У Вярхоўнай Радзе Украіны яскрава выступілі ў падтрымку беларусаў
Дэпутаты Вярхоўнай Рады Украіны сёння ў пачатку пленарнага пасяджэння выступілі ў падтрымку беларускага народа. Дэпутаты партый «Слуга народа», «Еўрапейская салідарнасць» і «Бацькаўшчына» прынеслі бел-чырвона-белыя сцягі і выказалі словы салідарнасці з беларусамі, якія пратэстуюць супраць дзейных уладаў.
Трансляцыя вялася на тэлеканале «Рада».
«Роўна 29 гадоў таму над будынкам Вярхоўнай Рады Украіны быў узняты жоўта-блакітны сцяг. Мы верым, што ў бліжэйшы час над парламентам Беларусі ўздымецца бел-чырвона-белы сцяг. Сябры, Украіна — з вамі. Сёння вы змагаецеся ўжо не проста за дэмакратыю і свабоду Беларусі, а і за само існаванне вашай краіны. Дыктатар Лукашэнка злівае Беларусь Пуціну. Гэтага нельга дапусціць. Але кожнага Алехандра сустрэне лэдзі Гаага. Так будзе і ў гэты раз», — сказаў дэпутат ад «ЕС» Аляксей Ганчарэнка.
Ліза Ясько з партыі «Слуга народа» параўнала загінулага ў жніўні на пратэстах Аляксандра Тарайкоўскага, «які бараніў беларускую свабоду», з беларусам Міхаілам Жызнеўскім, які загінуў на Майдане, «абараняючы ўкраінскую свабоду».
«Свабода і чалавечая годнасць, правы чалавека не маюць дзяржаўных межаў, геапалітычных пераваг і партыйнай прыналежнасці. Таму незалежна ад нашай партыйнай прыналежнасці мы павінны стаяць побач з беларускім народаў, абараняючы свабоду», - сказала Ясько.
Яшчэ адзін дэпутат выказаўся на беларускай мове.
«У гэты гадзіну барацьбы за свабоду мы з вамі, браты і сёстры, беларусы! Без вольнай Беларусі не будзе вольнай Украіны», — сказаў ён.
«Не можа быць сітуацыі, калі ў цэнтры Еўропы застаецца рэжым, які гаворыць са сваімі грамадзянамі мовай гвалту», — падкрэсліў дэпутат Собалеў.
Палітыкі скончылі свае выступы скандаваннем «Жыве Беларусь!».
Дарэчы, сваю пазіцыю ў Радзе прадэманстравалі і апаненты. Дэпутат Партыі «Апазіцыйная платформа — за жыццё» Ілля Ківа вывесіў на балконе залы чырвона-зялёны сцяг. Дэпутаты з бел-чырвона-белымі сцягамі адрэагавалі на гэта крыкамі «Ганьба».
Але вывесіў досыць дзіўна — дагары нагамі.
Некалькі дзён таму Ківаў ўжо з’яўляўся ў Радзе з чырвона-зялёным сцягам, каб падтрымаць дзеючыя ўлады Беларусі. Разам з ім тады быў кіраўнік яго партыі, «кум Пуціна» Віктар Медведчук, вядомы сувязямі з Лукашэнкам.
Паводле REFORM.by