У Польшчы памерла мігрантка, якая правяла апошнія дні ў шпіталі

Пра гэта піша «Свабода». Абставіны смерці жанчыны даследуе польская пракуратура. Раней у мігранткі памерла дзіця.

«

cq5dam.thumbnail.cropped.1500.844.jpeg

6 снежня пракуратура Гайнаўкі афіцыйна пачне следства ў справе смерці жанчыны з Курдыстана ў шпіталі, куды яна трапіла з памежнай паласы, інфармуе «Радыё Беласток». Пра пачатак следства расказаў кіраўнік пракуратуры Ян Андрэйчук.
Пракуратура атрымала інфармацыю пра смерць курдкі 3 снежня пасля 21-й гадзіны. Першай з чыноўнікаў факт смерці пацвердзіла прэс-сакратарка Падляскага аддзела Памежнай варты Катажына Здановіч.
Жанчыну з ірацкага Курдыстана адвезлі з Гайнаўкі ў медычны шпіталь Беластока, каб правесці неабходныя даследаванні цела і высветліць дакладныя прычыны смерці. Пакуль абставінамі займаецца паліцыя, якая і перадасць пракуратуры ўсе дакументы і пратаколы апытання сведак. Таксама туды паступяць медычныя матэрыялы.
Пакуль вядома, што жанчына разам са сваімі землякамі правяла пэўны час у памежнай паласе з боку Беларусі. Яна была цяжарнай, яе дзіця памерла. Жанчыну ў цяжкім стане даставілі ў шпіталь, а ненароджанае дзіця пахавалі ў Баброўніках на мусульманскіх могілках. У сям’і засталіся муж і пяцёра іншых дзяцей, якім зараз аказваюць псіхалагічную дапамогу.
За ўвесь час мігранцкага крызісу яго ахвярамі сталі ўжо як мінімум 17 чалавек.

Колькі жыццяў забраў мігранцкі крызіс

4 жніўня мігрант з Ірака памёр на беларуска-літоўскай мяжы непадалёк ад пункту пропуску «Беняконі». Мужчыну ў перадсмяротным стане нібыта знайшоў былы вайсковец, які жыве ў Воранаве. СК Беларусі адразу завёў крымінальную справу, у Беларусь выклікалі родных памерлага, мёртвае цела паказалі на беларускіх дзяржаўных тэлеканалах. Літоўскі бок абвінаваціў беларускія ўлады ў правакацыі.
19 верасня ў Польшчы на мяжы знайшлі трох загінулых мігрантаў. З беларускага боку знайшлі цела жанчыны. Аднаго з мігрантаў, 37-гадовага Мустафу Махамэда, пахавалі на мусульманскіх могілках у вёсцы падляскіх татараў Багонікі 21 лістапада.
7 кастрычніка дзяржаўныя СМІ Беларусі напісалі, што ля беларуска-літоўскай мяжы яшчэ 5 кастрычніка знойдзена цела ўцекача з Шры-Ланкі. Побач з загінулым знаходзіліся ягоныя дакументы, пластыкавыя карткі і мабільны тэлефон. Прычыны смерці мігранта не ўдакладняліся.
14 кастрычніка ў памежнай зоне з польскага боку знайшлі яшчэ аднаго мёртвага мігранта з Сірыі. Прэс-сакратар паліцыі Томаш Крупа сказаў Gazeta Wyborcza, што загінулы — 24-гадовы ўцякач, да гэтага ён, імаверна, знаходзіўся на тэрыторыі Беларусі. Пры сабе ён меў беларускую візу, выдадзеную ў сярэдзіне верасня.
19 кастрычніка сірыец патануў у рацэ Буг пры спробе пераплысці на польскі бок мяжы. Яму было 19 гадоў. Пахаваны ў Багоніках 15 лістапада.
22 кастрычніка непадалёк ад Кузніцы знайшлі цела мігранта. Паліцыя не змагла даведацца ягонага імя. 18 лістапада яго пахавалі ў Багоніках.
29 кастрычніка на мяжы памёр хворы на дыябет 25-гадовы мігрант з Ірацкага Курдыстану.
12 лістапада ў лесе каля польскай вёскі Вулька Церахоўская непадалёк ад мяжы з Беларуссю знайшлі цела 20-гадовага сірыйца. З беларускага боку мяжы знаходзіцца Камянецкі раён Берасцейскай вобласці.
22 лістапада стала вядома, што ва ўлонні мігранткі на 24-м тыдні цяжарнасці памерла ненароджанае дзіця. Маці двума тыднямі раней даставілі з-пад беларускай мяжы ў шпіталь. Паводле мусульманскага звычаю, мёртванароджанае дзіця пахавалі ў асобнай магіле ў Багоніках. Сама жанчына была ў цяжкім стане і 3 снежня ўвечары памерла.
27 лістапада на ўчастку памежнай заставы «Відзы» Полацкага памежнага атраду знайшлі труп мігранта ўзростам каля 30 гадоў.
28 лістапада знайшлі яшчэ адзін труп мужчыны неславянскай знешнасці на мяжы з Літвой.
Таксама зяўляліся паведамленні пра гібель мігрантаў з «беларускага маршруту» не на мяжы. Адзін памёр у Мінску, дваіх знайшлі нежывымі ў Нямеччыне.
Такім чынам, вядома пра смерць
• 13 мігрантаў на мяжы,• 1 ненароджанага дзіцяці,• 3 мігрантаў у іншых пунктах «беларускага маршруту».