Украіна. Кубань — зона геапалітычных інтарэсаў

Украіна хоча дабівацца далучэння Кубані, — так вырашылі ўдзельнікі сходу ў Кіеве, які адбыўся 31 жніўня. Падстава для прэтэнзій стаў той факт, што першымі каланістамі Кубані былі казакі з Запарожскай Сечы.



09012104_2.jpg

Дарэчы, указ Кацярыны ІІ аб перасяленні казакоў на Паўночны Каўказ быў падпісаны менавіта 31 жніўня, 221 год таму. На думку ўдзельнікаў мітынгу, гэта дата павінна адзначацца ва Украіне як дзяржаўнае свята — Дзень пачатку ўкраінізацыі Кубані. Другім крокам, на думку выступоўцаў, павінна стаць спецыяльная ўрадавая праграма падтрымкі ўкраінскіх культурных і грамадскіх праектаў на Кубані.

Увогуле, некаторыя ва Украіне лічаць, што далучэнне Кубані дазволіць цалкам вызваліцца ад залежнасці з Усходу, паколькі можна будзе наладзіць прамыя эканамічныя кантакты з багатымі на нафту і газ краінамі Каўказу і Усходу.

Нягледзячы на прысутнасць на акцыі прадстаўнікоў вядучых украінскіх нацыянал-дэмакратычных партый, агучаныя заявы падаюцца ўтапічнымі. Галоўная праблема — у тым, што кубанскія казакі, хаця і размаўляюць на дыялекце ўкраінскай мовы, у масе сваёй лічаць сябе рускімі патрыётамі. Няма вялікага інтарэсу да кубанскага пытання і сярод украінцаў. На мітынг прыйшло ўсяго 50 чалавек.

Паводле ўкраінскай прэсы