Заходнія СМІ: Наступным прэзідэнтам РФ можа стаць ліберал
Кіраўнік Падліковай палаты Расійскай Федэрацыі Аляксей Кудрын, апошні з магікан ліберальнай партыі, якая кіравала краінай у 1990-я гады, нечакана з’явіўся на старонках заходніх СМІ ў статусе магчымага прэзідэнта Расіі пасля прыходу да ўлады дэмакратаў.
Заява досыць дзіўная, паколькі адкрытая падтрымка Кудрына з боку Захаду азначае стопрацэнтную ўвагу да яго актыўнасці з боку спецслужб. У гэтым плане не выключаюць, што падобныя публікацыі маглі фінансавацца адной з вежаў Крамля, якой Кудрын перабег дарогу. Апошні, выкарыстоўваючы пасаду кіраўніка Падліковай палаты, на пляцоўцы Савета Федэрацыі шмат разоў заяўляў пра сістэмныя праблемы, распавядаў пра шматмільярдныя крадзяжы ў розных ведамствах, кіраўнікі якіх і вырашылі яго скампраметаваць.
Але ёсць і іншыя цікавыя тэорыі. Само па сябе з’яўленне прозвішча Кудрына ў заходніх медыя можна лічыць прыкметай змены стратэгіі ў дачыненні да антыпуцінскай апазіцыі. Падаецца, цяпер стаўка робіцца не на радыкалаў накшталт Навальнага, а на фракцыю ўнутры сістэмы. У гэтым плане ўспамінаюць, што ключавую ролю ў дэмантажы савецкай сістэмы адыгралі не дысідэнты, такія, як Сахараў ці Салжаніцын, а кіраўнікі КПСС — Гарбачоў і Ельцын.
З іншага боку, пра Кудрына маглі ўзгадаць, паколькі больш лібералаў у расійскай эліце няма. Ён застаецца апошнім прадстаўніком лібералаў, які ўключаны ў контур ўнутранай палітыкі і які мае доступ да цэнтра прыняцця рашэнняў. Так ці інакш, пра Кудрына пачалі гаварыць як пра значную фігуру ў палітычным працэсе. Разглядаецца нават сцэнар, калі ў выніку шэрагу форс-мажорных для ўлады фактараў Кудрыну дазволяць мець сваю фракцыю ў думе, і нават, магчыма, прапануюць пасаду прэм’ера.