Замежныя СМІ пра Беларусь: 11–19 лютага

Пасля саміту «нармандскай чацвёркі» Мінск не супраць атрымаць дывідэнды за паспяховую арганізацыю перамоваў. Праўда, перспектывы на еўрапейскім кірунку пакуль туманныя.



smi4.jpg

ЕС працягвае настойваць на «істотным прагрэсе ў сферы абароны правоў чалавека» і вызваленні палітвязняў, Расія ж у абмен на крэдыты чакае ад саюзніка падтрымкі ў супрацьстаянні з Захадам. Затое ўнутры краіны прапаганда атрымала карт-бланш на раскручванне вобразу Лукашэнкі-міратворца. Перад прэзідэнцкай кампаніяй 2015-га беларусам замест абяцанай зарплаты ў 1000 долараў прапануюць ацаніць заслугі кіраўніка дзяржавы, які не мяняецца больш за 20 гадоў, ва ўмацаванні міру. 
«Deutsche Welle» (Германія)
Відавочна, што «Бацька» дапусціў шэраг памылак, загуляўшыся ў аўтарытарызм і сяброўства з Пуціным. Выправіць ён іх ці не, мы ўбачым у бліжэйшы час. Магчыма, усведамляючы маштаб пагрозы, што набліжаецца, Лукашэнка пойдзе на беспрэцэдэнтныя крокі на шляху маштабнага рэфармавання дзяржавы. Па ўсякім разе, першыя ахоўныя меры ад магчымай ваеннай агрэсіі ён ужо распачаў. Гэта датычыцца і ваенных збораў рэзервістаў, і новай рэдакцыі закона «Аб ваенным становішчы». У гэтым дакуменце, які ўступіў у сілу ўжо з 1 лютага, згадваецца і пра канцэнтрацыю войскаў іншых дзяржаў на мяжы з Беларуссю, і пра «зялёных чалавечкаў», і пра пагрозу анексіі часткі краіны, — гэта значыць, пра ўсё тое, чаго ўжо нацярпелася ад Расіі Украіна. Але цяжка зараз сказаць, ці стане гэта панацэяй ад агрэсіўнай палітыкі РФ. Ці разумее гэта сам Лукашэнка? Верагодна, усведамляе, хоць і недастаткова, таму што і ў ягоным атачэнні знаходзіцца шэраг набліжаных, якія мэтанакіравана адводзяць позірк прэзідэнта ад рэальных знешніх пагроз. 
«Деловая столица» (Украіна)
Для Лукашэнкі, які дзесяцігоддзі быў непажаданы ў заходніх сталіцах як апошні дыктатар Еўропы, ужо сам факт, што ён з’явіўся ў Мінску ў іх кампаніі, ёсць падставай для сатысфакцыі. У маі ў Рызе павінен адбыцца чарговы саміт «Усходняга партнёрства» — праграмы ЕС, адрасаванай Арменіі, Азербайджану, Грузіі, Малдове, Украіне і Беларусі. З-за санкцый, у адрозненне ад лідараў іншых краін, Лукашэнка да гэтага часу ніколі не прымаў удзелу ў гэтых самітах. Аднак цяпер Мінск патрабуе, каб Лукашэнку афіцыйна запрасілі. Беларускі дыктатар хоча скарыстацца перамовамі, якія прайшлі ў Мінску, каб размарозіць адносіны з Захадам. 
«Gazeta Wyborcza» (Польшча)
Рэйтынг Беларусі падняўся ў сувязі з удзелам краіны ў мірных перамовах па Украіне. Аб Беларусі ў сувязі з гэтым напісалі ўсе еўрапейскія газеты. Мясцовыя прапагандысты прыклалі максімум намаганняў для таго, каб зрабіць з пасрэдніцкай ролі Мінска магутную PR-акцыю. Журналісты мясцовых дзяржканалаў выязджалі ў Германію і Францыю, рыхтавалі там рэпартажы пра тое, як краіна — удзельніца перамоваў рэагуе на тое, што адбываецца ў Мінску. Нават з вуснаў еўрапейскіх экспертаў гучалі заявы пра «сур’ёзны дыпламатычны прарыў» Беларусі і пра тое, што яшчэ год таму Лукашэнка быў «апошнім дыктатарам Еўропы», а сёння яе галоўны міратворац. Мясцовыя прапагандысты настолькі захапіліся самапіярам, што часам нават складалася ўражанне, што прыезд у беларускую сталіцу прэзідэнта Францыі Франсуа Аланда і канцлера Германіі Ангелы Меркель — гэта і ёсць галоўная падзея, а зусім не ўрэгуляванне ваеннага канфлікту ва Украіне. 
«Независимая газета» (Расія)
Лукашэнка не раз казаў, што Беларусь хоча радыкальна павялічыць аб’ём сваіх эканамічных сувязяў з Украінай. Таксама зразумела, што любы рост інвестыцый і гандлю магчымы толькі пры ўмовах захавання міру на Украіне, уключаючы і яе паўднёвы ўсход. Не варта забываць і пра разбураную баявымі дзеяннямі інфраструктуру Данбаса. Магчыма, Расія, Беларусь і Казахстан змогуць выйсці на нейкія прапановы па плане эканамічнага адраджэння Данбаса, прычым гаворка можа ісці не толькі аб тэрыторыях пад кантролем «народных рэспублік», але ўсяго рэгіёну (у адваротным выпадку будуць разарваныя многія тэхналагічныя і кааперацыйныя ланцужкі). 
«Новости-Казахстан» (Казахстан)