У Швецыі папулісты дамагліся на выбарах лепшага выніку ў сваёй гісторыі

Папулісцкая партыя "Шведскія дэмакраты" набрала 17,7% на выбарах у парламент. Cацыял-дэмакраты перамаглі, але страцілі значную колькасць мандатаў.

45422370_303.jpg


На выбарах у парламент у нядзелю, 9 верасня, перамогу атрымала Сацыял-дэмакратычная рабочая партыя Швецыі, паведамляе dw.com. Аднак, сацыял-дэмакраты страцілі істотную колькасць мандатаў. Другое месца заняла правая "Умераная партыя", на трэцім — правапапулісцкая партыя "Шведскія дэмакраты".


Сацыял-дэмакраты атрымалі 28,4% галасоў, што з'яўляецца горшым вынікам для партыі за апошнія сто гадоў. "Умераная партыя" сабрала галасы 19,8% выбаршчыкаў. У сваю чаргу, папулісты набралі 17,7%, што, наадварот, стала лепшым вынікам у гісторыі "Шведскіх дэмакратаў".
Эксперты мяркуюць, што фарміраванне шведскага ўрада на гэты раз павінна стаць асабліва складаным у сувязі з тым, што ні адзін з традыцыйных блокаў не будзе мець у парламенце абсалютнай большасці, а ўступаць у кааліцыю з правымі папулістамі ніхто не хоча.
"Шведскія дэмакраты" пачалі набіраць папулярнасць у 2014 годзе. Партыя вядомая сваёй антыеўрапейскай пазіцыяй, яна выступае за ўзмацненне жорсткасці міграцыйнай палітыкі.