Украіна: пачатак контррэвалюцыі?

Наш журналіст Зміцер Галко зараз асеў у «сектары «М» — у Марыупалі. Ён адзначае: выглядае на тое, што ўлады Украіны пайшлі на замарожванне канфлікту.



askiepki_troch_maryupaljskich_lieninych_logo.jpg

Аскепкі трох марыупальскіх Леніных

Выпадковы «сектар «М»

— Калі я паехаў у лютым ва Украіну, думаў, што еду самае большае на два тыдні. Марыупаля наогул не было ў спісе. Але, як той казаў, хочаш рассмяшыць Бога — раскажы яму пра свае планы. Я паехаў разам з сынам, які патрабаваў пэўнай дапамогі, і адзін добры чалавек, знаёмы святар, які падахвоціўся дапамагчы, наўзамен папрасіў з’ездзіць у Марыупаль. Тут мяне меліся сустрэць і ўладкаваць, але нешта пайшло не так, не сустрэлі і не ўладкавалі, прытулак спачатку давялося шукаць самому. Гэтая дробязь, а яшчэ і подых вайны ў патыліцу… Ведаеце, такая атмасфера, калі здаецца, што заўтра ўжо ўсё можа скончыцца, магчыма ўсё што заўгодна, спрычыніліся да зігзагу ў маім асабістым жыцці. Праз які я і затрымаўся тут.

— Мабыць, вайна спрычыняецца і не да такіх пераменаў у лёсе?

— Натуральна. Я тут пазнаёміўся з сям’ёй бежанцаў — маці адзінаццаці дзяцей, восем сыноў і трое дачок у яе, унукі. Яны з Краснагораўкі, гэта Мар’інскі раён, непадалёк ад Данецка, і да вайны далей за Данецк ніколі не бывалі. Цяпер іх раскідала па ўсім свеце. Аднаго з сыноў цётка паклікала ў Казахстан, напрыклад. У яго бацька быў казах, які яго кінуў малым, потым забіў сваю сужыцельку, урэшце і сам памёр, дык той хлопец застаўся адзіным спадчыннікам у сям’і мужчынскага полу. Але да вайны пра яго не згадвалі. Цяпер жа, гаворыць, яму там дом далі і машыну, тое, чаго ў яго ніколі раней не было.

Іншы сын нелегальным чынам трапіў у Брытанію, працуе цяпер недзе ў Лондане на кававай фабрыцы. А кантору, якая яму ў крэдыт (што само па сабе вельмі дзіўна) рабіла дакументы, накрылі адпаведныя органы. Дык ён ужо зараз не мусіць адпрацоўваць тыя дакументы, можа сям’і дапамагаць, чым і займаецца.

Двое малых, унукі той жанчыны, галавы вялікага сямейства, засталіся адныя, бо іхны бацька ваюе за ДНР, а маці «блытаецца недзе з украінскімі вайскоўцамі». Пра гэтую сям’ю можна было б сагу напісаць. І не толькі пра яе адну.

Бежанцы — за шчасце

— Наколькі востра стаіць праблема перасяленцаў у Марыупалі?

— Я размаўляў з прадстаўніцай гарадской адміністрацыі, яны не столькі бачаць праблему ў наплыве бежанцаў, колькі радыя, што пасля ўцёкаў многіх марыупальцаў насельніцтва гораду аднавілася за кошт перасяленцаў з акупаваных тэрыторый. Значыць, вялікіх праблем гораду яны не прынеслі.

«Праблемныя» перасяленцы ёсць, я быў у адным інтэрнаце, дзе ўзнік сур’ёзны канфлікт паміж сацыяльнай службай і перасяленцамі. Інтэрнат функцыянуе ўжо год, хаця праграма была разлічаная ўсяго на некалькі месяцаў. Агулам праз яго прайшло каля паўтысячы перасяленцаў, большасць уладкавалася. Але дзясяткі тры чалавек ані працы не знайшлі, ані жыллё не знялі сабе, і не хочуць выязджаць, бо, кажуць, няма куды і няма як. Сацыяльная ж служба лічыць, што ім проста зручна так жыць, калі плаціць ні за што не трэба, а матывацыі паляпшаць жыццёвыя ўмовы няма: яны, маўляў, звыклі жыць у паганых умовах.

Там ёсць старыя людзі, інваліды, людзі з псіхічнымі адхіленнямі. Колькі маладзёнаў — выпускнікоў дзіцячых дамоў, хлопцы і дзяўчыны. Хлопцы паехалі падзарабіць у Крым, думалі туды дзяўчат сваіх перавезці. Ім нібыта абяцалі 20 тысяч рублёў у месяц, а на месцы заробак аказаўся ў пяць разоў меншы. З такім заробкам у Крыме не пражывеш, дзяўчат забраць не могуць. Вось тыя і сядзяць у інтэрнаце, чакаючы немаведама чаго.

1 верасня меўся быць апошнім днём існавання інтэрнату, я туды прыязджаў паглядзець, ці не будуць людзей выкідаць на вуліцу. Аднак не, нават электрычнасць і ваду не адключылі.

Агулам цягам вайны ў горадзе было зарэгістравана каля 70 тысяч перасяленцаў. Калі з іх усяго колькі дзясяткаў аказаліся ў такім гаротным стане, паказчык не надта і вялікі.

Зрэшты, сацыяльны клопат пра сваіх грамадзян ніколі не быў моцным бокам украінскай дзяржавы, што загартавала ўкраінцаў за гады незалежнасці, змусіла іх разлічваць на свае сілы. Наогул, украінцаў ад нас, беларусаў, адрознівае большая ўчэпістасць і жылаватасць. Ну, не тое каб дзяржава зусім не дапамагала, але той дапамогі зайцу на закуску, як той казаў. Таму збольшага перасяленцы самі вырашаюць уласныя праблемы, як і астатнія ўкраінцы.

zm_cer_galko_z_sinam_andreem_logo.jpg

Зміцер Галко са старэйшым сынам Андрэем на ўскрайку Марыупаля

Нябачны фронт

— Марыупаль фактычна знаходзіцца на лініі фронту…

— Першы раз мы пайшлі з старэйшым сынам на мора ў канцы мая, на Зялёны востраў, і акурат наступным днём там загінуў рыбак, наступіўшы на выбуховую прыладу. Недзе праз тыдзень на нашых вачах падарваўся катэр берагавой аховы.

А ўжо ў ліпені адна замежная журналістка, якая прыехала ў горад асвятляць вайну, сказала: «Марыупаль настолькі мірны, што я шакаваная». Месяц сапраўды выдаўся ціхім. Я ж у канцы чэрвеня прывёз сюды і малодшага сына. І нават ягоная маці, якая, зразумела, заўжды, з любой прычыны за яго з вельмі хвалюецца, тады супакоілася. Здавалася нават, што ў вайне магчымы хуткі канец.

Жнівень пахаваў гэтыя надзеі. Зноў пачаліся масіраваныя абстрэлы ваколіц Марыупаля. Яны істотна наблізіліся да горада. Звычайна я сплю як пшаніцу прадаўшы, нават у ваенных умовах, а тут грукатала так моцна, што я мог а чацвёртай раніцы падскочыць. Зарніцы было відаць, шыбы дрыжэлі, — поўнае ўражанне, што снарады падаюць ужо ў суседнім гародзе. Пілі заспакаяльнае, склеп трымалі адкрытым…

— Абстрэлы — гэта падрыхтоўка да маштабнага наступлення?

— Я не ваенны эксперт, але тыя, з кім я размаўляў і хто можа выступаць у такой якасці, — ад Яраслава Чапурнога, прэс-афіцэра «сектару «М», да Сяргея Чырына, кіраўніка «Правага сектара» ў Данецкай вобласці, — сцвярджаюць адваротнае. Узмацненне абстрэлаў яны лічаць спробамі шантажу, якія маюць на мэце атрыманне перавагі ў палітычных перамовах. У цэлым жа ўсё ідзе да замарожвання канфлікту, стварэння на часова акупаваных тэрыторыях непрызнанага анклаву накшталт Прыднястроўя.

Прычым Яраслаў Чапурны адкрытым тэкстам назваў гэта «аптымальным варыянтам». Бо ў выпадку спробы вызваліць акупаваныя тэрыторыі, Украіне давядзецца ўступіць у адкрытае супрацьстаянне з расійскай арміяй і ахвяраваць тысячамі, калі не дзясяткамі тысяч жыццяў.

Чапурны — кадравы ваенны, асоба афіцыйная, наўрад ці ён стаў бы агучваць пазіцыю, якая ідзе насуперак пазіцыі кіраўніцтва дзяржавы. У гэтую логіку добра ўпісваецца і тое, што адбываецца цяпер, з добраахвотніцкімі батальёнамі.

Паўзучая контррэвалюцыя?

— А што адбываецца з добраахвотнікамі?

— Выглядае на тое, што іх ламаюць праз калена. Яны адведзены на другую і трэцюю лінію абароны, вельмі далёка ад фронту. Фармальна, гэта было зроблена ў адпаведнасці з законам, згодна з якім часткі Нацыянальнай гвардыі не павінны знаходзіцца на перадавой. Як было сказана, для «ўзмацнення абароны і павышэння кіравальнасці войскаў». У адрозненне ад апошняга, першае выклікае вялікія сумневы. Я гутарыў з рознымі мабілізаванымі салдатамі, якія стаяць цяпер вакол Марыупаля, і магу са шкадаваннем засведчыць вельмі нізкі ўзровень іхняй матывацыі. Нечакана для сябе я сутыкнуўся з нежаданнем удзельнічаць у «разборках палітыкаў і алігархаў», «незразумелай і нікому не патрэбнай вайне», «вайне, справакаванай Майданам» і нават «братазабойчай вайне». Хіба не існуе небяспекі, што ў выпадку наступлення салдаты, якія разважаюць падобным чынам, могуць проста пакінуць свае пазіцыі?

У неафіцыйнай размове камандзір аднаго з падраздзяленняў палка «Азоў» паведаміў, што існуе забарона для рэгулярных частак на зносіны з добраахвотніцкімі батальёнамі. Па яго словах, напрыклад, марпехі, якія стаяць у Шырокіна, адмовіліся прыняць сабраную «Азовам» разведвальную інфармацыю! Час ад часу, кажа ён, мэтанакіравана правакуюцца канфлікты паміж байцамі добраахвотніцкіх батальёнаў, справа ледзь не да перастрэлак даходзіць… Калі я наведваў батальён «Данбас», яны таксама казалі пра сваіх суседзяў — частку рэгулярных войскаў, што тыя з імі ніяк не кантактуюць.

Праз усё гэта нямала байцоў-добраахвотнікаў або пераводзяцца ў рэгулярнае войска, або проста сыходзяць у расчараванні.

— Чаму гэтак? Бо мы ж звыклі, што добраахвотнікі і Нацгвардыя — самыя баяздольныя часткі?

— Словы пра «павышэнне кіравальнасці войскаў», на мой погляд, — цалкам шчырая фармулёўка. Улічваючы ж тое, што добраахвотніцкія батальёны не былі заўважаныя ў слабасці, баязлівасці і дэзерцірстве, можна зрабіць выснову, што прыбіраюць тых, хто можа перашкодзіць якраз замарожванню канфлікту. У якім добраахвотнікі схільныя бачыць паразу і здачу тэрыторый — рэчы для іх непрымальныя.

Адначасова добраахвотнікаў баяцца як узброенай палітычнай сілы. Амаль за кожнай рэвалюцыяй ідзе перыяд контррэвалюцыі, падчас якога былыя рэвалюцыянеры калі не знішчаюцца, дык выцясняюцца і нейтралізуюцца. А большасць добраахвотнікаў або непасрэдна бралі ўдзел у падзеях на Майдане, або проста па натуры сваёй рэвалюцыянеры. Таму ціск на іх і палітычны пераслед звязаны з трагічнымі падзеямі каля Вярхоўнай Рады, выглядаюць звёнамі аднаго ланцуга.

— Іншымі словамі, сцэнар развіцця падзеяў ва Украіне негатыўны?

— Контррэвалюцыя можа быць як рэваншам старой сістэмы, адкатам у мінулае, гэтак і неабходнай стабілізацыяй, пасля якой магчымы рух наперад. Ва Украіне ёсць прыкметы абодвух сцэнараў. Але хто прадкажа, які з іх возьме верх?