баршчэўскі, Юрась Беленькі, Валянцін Голубеў, Сяргей Папкоў, Пятро Садоўскі ды некаторыя іншыя прадстаўнікі БНФ.

Апазыцыя БНФ на чале Пазьняком перамагае камуністычную большасьць (8% супраць 90%)

Мэты прадстаўнікоў Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце былі адназначнымі: дасягненьне сувэрэнiтэту Беларусi, стварэньне парлямэнцкай сыстэмы ўлады, усталяваньне дэмакратычнага ладу ў Беларусi, лiквiдацыя таталiтарызму ў палiтыцы, iдэалёгii, эканомiцы i культуры, ратаваньне народа ад наступстваў чарнобыльскай катастрофы, адраджэньне беларускай культуры i г.д. (паводле С.Навумчыка).

Вядома, гэтыя мэты разыходзіліся з пазыцыяй камуністычный намэнклятуры, якая займала пераважную большасьць дэпутацкіх месцаў (каля 90 адсоткаў).

Вось як прыгадвае тыя падзеі сам Зянон Станіслававіч:

«Апазыцыя БНФ, маючы восем адсоткаў дэпутатаў у парляманце рэгулярна перамагала камуністычную большасьць (амаль 90 дсоткаў дэпутатаў) у галоўных пытаньнях, здабыла незалежнасьць парляманцкім мэтадам насуперак прамаскоўскай пазыцыі камуністычнае бальшыні, спыніла дзейнасьць КПСС у Беларусі рукамі і галасамі самых жа камуністаў, якія былі супраць БНФ.

Агульная рэальная колькасьць дэпутатаў сягала 345 асобаў (па канстытуцыі БССР патрабавалася 360). Дэпутацкая Апазыцыя БНФ мела менш за 30 дэпутатаў (23 – 27), а разам з Дэмакратычным дэпутацкім клюбам ня больш 70. Астатняе камуністычна-намэнклятурная большасьць жорстка падпарадкаваная ЦК КПБ і камуністычным кіраўнікам у парляманце.

І тым ня менш быў такі фэномэн, які фармальна мяжуе з абсурдам – камуністы трымальнікі абсалютнай улады ў краіне і бальшыня ў парляманце цярпелі паражэньні ад Апазыцыі БНФ».

(1990-1991 гг.). (Вярхоўны Савет)

(1990-1991 гг.). (Вярхоўны Савет)

І ўсё ж, чаму яны прайгравалі? Зянон Пазьняк:

«Найперш трэба згадаць, што сумарная колькасьць неадукаванага розуму не пераходзіць у калектыўную дозу розуму, колькасьць у якасьць. Гэта вядома. Тут закон Гегеля ня дзейнічае. Апазыцыя БНФ у сваім інтэлектуальным і адукацыйным разьвіцьці стаяла вышэй за камуністычную намэнклятуру.

Але галоўнае – фронтаўцы ў адрозьненьне ад камуністаў адлюстроўвалі моцную энэргічную ідэю свабоды, дзяржаўнай незалежнасьці і грамадзкай справядлівасьці, яны не былі заплямленыя ўдзелам у непапулярнай намэнклятурнай уладзе.

Фронтаўцы наступалі, заганялі камуністаў у абарону, у пазыцыю адкіданьня нашых добрых ініцыятываў. Мы пазбаўлялі іх магчымасьці да канструктыўных дзеяньняў (да якіх яны і так ніколі не імкнуліся). Усё гэта адбывалася на вачах грамадзтва».

Безумоўна, такі посьпех быў у вялікай ступені асабістай заслугай Зянона Пазьняка, абсалютнага лідара фронтаўцаў. Ён стаў магчымым дзякуючы геніальнасьці Пазьняка як палітыка і стратэга, дзякуючы яго няспыннай палітычнай волі і нязломнаму характару.

Паспрыяў адкрыцьцю праўды пра Чарнобыль і забароне пражываньня беларусаў на забруджаных тэрыторыях

Агучваньне праўды пра Чарнобыльскую катастрофу было заяўленае сярод найважнейшых мэтаў БНФ яшчэ ў момант яго ўтварэньня.

30 верасьня 1989 БНФ арганізаваў першы Чарнобыльскі шлях, у якім прынялі ўдзел дзясяткі тысяч беларусаў. Вёў мітынг Зянон Пазьняк.

«Пасьля мітынгу ў будынку Чырвонага касьцёла прайшла прэсавая канфэрэнцыя, пад час якой былі упершыню агучаны вынікі дасьледаваньняў уплыву так званых «малых дозаў» радыяцыі на здароўе. Член-карэспандэнт АН Пятраеў паведаміў пра небясьпеку часьцінак плутонія, якія былі знойдзеныя ў лёгкіх тых, хто жыў на забруджаных тэрыторыях.

Арганізаваныя Народным Фронтам Чарнобыльскі шлях і прэсавая канфэрэнцыя мелі шырокі розгалас у сьвеце, пасьля яе камуністычнаму кіраўніцтву Беларусі было вельмі складана замоўчваць рэальную сытуацыю вакол Чарнобыля», — Сяргей Навумчык.

Чарнобыльскі шлях 1989. Фота Уладзімір Сапагоў

Чарнобыльскі шлях 1989. Фота Уладзімір Сапагоў

Пазьней дзейнасьць дэпутатаў Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце 12-га скліканьня дапаможа захаваць жыцьці мноства беларусаў. Зноў жа зьвяртаемся да тэксту кнігі спадара Навумчыка:

«Менавіта Апазыцыя БНФ дамаглася стварэньня заканадаўства аб дапамозе пацярпелым ў выніку Чарнобыльскай катастрофы.

І, нарэшце, менавіта дзякуючы распачатай па ініцыятыве Народнага Фронту шырокай грамадзкай дыскусіі была пахаваная злачынная 35-ці бэрная канцэпцыя, якая дапускала пражываньне людзей на «адносна забруджаных» тэрыторыях.

На заклік БНФ адгукнуліся і прадстаўнікі беларускай дыяспары – адзін толькі канадыйскі Чарнобыльскі фонд пад кіраўніцтвам Івонкі Сурвіллы сабраў і накіраваў у Беларусь лекаў на мільёны даляраў».

Немагчыма пераацаніць і гераічную дзейнасьць паплечніка Пазьняка, дэпутата Апазыцыі БНФ Генадзя Грушавога, які ачольваў дзейнасьць Камітэту БНФ «Дзеці Чарнобыля».

Як пісала «Свабода», разам з жонкаю Ірынай, якая выдатна валодае нямецкаю мовай, яны арганізавалі лячэньне і аздараўленьне беларускіх дзетак за мяжою, а таксама дастаўку ў Беларусь тысяч тон гуманітарнай дапамогі: лекаў, мэдычнага абсталяваньня, чыстай ад радыяцыі ежы.

Глядзіце таксама

Аднаўленьне Незалежнасьці!

Камуністы не жадалі бачыць Беларусь незалежнай ад Масквы. Аднак 27 ліпеня 1990 года Дэклярацыя аб сувэрэнітэце (у рамках СССР) усё ж была прынятая. «Дэклярацыя — крок да Незалежнасьці. Але — не абвяшчэньне Незалежнасьці», — пісаў Сяргей Навумчык.

Так, ад ліпеня 1990 года і да жніўня 1991-га нашая краіна існавала ва ўмовах напаў-незалежнасьці.

Вырашальны момант наступіў пасьля таго, як 21 жніўня 1991 года праваліўся праімпэрскі камуністычны путч. На наступны дзень дэпутаты Апазыцыі БНФ выступілі ў тэлеэфіры з заявай: «народ Беларусі ў гэтыя дні канчаткова зразумеў неабходнасьць поўнай незалежнасьці Рэспублікі... Толькі ў свабодзе і незалежнасьці наша будучыня». Беларусы ў тыя дні патрабавалі рэальнай незалежнасьці на плошчах.

Прэзыдыюм ВС быў вымушаны прызначыць сэсію на 24 жніўня, аднак камуністы ня мелі намеру надаваць Дэклярацыі аб сувэрэнітэце статус канстытуцыйнага закону. Запатрабавалі гэта дэпутаты Апазыцыі БНФ.

«За тры дні і ночы (21-24 жніўня) мы падрыхтавалі пакет законапраектаў, якія былі неабходныя для аднаўленьня і замацаваньня Незалежнасьці. Цяпер, калі я прыгадваю тыя суткі, не магу падзяліць дзень і ноч – здаецца, яны зьліліся ў адно», – прыгадваў дэпутат Навумчык.

«Раніцай 24 жніўня Народны Фронт вывеў на плошчу Леніна дзесяткі тысяч людзей. Дэпутаты ішлі на сэсію праз натоўп, які запоўніў ня толькі плошчу, але і тратуары перад Домам ураду, адкуль іх не асьмельваліся зганяць міліцыянты».

(1991 г.). Менск. 25 Жніўня 1991 г. на плошчы Незалежнасьці

(1991 г.). Менск. 25 Жніўня 1991 г. на плошчы Незалежнасьці

Падчас сэсіі дэпутаты Апазыцыі БНФ настойвалі найперш на наданьні Дэклярацыі аб сувэрэнітэце статусу канстытуцыйнага закона, а таксама на адстаўцы старшыні ВС Мікалая Дземянцея, членаў Прэзыдыюму і спыненьні дзейнасьці КПБ-КПСС. Па прапанове Зянона Пазьняка паседжаньне вёў першы намесьнік Дземянцея – Станіслаў Шушкевіч.

За сьпінамі дэпутатаў на плошчы стаялі тысячы беларусаў, якія адназначна падзялялі памкненьні Апазыцыі БНФ. Сяргей Навумчык дыпламатычна папярэдзіў камуністаў, што ў выпадку, калі апошнія не падтрымаюць прапановы дэпутатаў Апазыцыі, тады «дэпартызацыю і народ правядзе, але ён правядзе гэта ня так, як мы, культурна, цывілізавана, а ён правядзе, выцягнуўшы вас за валасы».

Дземянцей не вытрымаў ціску і заявіў, што падае ў адстаўку. Cпыненьня дзейнасьці КПБ-КПСС фронтаўцы таксама дамагліся.

Надыйшоў час галоўнага – Незалежнасьці. Супраць наданьня Дэклярацыі аб сувэрэнітэце статуса канстытуцыйнага закону выступіў дэпутат Лукашэнка.

Тады да мікрафона выйшаў Зянон Пазьняк. Ягоная прамова мела вызначальную ролю. Працытуем яе часткова, паводле кнігі спадара Навумчыка «Дзевяноста першы»:

«…Калі мы не прымем адпаведнага закона аб дзяржаўнай незалежнасьці Беларусі, мы трапім у вельмі кепскае становішча. Таму што тыя рэспублікі, якія вакол нас, яны будуць разьвівацца, і разьвівацца як нацыянальныя дзяржавы на прынцыпова новай аснове. Яны ідуць да рынку, у іх будзе больш мабільная эканоміка, і мы трапім у непасрэдную залежнасьць ад гэтых рэспублік. Тым больш, я ў сваім дакладзе гаварыў (а я дастаткова добра знаёмы з расейскай дэмакратыяй на працягу многіх гадоў) і з усёю адказнасьцю магу сказаць, што на Ўсходзе ў нас фармуецца маладая агрэсіўная імпэрыя ў форме дэмакратыі. Тыя дэмакраты, якіх мы добра ведаем, не прызнаюць фактычна нас як нацыю, яны не глядзяць на нас, як на асобную дзяржаву і на асобную тэрыторыю, а глядзяць на нас, як на вотчыну, на якую яны маюць пэўнае права.

… Я прашу вас паставіць гэтае пытаньне і вырашыць яго сёньня. Бо заўтра можа быць позна».

(1991 г.). 25 Жніўня 1991 г. Пачатак Сэсіі Незалежнасьці. Выступ ад мікрафона. Патрабаваньне адстаўкі М. Дземянцея. (Побач Валянцін Голубеў і Вольга Галубовіч.)

(1991 г.). 25 Жніўня 1991 г. Пачатак Сэсіі Незалежнасьці. Выступ ад мікрафона. Патрабаваньне адстаўкі М. Дземянцея. (Побач Валянцін Голубеў і Вольга Галубовіч.)

Сяргей Навумчык:

«У 20 гадзін 08 хвілінаў Беларусь вяртае Незалежнасьць. Спраўджваецца мара пакаленьняў змагароў за свабоду беларускага народа».

Вяртаньне нацыянальных сымбаляў

Перад пачаткам гістарычнай сэсіі ў жніўні 1991-га ў Авальную залю быў унесены Бел-Чырвона-Белы Сьцяг.

«Да залі яго несла Галіна Сямдзянава, мы з Зянонам Пазьняком і Валянцінам Голубевым ішлі разам зь ёй. У залі Пазьняк папрасіў Голубева пераняць сьцяг і Валянцін вынес яго на сцэну за прэзыдыюмам – у поўнай маўчаньні залі», — апісвае легендарную падзею Сяргей Навумчык.

На пачатку сэсіі да мікрафону выйшаў лідар БНФ Зянон Пазьняк. Вось яго словы:

«Паважаны Прэзыдыюм, просьба ад дэпутатаў Апазыцыі Беларускага Народнага Фронту прымацаваць побач зь дзяржаўным сьцягам Беларускай ССР нацыянальны сьцяг Беларусі. Права на гэта дае нам наша гісторыя і Дэклярацыя аб дзяржаўным сувэрэнітэце Рэспублікі (Аплядысмэнты)».

Дземянцей, тады яшчэ старшыня ВС, прапанаваў галасаваць. «За» прагаласавалі 107 дэпутатаў пры патрэбных для прыняцьця станоўчага рашэньня 173-ох. Дэпутат Апазыцыі БНФ Валянцін Голубеў забраў сьцяг са сцэны, але ня з залі.

«Мне вельмі шкада, што заля прыняла такое рашэньне. Мы пачакаем», — сказаў тады Зянон Пазьняк.

На наступны дзень, 25 жніўня 1991 году, сьцяг зноў паставілі на сцэне.

«Аднаўленьне Незалежнасьці адбывалася пад нацыянальным сымбалем», — пісаў Сяргей Навумчык.

19-га верасьня ў якасьці дзяржаўных сымбаляў былі зацьверджаныя Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб «Пагоня».

«Але зроблена гэта было вялізнымі намаганьнямі – дастаткова сказаць, што рашэньні былі прынятыя «голас у голас». Іншымі словамі, адсутнасьць хаця б аднаго прыхільніка незалежніцкай сымболікі ў залі не дала б патрэбнага выніку галасаваньня», – згадваў спадар Навумчык.

Глядзіце таксама

Сфармуляваў аксыёму пра небясьпеку рускага імпэрыялізму

У палітыцы часта даводзіцца абіраць між праўдай і рэпутацыяй. Але Зянон Станіслававіч ніколі не стаіць перад гэтым выбарам. Ён заўсёды абіраў праўду, часам сьвядома падстаўляючы сябе пад стрэлы грамадзкага меркаваньня. Надзвычай рэдкая чалавечая якасьць па мерках сёньняшняга часу.

15 студзеня 1994 году ў «Народнай газэце» быў надрукаваны артыкул Зянона Пазьняка «О русском империализме и его опасности». Ельцын тады лічыўся надзеяй дэмакратыі. Нават людзі дастаткова высокіх аналітычных здольнасьцяў верылі ў перспэктыву дэмакратычнай Расеі. У гэты час Зянон Станіслававіч і публікуе свой знакаміты праграмны артыкул. Працытуем часткова:

«Ідэалёгія гэтай традыцыйнай палітыкі нескладаная, запазычаная ў Гітлера: абараняць у сумежных дзяржавах стратэгічныя інтарэсы Расеі і правы рускіх (узгадайце «правы немцаў», гітлераўскія «аншлюсы» і іншыя падобныя зьявы, асуджаныя сусьветнай супольнасьцю). Больш за тое, яны зьбіраюцца «абараняць» правы нават не рускіх, а «рускамоўных», гэта значыць савецкай папуляцыі ў іншых краінах.

Гэта азначае, што не будуць прызнаныя ніякае нацыянальна-культурнае адраджэньне і дэмакратыя ў гэтых краінах (бо нацыянальна-культурнае адраджэньне, выхад з імпэрыі  працэсы дэмакратычныя). Гэта значыць, што будзе ціск і ўмяшаньне ва ўнутраныя справы сумежных краін.

Гэтую цынічную брудную палітыку ажыцьцяўлялі і прыхільнікі Хасбулатава-Руцкага, і ў яшчэ большай ступені праводзілі і праводзяць людзі Ельцына».

Праз 30 гадоў, з далёкага 2024-га, гэты тэкст успрымаецца надзвычай актуальна (толькі замест Ельцына трэба падставіць іншае прозьвішча –  Пуціна). Гэтая трагічная актуальнасьць пацьвярджае галоўны тэзіс артыкула Зянона Пазьняка:

«Імпэрская дзяржава з імпэрскай грамадзкай сьвядомасьцю, імпэрскай экстэнсіўнай палітыкай, з шматнацыянальнай структурай ня можа быць дэмакратычнай. Гэта аксіёма, пра якую даводзіцца нагадваць. … Імпэрыя, паразітуючы на нацыянальных (народных, этнічных) культурах, разбурае іх, спараджаючы хімэры. Імпэрыя ёсьць сусьветнае зло».

Тады, у часы ўсеагульнага асьляпленьня, за гэты артыкул Зянона Пазьняка называлі гарадзкім вар’ятам. Пазьней тыя ж людзі назавуць яго прарокам.

А насамрэч проста Васіль Быкаў быў бясконца правы, кажучы пра «бязьмежныя аналітычныя здольнасьці» Пазьняка.

Сяргей Навумчык пісаў:

«Гэты артыкул выклікаў гістэрыю як у афіцыйнай прэсе, так і ў дэмакратычна-лібэральных выданьнях; аднак ніводны з аргумэнтаў Пазьняка да сёньня не абвергнуты.

Калі б тады грамадзтва прыслухалася да высноваў, не былі б страчаныя гады на ілюзіі адносна Расеі, на ўсьведамленьне геапалітычных аксіёмаў ды месца Беларусі на мапе Эўропы».

Глядзіце таксама

Ад аўтара

Зянон Станіслававіч Пазьняк належыць да надзвычай рэдкай пароды людзей і палітыкаў. Пра гэта сьведчыць празрыстасьць ягонай біяграфіі, нязьменнасьць і крыштальная чысьціня ягоных прынцыпаў, памкненьняў, сродкаў дасягненьня мэты.

У канец XX стагодзьдзя, які нібыта сам заблытаўся ў віры гвалту і хлусьні, ён прыўнес цьвярозы розум і непахісьнасць волата, дзякуючы якім Беларусь, вытрымаўшы ўсе вятры, здабыла Незалежнасьць пад Бел-Чырвона-Белым сьцягам.

Я часта думаю: які чалавечы кампанэнт дазваляў Пазьняку ўваходзіць у Авальную залю, што кішэла камуністамі, «абсалютнымі трымальнікамі ўлады ў краіне» — «з нагі» (не літаральна, вядома). Які ўнутраны стрыжань трэба было мець, каб праўдай і шчырым словам вымушаць ворагаў незалежнасьці прымаць законы на карысьць Беларусі?

Нядобразычліўцы сказалі б: «Зашмат на сябе бярэ». Але Зянон Пазьняк «бярэ» толькі тое, што яму, як і кожнаму беларусу, сапраўды належыць – права быць гаспадаром на сваёй зямлі.

Безумоўна, ва ўсіх палітычных перамогах Зянона Станіслававіча вялічэзную ролю адыгрываюць яго паплечнікі-фронтаўцы, безь якіх анічога б не атрымалася. Але нават самыя разумныя, добрыя, шчырыя людзі не зольныя выратаваць нацыю паасобку. Менавіта той неназваны чалавечы кампанэнт, які мае адзін толькі Пазьняк, дазьволіў згуртаваць найлепшых людзей краіны і нарэшце вывесьці іх з-за кулісаў на самы цэнтар палітычнай сцэны.

Натуральна, бандыты, што ўтрымліваюць уладу ў Беларусі, не маглі яму гэтага дараваць. Ад самага пачатку палітычнай дзейнасьці і па сёньня яны спрабуюць ачарніць імя Пазьняка ўсімі магчымымі гнюснымі мэтадамі. Што праўда, задача перад імі стаіць няпростая. Усьвядомеўшы, што яго няма чым папракнуць, яны пачалі рабіць са спадара Зянона «вар’ята» — звычайны бальшавісцкі мэтад, нічога новага.

Але калі я бачу, як некаторыя маладыя «дэмакраты» у Варшаве, закінуўшы нага на нагу, зьневажальна выказваюцца пра Пазьняка, дык з сумам сцьвярджаю, што Лукашэнка і Масква пануюць ня толькі ў беларускіх турмах і на ўсялякіх «УНС»-ах, але і ў галовах некаторых з нас. Застаецца толькі нагадаць тым, хто называе Пазьняка «вар’ятам», падрыхтавацца потым называць яго «прарокам», як гэта ўжо не аднойчы было ў гісторыі.

Тым ня меньш, у сёньняшнім крывавым сьвеце Зянон Пазьняк застаецца маральным камэртонам нацыі. Менавіта зь ім хочуць мець справу прадстаўнікі «адзінай арганізаванай сілы, якая можа нешта вырашыць» — беларускія добраахвотнікі, што ваюць ва Ўкраіне. З Пазьняком іх яднае менавіта адназначнасьць мэтаў і прынцыпаў. Ён размаўляе з байцамі па-бацькоўску і прызнаецца: «Проста хочацца іх усіх абняць». А яшчэ кажа: «Cкінуць бы гадкоў 30, я б таксама там паваяваў зь імі. Бо за Беларусь і загінуць можна».

Зянон Пазьняк і кот-паліграф, 29 студзеня 2023 года, Бахмут, Украіна. Фота ад Вадзіма Кабанчука

Зянон Пазьняк і кот-паліграф, 29 студзеня 2023 года, Бахмут, Украіна. Фота ад Вадзіма Кабанчука

Прыезд Зянона Пазьняка ў пекла Бахмута ў студзені 2023 года таксама варта паставіць у шэраг ягоных палітычных перамогаў і чалавечых подзьвігаў.

Дзмітрый Шчыгельскі, Зянон Пазьняк і Павел Усаў, 29 студзеня 2023 года, Бахмут, Украіна. Фота: прэс-служба палка Каліноўскага

Дзмітрый Шчыгельскі, Зянон Пазьняк і Павел Усаў, 29 студзеня 2023 года, Бахмут, Украіна. Фота: прэс-служба палка Каліноўскага

У маёй памяці назаўжды застанецца Дзень Волі 2023 года. Акружаны тысячамі беларусаў у Варшаве, Зянон Пазьняк засьпяваў зь імі нацыянальны гімн «Мы выйдзем шчыльнымі радамі», а потым стаў на чале бясконцай калёны і павёў яе галоўнымі вуліцамі польскай сталіцы. За яго сьпінай былі ўсе: дзеці, маладзёны, людзі сталага веку, прадстаўнікі Палку імя Каліноўскага і Аб’яднанага Пераходнага Кабінэту, кансэрватары і лібэралы  – словам, усе мы, беларусы, для якіх дзень 25 сакавіка ёсьць важным.

У нейкі момант хлынуў дождж разам з градам – і гэты прыгожы, непахісны, 79-гадовы волат працягваў ісьці, трымаючы ў руцэ наш сьцяг, ведучы за сабой беларусаў.

Зянон Пазьняк. 25 сакавіка 2023, Варшава. Фота Павал Хадзінскі

Зянон Пазьняк. 25 сакавіка 2023, Варшава. Фота Павал Хадзінскі

Сёньня Зянону Станіслававічу – 80. У гэты дзень асабліва хочацца паўтарыць словы Васіля Быкава: «Можна з упэўненасьцю сказаць, што нацыі пашчасьціла на яе лідэра, якім зьяўляецца пасланы нам Богам Зянон Станіслававіч Пазьняк».

З народзінамі, шаноўны Зянон Станіслававіч! Дай Вам Бог здароўя!