Вядомая фабрыка елачных цацак зачынілася праз каронавірус
Фабрыка Sopel прадавала цацкі па ўсім свеце, але пандэмія COVID-19 падвяла рысу пад яе працай, паведамляе "Свабода".
Завод вымушаны сказаць кліентам, што спыніў вытворчасць. І менавіта крызіс стаў гэтаму прычынай, піша Gazeta Wyborcza.
Фабрыка Sopel працавала ў польскім горадзе Быдгашч з 1979 года, яна працягнула сямейныя традыцыі 1930-х гадоў. З прычыны «сезоннасці» тавараў, якія яна выпускала, бум продажаў штогод адбываўся ў лістападзе і снежні, пад Каляды. На фабрыку ладзілі экскурсіі.
Паспяховая кампанія з трыма філіяламі па вытворчасці шкляных шароў у свае лепшыя часы адпраўляла на экспарт каля 95% прадукцыі. Цацкі карысталіся вялікім попытам у ЗША, Аўстраліі, краінах Скандынавіі, Вялікай Брытаніі. Злучаныя Штаты былі пры гэтым асноўным пакупніком, набываючы штогод амаль два мільёны шкляных упрыгожанняў для ялінак і некалькі сотняў тысяч вялікіх калекцыйных цацак.
У 2008 годзе падчас банкаўскага крызісу, які асабліва закрануў Злучаныя Штаты, фабрыка перажыла крызіс, аднак выстаяла, хоць вымушана скараціла штат. Пандэмія каронавірусу прывяла бізнес да поўнага згортвання.