UNISEF: Прынамсі 1,5 мільёна дзяцей з Украіны сталі ўцекачамі
Прынамсі 1,5 мільёна ўкраінскіх дзяцей сталі ўцекачамі ў выніку беспрычыннага ўварвання Расіі ва Украіну, паведаміў CNN 20 сакавіка прэс-сакратар Агенцтва ААН па справах дзяцей (UNISEF) Джо Інгліш.
Яшчэ 3,3 мільёна непаўналетніх сталі ўнутрана перамешчанымі асобамі, паведаміў прадстаўнік UNISEF.
«Кожны з іх — асобнае дзіця, чый свет перавярнуўся з ног на галаву», — сказаў Інгліш.
Паводле звестак UNISEF, пасля ўварвання Расіі ва Украіну ў канцы лютага загінулі прынамсі 150 непаўнагадовых і 160 атрымалі раненні. Лічбы крыху вышэйшыя за тыя, якія апублікавала Генеральная пракуратура Украіны, якая задакументавала гібель 115 дзяцей і раненні больш за 140.
Пракуратура ўдакладняе, што «гэтыя звесткі не канчатковыя, бо няма магчымасці правесці агляд месцаў абстрэлаў у раёнах актыўных баявых дзеянняў і на часова акупаваных тэрыторыях».