У ведамствах РФ з'явяцца «палітрукі» — намеснікі па інфармацыйна-палітычнай працы
Адміністрацыя прэзідэнта Расіі рэкамендавала ўкараніць у федэральных міністэрствах, ведамствах і дзяржкампаніях пасады намеснікаў кіраўнікоў па інфармацыйна-палітычнай працы. Пра гэта распавялі крыніцы «Коммерсанта».
Па словах суразмоўцаў газеты, ідэя адзінай сістэмы
намеснікаў кіраўнікоў ведамстваў па інфармацыйна-палітычнай працы з'явілася
пасля выбараў у Дзярждуму ў 2021 годзе. Тады прадстаўнікі АП казалі, што ў
некаторых ведамствах выявіліся «праблемы з лаяльнасцю да дзейнага курсу
ўлады», і што дзяржава павінна вярнуцца да савецкай практыкі
фарміравання «адзінага сэнсавага і інфармацыйнага поля ў ведамствах». Пра
ідэю ўспомнілі ва ўмовах вайны ва Украіне, адзначае выданне.
Пра тое, што ў хуткім часе ў міністраў з'явяцца намеснікі па
інфармацыйна-палітычнай працы, супрацоўнікі АП заявілі на семінары для
віцэ-губернатараў па ўнутранай палітыцы ў пачатку красавіка. Аб хуткай рэалізацыі ідэі чула крыніца газеты ў АП.
Гаворачы аб працы такіх намеснікаў, крыніцы выдання
выкарыстоўвалі словы «палітрукі» і «кадравікі». Па словах аднаго з
суразмоўцаў, праца гэтых супрацоўнікаў не будзе зводзіцца толькі да правядзення
палітінфармацый. Яны таксама павінны выбудаваць для іншых работнікаў ведамстваў
сістэму ўнутраных камунікацый, як у шэрагу буйных кампаній.
«Праз такую сістэму супрацоўнікам усіх узроўняў будуць
тлумачыць як мэты і задачы ў іх сферы, так і агульнадзяржаўную палітыку, а ў
патрэбны момант праз яе ж будуць даводзіцца і патрэбныя для Крамля «сігналы»,
— піша «Коммерсант».
Уводзіць спецыяльныя стаўкі для такіх супрацоўнікаў не плануецца. Абавязкі па інфармацыйна-палітычнай працы маюць намер замацаваць за кім-небудзь з дзеючых намеснікаў. Як тлумачаць крыніцы газеты, у некаторых ведамствах і кампаніях падобная праца ўжо вялася, але аўтаномна. Цяпер Крамлю важна выбудаваць яе ў адзіную сістэму, каардынуемую з АП, кажуць яны.
Нагадаем, што ў Беларусі падобная праца з дзяржаўнымі службоўцамі ўжо даўно пастаўлена, і за яе адказваюць ідэолагі. Пасля выбараў 2020 года барацьба за лаяльнасць яшчэ болей узмацнілася — у многіх сектарах праведзеныя чысткі нядобранадзейных, а пры прыёме на працу кандыдатам трэба прайсці адмысловыя фільтры, каб пераканаць наймальніка ў сваёй лаяльнасці.