Замахам на прэм’ера Чарнагорыі мог кіраваць былы расійскі аташэ
Двое грамадзянаў Расіі каардынавалі спробу дзяржперавароту — заяўляе пракуратура Чарнагорыі. Адзін з іх расійскім вайсковым аташэ ў Варшаве, якога выдалі з Польшчы па падазрэнні ў шпіянажы.
Пракуратура Чарнагорыі абвінаваціла 14 асобаў у падрыхтоўцы замаху на прэм’ера краіны Міла Джуканавіча. Сярод абвінавачаных — двое расійскіх грамадзянаў. Пракуратура заяўляе, што яны былі тайнымі агентамі расійскай выведкі. Акрамя замаху на забойства прэм’ера, іх абвінавацілі ў тэрарызме.
Суд павінен зацвердзіць абвінавачаньне альбо адхіліць яго на працягу 15 дзён. Улады Чарнагорыі заяўляюць, што ў кастрычніку мінулага года ім удалося прадухіліць дзяржаўны пераварот, мэтай якога было не дапусціць уступлення Чарнагорыі ў NATO.
Адзін з абвінавачаных расіян — гэта Эдуард Шышмакоў, вядомы пад прозвішчам Шырокаў. Да восені 2014 года ён з’яўляўся расійскім вайсковым аташэ ў Варшаве. З Польшчы яго выдалі па падазрэнні ў шпіянажы. Імя другога абвінавачанага — Уладзімер Папоў.
Папова і Шырокава абвінавачваюць у тым, што з тэрыторыі суседняй Сербіі яны каардынавалі падрыхтоўку замаху на чарнагорскага прэм’ера. Абодвум удалося выехаць з Сербіі і вярнуцца ў Расію.
За прыняццё Чарнагорыі ў шэрагі Паўночнаатлантычнага альянсу напрыканцы сакавіка прагаласаваў сенат ЗША. Злучаныя Штаты былі адной з апошніх краінаў NATO, якія ратыфікавалі дамову аб уступленні Чарнагорыі ў Альянс.